Вы тут

Ад дэталяў да прагулачных лодак*


З вырабамі гэтага прадпрыемства мы сутыкаемся кожны дзень. Яны ёсць у любой грузавой і сельскагаспадарчай тэхніцы беларускай вытворчасці. Мы кожны дзень карыстаемся імі ў метро і грамадскім транспарце. Іх можна знайсці ў бытавых прыборах, прыстасаваннях для страйкбола і нават плаўсродках. І тавараў з камплектуючымі завода становіцца ўсё больш. Нядаўна на прадпрыемстве пабывалі прадстаўнікі вядомага амерыканскага вытворцы сельскагаспадарчых машын «Джон Дзір». Не выключана, што менавіта асіповіцкія спецыялісты хутка будуць вырабляць нешта для сумеснага з гэтай кампаніяй прадпрыемства.


Асіповіцкія лодкі запатрабаваны ва Украіне і Казахстане.

Аўтобус без нас — не аўтобус

Асіповіцкі завод аўтаагрэгатаў — прадпрыемства шматпрофільнае. Тут арганізавана работа па пяці кірунках — алюмініевае ліццё, вытворчасць тэрмапластаў, рэактапластаў, вакуумнае фармаванне і механазборачная вытворчасць. Асноўнай прадукцыі завод выпускае да пяці тысяч найменняў, а з улікам таго, што нешта тут робіцца пад заказ, можна налічыць і ўсе 10 тысяч.

— Мы самастойная арганізацыя, але ў якасці даччынай уваходзім у холдынг «Белаўтамаз», — знаёміць з прадпрыемствам намеснік дырэктара па кадрах, ідэалогіі і сацыяльных пытаннях Андрэй ЧЫГІЛЕЙЧЫК. — Наш асноўны від дзейнасці — вытворчасць вузлоў і агрэгатаў для грузавой, пасажырскай і сельскагаспадарчай тэхнікі. Галоўны спажывец прадукцыі — МАЗ, туды ідзе пад 80 % нашых вырабаў. Той жа мазаўскі аўтобус без нас — не аўтобус. Усё, што пластыкавае ў ім, а таксама сядзенні, поручні, падлакотнікі, — гэта наша.

Наогул, дзякуючы асіповіцкаму заводу айчынны аўтапрам мае свой твар. «Белкамунмаш», Мінскі метрапалітэн, БелАЗ, МТЗ, «Магілёўтрансмаш», «Гомсельмаш» — у спісе спажыўцоў — лідары беларускага машынабудавання.

Вельмі моцная тут вытворчасць па вырабе дэталяў з пластмас, полідыцыклапентадыену, пенаполіўрэтанаў. Дарэчы, менавіта яна зацікавіла прадстаўнікоў амерыканскай кампаніі «Джон Дзір».

— Спецыялісты азнаёміліся з нашай прадукцыяй, сфармулявалі свае пытанні, і, калі нашы адказы іх задаволяць, не выключана, што яны прапануюць рабіць нам камплектуючыя для іх расійскіх заводаў, — адзначыў галоўны інжынер прадпрыемства Аляксандр СЕНЧАНКОЎ.

Бі ту бі і бі ту сі

Завод працуе, як зараз модна стала выказвацца, па мадэлі «В2В і В2С» — прапануе сваю прадукцыю як прадпрыемствам, так і асобным кліентам. Тон задае аддзел перспектыўнага развіцця. Тут працуюць высокапрафесійныя спецыялісты, якія займаюцца аптымізацыяй вытворчых працэсаў, іх актуалізацыяй, право-
дзяць арганізацыйна-тэхнічныя мерапрыемствы, аказваюць метадычную дапамогу пры ўкараненні чагосьці новага і перадавога. Трымаць сябе ў форме ім дапамагае супрацоўніцтва з міжнародным інстытутам праблем машынабудавання.

— Збіраемся арганізаваць новы ўчастак па вытворчасці вакуумфармованых дэталяў, — расказвае намеснік галоўнага інжынера — начальнік аддзела перспектыўнага развіцця Аляксандр Фёдараў — У нас ідзе мадэрнізацыя ўсёй вытворчасці і стварэнне высокапрадукцыйных рабочых месцаў. Для гэтага мы набываем адмысловае абсталяванне. Калі раней абразалі дэталі ўручную, то сёння гэта будзе рабіць робат. Працуем па спецыялізаваных 3D-праграмах, якія дазваляюць рабіць гэтую справу з дакладнасцю да 0,01 міліметра. Абсталяванне дапаможа нам скараціць тэрмін падрыхтоўкі вытворчасці новых дэталяў з месяцаў да некалькіх дзён.

Тут ужо набылі сканер для зваротнага інжынірынгу. Вельмі неабходная тэхніка, калі ёсць патрэба зрабіць нешта пад заказ.

— Напрыклад, машына трапіла ў аварыю, і паляцела дэталь, якую купіць немагчыма. Шляхам зваротнага інжынірынгу мы атрымаем выяву яе 3D-мадэлі і зможам стварыць копію гэтай дэталі, — тлумачыць суразмоўнік.

Каноэ спадабаліся нават Аляксандру Багдановічу

Спартыўныя лодкі на заводзе робяць па даручэнні кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі, тут жа створана адзіная ў краіне лабараторыя па акрэдытацыі гэтай прадукцыі.

— Прапануем лодкі-чацвёркі для акадэмічнага веславання, байдаркі, каноэ, — дэманструе вытворчасць слесар механазборачных работ Дзмітрый БАБІНА. — У нас іх заказваюць спартыўныя школы з Украіны, спажыўцы з Казахстана. Маем добрыя водгукі ад спартсменаў і спецыялістаў. Нашы лодкі, дарэчы, аналагі італьянскіх мадэляў. Якасць не горшая, а вось цэны ніжэйшыя. Вядомы беларускі вясляр Аляксандр Багдановіч некалькі разоў бываў у нас і сказаў, што нашы лодкі добрыя і што трэба далей развіваць гэтую вытворчасць.

На ўчастку працуюць дзевяць чалавек. Асноўную работу Дзмітрый выконвае з напарнікам Дзянісам Загароўскім, таксама слесарам. А вось жанчыны — іх тут большасць — фармуюць вырабы, зачышчаюць, наводзяць, як той казаў, глянец.

— Заказчыкам падабаецца, што мы выконваем любы іх капрыз. Фарбуем у той колер, які яны пажадаюць, цалкам пад іх збіраем начынне. Форма пакупная, але ўсё, што на ёй ёсць, — гэта нашых рук справа. Выкарыстоўваем сучасныя матэрыялы, у прыватнасці вугляпластык. Кожная лодка — тавар штучны, а не нейкі там серыйны штамп. За гэтую прадукцыю нам не сорамна, — кажа Дзмітрый.

Нумар у гасцініцы не жадаеце?

Завод працуе не толькі на ўнутраны рынак, але і актыўна прасоўвае сваю прадукцыю на суседнія. Маркетолагі вывучаюць шляхі пашырэння дылерскай сеткі ў Расіі.

— Сёлета мы шмат ездзілі па расійскіх прадпрыемствах, прапаноўвалі наша алюмініевае ліццё. Цяпер чакаем вынікаў, — удакладняе начальнік бюро маркетынгу Надзея ГАСАН. — Наогул у нас ёсць шмат чаго, што мы маглі б прапанаваць нашым замежным партнёрам. Дэманструем свае дасягненні на шматлікіх выстаўках і форумах. Летась наш намеснік дырэктара па маркетынгу і камерцыйных пытаннях наведаў чэмпіянат свету па веславанні сярод юніёраў у горадзе Тракай у Літве, расказваў там пра нашы лодкі. А ў верасні ездзіў на чэмпіянат Еўропы па акадэмічным веславанні ў Брэст.

У завода ёсць нават свая гасцініца.

Прадпрыемства зарабляе не толькі сваімі таварамі, але і паслугамі. У адным з самых маладых раёнаў горада знаходзіцца гасцініца прадпрыемства. Якасць, як той казаў, праверана на сабе. Умовы — каралеўскія. Двухпакаёўка з поўным наборам мэблі, халадзільнікам, тэлевізарам, шыкоўным санвузлом, вялізарным ложкам каштуе крыху больш за 30 рублёў за суткі. Дызайн прадуманы да дробязяў: мяккія пастэльныя фарбы, утульныя светлавыя зоны, зручная, функцыянальная мэбля. Адным словам, запамінайце адрас: вуліца 60 год Кастрычніка, 23.

Больш інфармацыі пра прадпрыемства глядзіце ў інтэрнэце на сайце.

УНП 700078568

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».