Вы тут

Ці дасягнулі максімуму цэны на арэнду кватэр?


Асобныя спецыялісты сталічнага рынку арэнды прагназуюць другую і нават трэцюю хвалі студэнцкага ажыятажу

Сёлетняя вясна на другасным рынку прыватнай арэнды не была спрыяльным сезонам для кватэраздатчыкаў. Мінулая зіма ўвогуле была складаным перыядам для ўласнікаў свабоднага жылля, бо колькасць кліентаў у гэты час не павялічылася, заробкі ў патэнцыйных кватарантаў не падраслі, а вось тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі за гэты час пайшлі ўгору. Але потым настаў час «ікс» і ўсё памянялася. Кліенты пачалі актыўна цікавіцца кватэрамі ўжо ў канцы ліпеня. А ў сярэдзіне жніўня будучыя кватаранты і іх бацькі ішлі ў агенцтвы нерухомасці цэлымі натоўпамі. Пра сённяшнюю сітуацыю на сталічным рынку арэнды і прагнозы на найбліжэйшую перспектыву карэспандэнту «Звязды» расказала начальнік аддзела арэнды агенцтва нерухомасці «Твая сталіца» Маргарыта Пачыцкая.


Шукаць можна і самім

Перад тым як стаць паўнавартасным кватарантам, трэба спачатку вызначыцца, як будзеце праводзіць пошук арэнднага жылля (самастойна альбо пры дапамозе спецыялістаў). Але нават у выпадку індывідуальнага пошуку вам не перашкодзяць некалькі парад ад нашага эксперта. Вось яны.

Пры аглядзе кватэры трэба звярнуць увагу на стан мэблі і спраўнасць бытавой тэхнікі. Нядрэнна праверыць, як зачыняюцца, адчыняюцца дзверы, ці без праблем працуе газавая пліта, ці няма складанасцяў з электрычнасцю і з падачай вады (ці не працякаюць краны). Калі ўсё ў парадку з бытавой тэхнікай і гаспадар заяўляе, што мэбля яго дарагая, варта скласці падрабязны вопіс маёмасці. Гэта робіцца, каб не было прэтэнзій у далейшым з абодвух бакоў (калі вы купілі сабе дадатковае крэсла, як потым даказаць, што яно менавіта ваша?).

Але галоўнае, на што трэба глядзець найбольш пільна, — дакументы на кватэру. Вы павінны дакладна пераканацца, што чалавек, які стаіць перад вамі, непасрэдна з'яўляецца ўласнікам жылля. І яшчэ адзін немалаважны факт — колькі чалавек прапісана ў кватэры. Бо калі ў кватэры зарэгістравана шмат людзей, або, яшчэ горш, — нікога, то кватаранту давядзецца плаціць немалыя грошы за камунальныя паслугі. Асабліва яны ўзрастуць у ацяпляльны сезон.

Арэнда — плюс 10—15 %

Якая сітуацыя на рынку зараз. Ажыятаж? Ён, па сутнасці, ужо завяршаецца. Большасць студэнтаў ужо знайшлі сабе жыллё, але ўсё ж такі засталіся яшчэ старшакурснікі, якія менавіта цяпер шукаюць сабе кватэры. Некаторыя толькі даведаліся, што пакой у інтэрнаце ім ужо не даюць. Адпаведна, колькасць студэнтаў на прыватным рынку арэнды Мінска павялічылася.

Павышаны попыт справакаваў павелічэнне цаны арэнды. Калі вясной можна было лёгка знайсці жыллё за 320—360 рублёў, то зараз менш чым за 400 рублёў адшукаць кватэру практычна немагчыма. Ды і за такую суму знайсці зараз штосьці вельмі праблематычна — засталіся адзінкі бюджэтных варыянтаў. Сярэдні кошт арэнды аднапакаёвых кватэр зараз дасягае 500 рублёў у месяц. Праўда, за такі немаленькі тарыф вам прапануюць кватэру, цалкам укамплектаваную бытавой тэхнікай (тэлевізар, халадзільнік і пральная машына) і досыць свежай мэбляй.

Слабенькія двухпакаёвыя кватэры каля кальцавой дарогі з мінімальнай камплектацыяй мэблі і тэхнікі здаваліся раней за 400 рублёў. Цяпер бюджэтныя двухпакаёўкі каштуюць мінімум 500 рублёў, а сярэдняя цана такіх кватэр дасягае 560 рублёў. Менавіта танныя аднапакаёвыя і двухпакаёвыя кватэры былі «вымытыя» з рынку арэнды ў сталіцы за апошні месяц у першую чаргу.

Дзесьці на 80 рублёў падаражэлі і бюджэтныя трохпакаёвыя кватэры. У чэрвені яны каштавалі 460, а зараз — 540—560 рублёў у месяц. Сярэдняя цана арэнды трохпакаёвай кватэры складае 600—640 рублёў.

І ўсё ж найбольш за ўсё (у разы) падаражэлі асобныя пакоі ў шматпакаёвых кватэрах. Калі вясной такое жыллё здавалася па 100—140 рублёў, то цяпер за яго просяць ад 200 да 240 рублёў.

Бацькам давяраюць больш

У гэтым годзе пры засяленні ў кватэры першакурснікаў існавала нават свая спецыяльная «фішка». Гэта калі пошукам жылля цалкам займаюцца бацькі.

Дарослыя тэлефануюць у агенцтва, дамаўляюцца аб сустрэчы і нават падпісваюць дагавор. Яны, па сутнасці, выступаюць гарантам таго, што з кватэрай усё добра, ды і своечасова будзе ўнесена аплата. Дарослыя людзі з двух бакоў абменьваюцца тэлефонамі і разумеюць, што ў любым выпадку ўсе іх праблемы вырашаюцца менавіта імі. У дадзенай сітуацыі гаспадары кватэр больш ахвотна згаджаюцца і на зніжкі.

Што датычыцца кватарантаў з жывёламі. Гэта ўсё даволі індывідуальна. Калі здаецца кватэра з дарагім рамонтам, то гаспадары жылля будуць катэгарычна супраць. Але бываюць такія мініяцюрныя сабачкі (навучаныя паводзіць сябе добра), што ім дазволяць жыць усюды.

Кампаньёнства распаўсюджваецца

Адной з тэндэнцый на рынку арэнды стаў упэўнены попыт на ложка-месцы. Сітуацыя для ўладальнікаў свабодных квадратных метраў ускладняецца цяпер яшчэ і тым, што на прыватным рынку назіраецца актыўнае развіццё кампаньёнства зусім незнаёмых людзей і сем'яў. Калі раней кожная маладая сям'я ці пара жыла абавязкова ў асобнай кватэры, то сучасная моладзь усё часцей ставіцца да гэтага некрытычна.

У прасторнай трохпакаёвай кватэры могуць беспраблемна жыць адразу дзве ці нават тры бяздзетныя сям'і. Калі раней студэнты цікавіліся пакоямі, то сёння яны выбіраюць адну вялікую кватэру на ўсіх. Сучасная моладзь гатовая дзяліць жылое памяшканне з сябрамі — усё гэта дзеля эканоміі.

Студэнцкі бум — да сярэдзіны верасня

Цяпер у сталічным агенцтве нерухомасці колькасць заказаў ад патэнцыйных кватарантаў практычна адпавядае новым паступленням свабодных кватэр. Актыўная дзейнасць рынку, звязаная з жыллёвымі праблемамі студэнтаў, працягнецца максімум да 15—20 верасня, лічыць спадарыня Пачыцкая.

Цікава, а якое жыллё сёння заказвае ў агенцтва яго масавы кліент? Галоўным чынам яму неабходна аднапакаёвая кватэра з мэбляй і бытавой тэхнікай у добрым стане за прымальную стаўку арэнды.

Сярод новых павеваў у сферы арэнды — патрабаванні кватарантаў, каб у іх здымнай кватэры быў абавязкова нехта прапісаны (зарэгістраваны), а таксама каб з уласнікам кватэры быў заключаны афіцыйны дагавор у ЖЭСе.

Гэтыя патрабаванні цалкам зразумелыя, бо ў кватэры, дзе ніхто не зарэгістраваны, «жыроўка» за ацяпленне зімой можа павялічыцца да шалёных лічбаў. Заключэнне дагавора (дзе агучаны памер аплаты) у час сярэдніх цэннікаў на арэнду дадае кватаранту ўпэўненасці, што ўжо заўтра тарыф арэнды гаспадаром кватэры істотна не павялічыцца.

І яшчэ. Праз месяц на рынку можа назірацца другая хваля студэнцкага ажыятажу. Частка маладых людзей не спраўляецца з поўнай свабодай у чужым горадзе. Ужо ў першыя (другія або трэція) выхадныя верасня яны шумна святкуюць да сярэдзіны ночы. Не ўсе суседзі з гэтым пагаджаюцца. Потым прыязджаюць міліцыя і гаспадары кватэры. З такімі кватарантамі ўласнікі жылля расстаюцца досыць хутка. Узнікненню другой хвалі спрыяе нежаданне асобных кватарантаў і (або) арэндадаўцаў пісьмова заключаць дагаворы. Але ў гэтым выпадку кватаранта могуць выгнаць на вуліцу ўжо праз месяц.

Праблема «шэрых» агентаў

Сёння на рынку прыватнай арэнды жылля існуе праблема, калі паслугі па пошуку варыянтаў кліенту прапануюць спецыялісты-адзіночкі, якія раней працавалі рыэлтарамі ў агенцтвах нерухомасці. У іх ёсць вопыт аналізу спецыялізаванай інфармацыі з розных крыніц. Часам яны завабліваюць кліентаў нізкімі цэнамі, якія на самай справе не адпавядаюць рэчаіснасці. Калі такі «шэры» агент не паказвае вам спецыяльную картку работніка вядомага вам агенцтва, то спажывец не мае ніякіх гарантый таго, што атрымае якасную паслугу. Нагадаю, што ў легальным арэндным бізнесе кліенту абавязкова выдаюцца дагавор і чэк. Без гэтых дакументаў чалавек увогуле не абаронены ад махлярства.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».