Новая скульптурная кампазіцыя «Пераемнасць беларускай навукі» з'явілася ў Мінску перад будынкам Прэзідыума НАН Беларусі: вопытны акадэмік запрашае ў Акадэмію навук маладога калегу. Яе адкрыццё адбылося ў рамках урачыстасцяў, прысвечаных пачатку новага навучальнага года ў Інстытуце падрыхтоўкі навуковых кадраў Акадэміі навук.
«Мы спецыяльна прымеркавалі гэту падзею да Дня ведаў, бо хацелі адкрыць мастацкую кампазіцыю менавіта з вашым удзелам, — падкрэсліў, звяртаючыся да новых магістрантаў, старшыня Прэзідыума НАН Беларусі акадэмік Уладзімір ГУСАКОЎ. — Мы лічым, што ў захаванні пераемнасці і заключаецца вялікі сэнс навукі».
Уладзімір Гусакоў заклікаў магістрантаў актыўна ўключацца ў жыццё навуковых арганізацый: «Моладзі сёння адводзіцца асаблівая роля. Работа даследчыкаў-пачаткоўцаў — гэта не толькі ўдзел у правядзенні прыярытэтных навуковых распрацовак, але і ўдасканаленне асобасных кампетэнцый, якія дазволяць маладому навукоўцу актыўна ўдзельнічаць у вырашэнні найбольш актуальных праблем навукі і грамадства».
Аўтары манументальна-дэкаратыўнай кампазіцыі — скульптары Алена Хараберуш, Леанард Пакульніцкі і архітэктар Армен Сардараў. Скульптурная кампазіцыя не толькі выконвае дэкаратыўную функцыю, але і мае значны сэнс. Рэалізаваны ў бронзе праект, прысвечаны 90-годдзю НАН Беларусі, стане важнай мастацкай дамінантай у агульнай кампазіцыі зоны перад будынкам Прэзідыума НАН Беларусі, падкрэсліць асноўную задуму гістарычнага архітэктурнага збудавання і яго стыль.
Надзея НІКАЛАЕВА
Сумесныя праекты ядзерных тэхналогій.
У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.