Вы тут

Прэзідэнт павіншаваў школьнікаў з Днём ведаў


Першакласнікі хвалююцца і чакаюць свайго першага званка. Вучні старшых класаў ужо ведаюць, што з панядзелка трэба брацца за вучобу. Першы дзень восені — не толькі Дзень ведаў, але і дзень сустрэч. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў гэтую суботу наведаў сярэднюю школу ў аграгарадку Александрыя Шклоўскага раёна.


Для Прэзідэнта гэта родная школа, дзе яго і сёння сустракаюць настаўнікі. “Вы ведаеце, што гэта школа займае асаблівае месца ў маім жыцці, — падзяліўся кіраўнік дзяржавы. — Так будзе і ў вас. Калісьці і я, будучы вучнем, стаяў на лінейцы, чакаючы чарговага навучальнага года. З тымі падзеямі звязана вялікая колькасць уражанняў, асабістых перажыванняў, самых розных. Але з часам усе яны сталі дарагімі сэрцу ўспамінамі”.  

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што дзеці павінны асэнсоўваць, што ўсе гэтыя ўрокі і кантрольныя — свайго роду рэпетыцыя дарослага жыцця. Каб прайсці гэты шлях годна, трэба браць усё, што дае школа. Трэба станоўча ставіцца і да цяжкасцяў. “Таму што менавіта яны вучаць пераадольваць сумненні і няўпэўненасць, выбудоўваць адносіны з аднакласнікамі і педагогамі. Гэта і ёсць каштоўны вопыт, які стане для вас сур’ёзнай апорай у будучыні”,  — звярнуўся да дзяцей кіраўнік дзяржавы.

Настаўнікі заўсёды падкажуць выйсце з цяжкага становішча і, як звярнуў увагу Прэзідэнт, менавіта самыя патрабавальныя, уважлівыя і мудрыя застануцца ў памяці. Яны вучаць прымаць рашэнні і дзейнічаць у няпростых сітуацыях, якія таксама трапляюцца ў нашым імклівым жыцці.

У александрыйскай школе ёсць і свае педагагічныя дынастыі, Аляксандр Лукашэнка сам вяртаўся сюды настаўнікам і ніколі не губляў сувязь з роднай зямлёй. “Я магу сказаць дакладна, што толькі ведаючы шлях дадому, можна ўпэўнена рухацца наперад”, — падкрэсліў Прэзідэнт.

Веды не дзеля адзнакі, а дзеля высокіх мэт гэта ключ да будучыні. Жадаючы поспехаў у гэтым навучальным годзе, кіраўнік дзяржавы сказаў, што ён будзе паспяховым, калі адразу настроіцца на сур’ёзную працу. Але не трэба забываць і пра адпачынак. Найлепшы, на думку Прэзідэнта, — гэта фізічная актыўнасць. Дарэчы, навучэнцы ў падарунак ад кіраўніка дзяржавы атрымалі новае абсталяванне для спартыўнай пляцоўкі. І адразу ж першага верасня яго апрабавалі. Прэзідэнту ў адказ яны падарылі фотаальбом “Сцяжынкамі малой радзімы”.

Павіншавала ў гэты святочны дзень александрыйскіх школьнікаў і спявачка Алёна Ланская, якая ўсіх натхніла сваімі песнямі. Юлія Быкава таксама спела некалькі кампазіцый для вучняў і іх бацькоў.

Пасля такога надзвычайнага адкрыцця лінейкі празвінеў першы званок, а Прэзідэнт пайшоў у клас старога будынка сваёй школы, дзе яго чакалі 18 першакласнікаў. На сваім першым уроку яны пачулі наказы і віншаванні ад кіраўніка дзяржавы, а таксама расказ пра тое, як ён сам праводзіў свае школьныя гады. Як сядзеў за трэцяй партай, а потым вярнуўся ў навучальную ўстанову ў якасці педагога.

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка сустрэўся са сваімі настаўнікамі. Разам з імі ён успомніў былыя часы. Таццяна Карпечанка была яго класным кіраўніком. Налета ёй споўніцца 95 гадоў. Яна запрасіла Прэзідэнта на свой юбілей. Разам з настаўнікамі яны зрабілі сумеснае фота на памяць.

Не менш за першакласнікаў хвалюецца і новы дырэктар Александрыйскай сярэдняй школы Аляксандр Бобрыкаў. Ён прыступіў да сваіх абавязкаў у сярэдзіне жніўня, ужо асвоіўся і гатовы сустракаць сваіх вучняў. Дарэчы, усяго ў школе ў гэтым годзе будуць навучацца 206 юнакоў і дзяўчат.

“Сучасная база школы вельмі моцная, новае абсталяванне ўсё ўстаноўлена, новы вучэбны клас хіміі, сучасны клас фізікі, кабінет інфарматыкі, —  расказвае дырэктар. —  Таксама для пачатковых класаў падарылі мультыборды. Гэта значыць на сёння гэта не школа, а казка ў маім уяўленні. Дагэтуль я працаваў у іншай школе на пасадзе загадчыка гаспадаркі, камплектацыя школы там таксама на высокім узроўні, але тут няма параўнання”.

Сваё першага верасня Аляксандр Бобрыкаў таксама вельмі добра памятае. Як ён хваляваўся, стоячы з букетам астраў у першым радзе. Але адзначае, што сёння для яго, як новага дырэктара, дзень не менш хвалюючы. Як кіраўнік сельскай школы, ён адзначае, што тут галоўнае —  увага настаўнікаў і бацькоў. “Сельская школа сёння практычна нічым не адрозніваецца ад гарадской. Аснашчэнне ў нас нават лепшае, чым у гарадскіх школ. Да таго ж у іх напаўняльнасць класаў большая, у нас класы меншыя, гэта значыць увагу навучэнцам мы можам даваць нашмат больш, чым у гарадскіх школах. Гэта характарызуе нашу паспяховасць. Яна ў нас высокая. Каля 50 % выпускнікоў ідзе ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. У асноўным гэта сельскагаспадарчыя, паколькі большасць бацькоў працуе на вёсцы. Хаця выбіраюць і інфарматыку”.

У александрыйскую школу прыходзяць і маладыя настаўнікі, такія як Уладзіслаў Захарэнь. Сам ён з Мёршчыны, але выбраў гэтую ўстанову для размеркавання. У хлопцаў 5—9 класаў Уладзіслаў будзе выкладаць працу. Разлічвае заахвоціць вучняў нацыянальнымі рамёствамі.

Дарэчы, да гэтага вучэбнага года ў краіне пабудаваны тры новыя школы: у Мінску, Бабруйску і Ляскоўцы (Мінскі раён). Сёння каля 110 тысяч першакласнікаў пайшлі ў навучальныя ўстановы рэспублікі. Першы ўрок прайшоў пад назвай “Мне выпала шчасце тут нарадзіцца…” і быў прысвечаны Году малой радзімы.

Надзея АНІСОВІЧ, Александрыя

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.