Вы тут

Прадстаўлена факсімільнае выданне першага «Буквара»


Днямі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі грамадскасці было прадстаўлена факсімільнае выданне першага «Буквара». Арыгінальная кніга выйшла роўна 400 гадоў таму назад — у 1618 годзе ў друкарні віленскага Святадухаўскага брацтва ў Еўі. А ўжо заўтра «Буквар» будзе ўрачыста прэзентаваны на Дні беларускага пісьменства ў Іванаве Брэсцкай вобласці.


Усяго ў свеце захаваліся два асобнікі ўнікальнага выдання. Адна з кніг знаходзіцца ў бібліятэцы Мідл Тэмпл у Вялікабрытаніі, другая — у Каралеўскай бібліятэцы Даніі. На радзіме не засталося ніводнага выдання: як часта адбываецца з навучальнымі дапаможнікамі, іх проста «зачыталі да дзірак».

— «Буквар» — кніга, якая мае самыя вялікія тыражы і самы шчаслівы чытацкі лёс, — адзначыла на прэзентацыі ў Нацыянальнай бібліятэцы першы намеснік міністра культуры Ірына Дрыга. — Ні адзін вучань, нават калі засвоіў навуку чытання да таго, як пераступіў школьны парог, не можа яе не вывучаць. Гэтая кніга вечная, яна будзе існаваць столькі, колькі будуць існаваць школа, асвета, навука».

У сваю чаргу дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман МАТУЛЬСКІ расказаў:

— Лёс навучальных дапаможнікаў незайздросны, тым больш першага падручніка. У кнігасховішчах сёння практычна не засталося падручнікаў таго часу, паколькі бібліятэкі зацікаўлены ў шырокім забеспячэнні чытачоў кнігамі. Дзякуючы таму, што першы «Буквар» трапіў у закрытую Каралеўскую бібліятэку ў Даніі і бібліятэку Мідл Тэмпл у Лондане, дзе карыстанне фондамі абмежавана, ён пражыў 400 гадоў. Поўны асобнік захаваўся ў вельмі добрым стане ў бібліятэцы Мідл Тэмпл, дзе супрацоўнік Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша атрымаў магчымасць убачыць і вывучыць выданне.

Факсімільнае ўзнаўленне першага «Буквара» — міжнародны навуковы і выдавецкі праект. Да яго непасрэднай рэалізацыі далучыліся пасольства Беларусі ў Вялікабрытаніі, Белдзяржуніверсітэт і бібліятэка Мідл Тэмпл у Лондане. Арганізацыйную падтрымку забяспечылі міністэрствы культуры, адукацыі і замежных спраў Беларусі, а таксама Міжнародная асацыяцыя беларусістаў. Партнёрамі ў рэалізацыі праекта сталі Белінвестбанк, Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця.

Маштабны праект па факсімільным узнаўленні выдання 1618 года закліканы зрабіць першы «Буквар» даступным для шырокай аўдыторыі і прадэманстраваць высокую каштоўнасць культурнай спадчыны нашага народа.

Варвара ГОМАН

Загаловак у газеце: Першы сярод Буквароў

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.