Вы тут

Чым каханне адрозніваецца ад любові


Сёлета ў БДУ прайшла ўжо чацвёртая Міжнародная летняя школа беларусістыкі. Замежнікі з дзевяці краін на два тыдні прыехалі ў Мінск, каб вучыць нашу мову. Які багаж ведаў і ўражанняў павезлі яны да сябе на радзіму, даведалася «Чырвонка. Чырвоная змена».


У вы­ву­чэн­ні мо­вы га­лоў­нае — прак­ты­ка.

Яна КАЛІЯШАВА жыве ў Чэхіі. Студэнтка філасофскага факультэта Пражскага ўніверсітэта даследуе рускую філалогію і тэорыю літаратуры.

Дзяўчына валодае французскай, англійскай, рускай і крыху польскай мовамі. Нашу лексіку ёй нескладана зразумець, бо яна падобная да апошняй і роднай. А вось мяккія гукі [з'] і [дз'] ёй даюцца цяжка. Справіцца з фразай «Смела з'еў дзвесце змей» — сапраўдная перамога.

— Кожны раз у школе адкрываю для сябе штосьці новае ў галіне мовы — фразеалагізмы, прымаўкі. Нават скорагаворкі спрабавала вымаўляць, — дзеліцца дзяўчына.

У Беларусі яна ўжо трэці раз і паспела паглядзець Навагрудак, Іўе. Жартуе, што ў Мінску абышла амаль усе бібліятэкі і музеі. Яне вельмі падабаецца сталінская манументальная архітэктура сталіцы і шырокія вуліцы.

Да сябе на радзіму дзяўчына павезла не толькі ўражанні, але і нашы прадукты. Прызнаецца, што вельмі любіць квас. У Чэхіі яго амаль немагчыма купіць, а калі і знойдзеш, то маленькая бутэлька будзе каштаваць два еўра. Набыла таксама кераміку — сваім знаёмым у падарунак узяла гліняныя свістулькі ў выглядзе птушак.

Давід КУРКОЎСКІ прыляцеў з ЗША. Ён выпускнік Ельскага ўніверсітэта, займаўся там славістыкай і інфарматыкай.

— У мяне практычныя бацькі і бабулі: яны вельмі хацелі, каб я быў праграмістам у Штатах. Але гэтага не здарылася, — жартуе хлопец.

Славістыкай ён захапіўся, бо праз яе можна паглыбіцца ў гісторыю і літаратуру. Пачаў удасканальваць рускую мову, а потым зацікавіўся ўкраінскай і беларускай. Калі вучыўся ў бакалаўрыяце, нават пісаў навуковы тэкст пра адрозненні дзвюх апошніх. Зараз чытае пераклады па-беларуску. З восені хлопец адпраўляецца на стажыроўку ў Варшаўскі ўніверсітэт, дзе ў тым ліку будзе працягваць вывучаць і нашу мову.

Заўважае, што не ўсе літаратурныя нормы яму зразумелыя: «Напрыклад, нас вучылі, што правільна вымаўляць «прабацьце» замест «прабачце», але ў вас так ніхто не кажа».

Калі прапаную Давіду перайсці на рускую мову, каб яму было лягчэй, хлопец адмахваецца: «Не-не». У Мінску ён стараецца размаўляць па-беларуску і за межамі ўніверсітэцкіх аўдыторый. Праўда, гэты вопыт не заўсёды станоўчы.

— Вось я неяк зайшоў у кавярню каля вакзала, папрасіў сурвэтку. На мяне так прадавачка паглядзела. «Што?» — некалькі разоў перапытала, быццам я абразіў яе. Пакуль на рускай мове не сказаў, не зразумела.

У Мінску хлопец бывае часта. Кажа, яму падабаецца, што наша моладзь вельмі актыўная — цікавіцца рознымі трэнінгамі і праектамі ў нефармальнай адукацыі.

Калі пытаюся ў кітаянкі Чжаа ДАНЬ, як ёй вывучэнне беларускай мовы, дзяўчына не хавае: складана...

— Часта блытаю словы з рускімі, — тлумачыць магістрантка Другога пекінскага ўніверсітэта замежных моў. — Вось у вас рамантычныя адносіны паміж мужчынам і жанчынай называюцца «каханне». А ў рускай мове слова «любоў» для ўсіх выпадкаў падыходзіць.

Дзяўчына дзеліцца, што для яе візіт у Беларусь — гэта яшчэ і першая паездка ў Еўропу. Незабыўнае ўражанне!

— На памяць купіла фігурку бусла. Прадавец сказаў, што гэта сімвал удачы, шчасця і дабрабыту.

Зна­ём­ства з бе­ла­рус­кай куль­ту­рай у му­зеі гіс­то­рыі На­цы­я­наль­най ака­дэ­міі на­вук.

Што цікава, у школу беларусістыкі прыязджала не толькі моладзь, чыя спецыяльнасць звязана з філалогіяй. Напрыклад, паляк Міхал ХАЛЕВІЧ працуе... праграмістам.

— Лінгвістыка — маё хобі, — здзіўляе хлопец. — Я люблю ўсходнеславянскія мовы і вырашыў вучыць беларускую. На занятках тут усё разумею, але праблема ў тым, што не ведаю, як самому гаварыць.

Пасля знаёмства з краінай айцішніку запаў у душу Нясвіжскі замак. А яшчэ наша кухня.

— Я еў дранікі, шмат дранікаў. Вельмі смачна! Таксама мачанку каштаваў — мне спадабалася.

Бадай, найбольш складана на занятках прыйшлося італьянцу Эдуарда Нэгра. Беларускую мову за гэтыя два тыдні ён вучыў з нуля. Пытаюся, якія словы цяпер ёсць у яго арсенале.

— «Дзякуй вялікі», «калі ласка», «вельмі прыемна», «слухайце», «паўтарайце», — з усмешкай пералічае Эдуарда і дадае, што для італьянца мова цяжкая: вымаўленне істотна адрозніваецца.

Ён жыве каля Турына і працуе выкладчыкам у сярэдняй школе. Выкладае тэхнічныя дысцыпліны. «Маё поле дзейнасці зусім іншае. Але мовы — гэта так цікава», — тлумачыць настаўнік, чаму ў вольны час ён вырашыў паглыбіцца ў лінгвістыку, а не ў інжынерыю.

Італьянец адзначае, што ў нас усё таннейшае — ежа, транспарт. Напрыклад, у Турыне білет у метро каштуе 1,9 еўра.

— Першае ўражанне ад Мінска — вялікі чысты горад, дзе шмат кветак. І людзі вельмі ветлівыя, — дзеліцца Эдуарда. Ад'язджаючы на радзіму, у свой чамадан ён спакаваў гліняныя і драўляныя сувеніры, а таксама беларускі шакалад і печыва.

Усяго ў летняй школе навучалася 14 чалавек. «Сёлета мы бралі не колькасцю, а якасцю: у многіх, хто прыехаў, не пачатковы ўзровень валодання мовай, — адзначае загадчыца кафедры маладзёжнай палітыкі і сацыякультурных камунікацый Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы Алена ІГНАТОВІЧ. — Напрыклад, была дзяўчына з Германіі, якая цудоўна размаўляе па-беларуску і збіраецца спрабаваць перакладаць нашых сучасных аўтараў на нямецкую мову».

Не ба­чыў га­лоў­ны «брыль­янт» кра­і­ны — лі­чы, не быў у Мін­ску.

У першай палове дня ўдзельнікі школы займаліся адукацыяй: хадзілі на практыку маўлення, лекцыі з цікавымі асобамі, напрыклад паэтам Андрэем Хадановічам. Тым, хто зусім не ведаў беларускай, дапамагалі валанцёры, якія сядзелі побач. А ў адной групе ў пары з педагогам «працавала» лялька Стася, якая, жартуюць, магла разгаварыць любога. «Але справа, вядома, не ў чараўніцтве, а ў прафесіяналізме выкладчыкаў», — дадае Алена Ігнатовіч.

У другой палове дня замежнікаў чакала культурная праграма. Не толькі класічныя экскурсіі (у Нацыянальны мастацкі і гістарычны музеі, Заслаўе, Нясвіж), але і знаёмства з маладзёжнымі месцамі сталіцы: тусовачнай вуліцай Зыбіцкай, хіпстарскай Кастрычніцкай, пляцоўкай з вулічнай ежай «Пясочніца».

Школа беларусістыкі — праект валанцёрскі. Удзельнікам выдзяляюць месца ў студэнцкім інтэрнаце, бясплатна праводзяць культурную і адукацыйную праграмы. Арганізатары дапамагаюць ім бясплатна адкрыць візу, але за праезд і харчаванне яны плацяць самастойна.

У гэтым годзе ўпершыню арганізавалі таксама беларускамоўную школу для дзяцей, якая працавала два тыдні. Заняткі там праходзілі ў гульнявой форме, і далучыцца да іх запрашалі не толькі замежных гасцей, але і маленькіх беларусаў.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Фота прадастаўлена Міжнароднай летняй школай беларусістыкі

Загаловак у газеце: Ключык да невядомай культуры

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.