Вы тут

У Гродзенскай вобласці каля 15 тысяч школьнікаў будуць вучыцца па-беларуску


У новым навучальным годзе каля 15 тысяч школьнікаў будуць навучацца на беларускай мове. У абласным цэнтры павялічылася колькасць першакласнікаў, якія пойдуць у беларускамоўныя класы.


З кожным годам беларускамоўных вучняў становіцца больш, канстатуе завуч СШ № 32 г. Гродна Валянціна БАГДАНОВІЧ. Быў час, калі ахвотных вучыцца на роднай мове можна было пералічыць па пальцах. Адзін-два чалавекі на ўсю школу. Але і тады навучальная ўстанова забяспечвала вучэбны працэс у індывідуальным парадку.

— У нас, у адпаведнасці з Канстытуцыяй, дзве дзяржаўныя мовы, таму нават калі адзін вучань выказаў жаданне навучацца на беларускай, мы гэта права рэалізуем. Настаўнік займаецца з вучнем асобна па кожным прадмеце, згодна з раскладам заняткаў, але ў іншым памяшканні. Праблем з гэтым не было, — кажа завуч.

У старшых класах заняткі ідуць па-ранейшаму, індывідуальна. А вось у пачатковай школе ўжо намеціўся прагрэс — тут сфарміраваны паўнавартасныя класы. Праўда, яны невялікія, па 6-9 чалавек (усяго 25 вучняў). Але ў гэтым навучальным годзе першакласнікаў будзе ўжо 10 чалавек. Гэта самы высокі набор за апошнія дзесяць гадоў.

— З чым звязана такая тэндэнцыя? Мабыць, з тым, што ў беларускамоўных дзяцей ёсць будучыня, — разважае Валянціна Багдановіч. — У вышэйшых навучальных установах адкрываюцца факультэты з выкладаннем на беларускай мове, няма праблем і з ЦТ, любы прадмет можна здаваць на дзвюх мовах па выбары — рускай ці беларускай. Ды і ўвогуле многія выкладчыкі ў ВНУ свае дысцыпліны выкладаюць па-беларуску. Ёсць такія ў Гродзенскім медыцынскім універсітэце, Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы. Гэта добра працуе на прэстыж роднай мовы, пашырае кола беларускамоўнай аўдыторыі.

Значную ролю адыгрывае і пазіцыя бацькоў. Яны ў першую чаргу вызначаюць, на якой мове будзе вучыцца іх дзіця. І пачынаецца гэты шлях нават не са школы, а з дзіцячага садка. Як паведаміла галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Ірына МАЛЕВІЧ, у трох дашкольных установах горада працуе дзевяць беларускамоўных груп. А ўсяго па вобласці такія групы наведваюць восем тысяч дашкольнікаў. Бацькі ўсё часцей выбіраюць для сваіх дзяцей навучанне на беларускай мове. Многія ў сям'і таксама размаўляюць па-беларуску.

— Сённяшнія бацькі вучыліся ў той час, калі адбыўся пераход на дзяржаўную беларускую мову — быў перыяд, калі амаль усе школы былі беларускамоўныя, у тым ліку і наша, — адзначае Валянціна Багдановіч. — Таму і пазіцыя бацькоў такая: мы вучылі родную мову, і дзеці абавязаны гэта рабіць, кожны грамадзянін павінен ведаць сваю родную мову.

Не сакрэт, што некаторыя бацькі робяць такі выбар з-за малаколькаснасці беларускамоўнага класа. Гэта даволі слушны аргумент для тых, хто хоча больш індывідуальнага падыходу да навучання. Калі ў звычайных класах па 28—30 вучняў, то ў беларускім класе іх 10. Завуч школы адзначыла, што менавіта ў малаколькасных класах больш алімпіяднікаў. Да таго ж, калі вучань умее думаць на дзвюх мовах, яму потым прасцей даецца авалодванне іншымі — замежнымі — мовамі.

Аб папулярнасці роднай мовы сведчыць і тое, што каля дзвюх тысяч выпускнікоў Гродзеншчыны сёлета здавалі ЦТ менавіта на беларускай і паказалі найлепшыя вынікі па краіне.

— Мы даволі патрабавальна ставімся да падбору кадраў, як у дзіцячых садках, так і школах, — зазначае Ірына Малевіч. — Выхавацелі і педагогі павінны не толькі добра валодаць беларускай мовай, але і ведаць гістарычную спадчыну нашай краіны, культурныя і духоўныя традыцыі беларусаў.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».