Вы тут

Модныя тэндэнцыі сезона восень-зіма


Якім будзе надвор'е восенню, дакладна невядома. Калі верыць народнай прыкмеце, то халодным, бо буслы пачалі адлятаць да Спасу. А вось дакладны модны прагноз ужо гатовы. Расказваем, што насіць у гэтым сезоне, каб не адстаць ад тэндэнцый.


Ад грушы да аліўкі

Хіт во­се­ні — ко­лер «чыр­во­ная гру­ша».

Інстытут колеру Раntоnе традыцыйна склаў палітру модных адценняў. Акрамя ультрафіялетавага, які быў актуальны вясной і летам, у топе макавы чырвоны і бардовы. Апошні тон эксперты назвалі «чырвоная груша» і рэкамендуюць адзявацца ў яго з ног да галавы або спалучаць з такімі ж глыбокімі колерамі. Увогуле, яркім фарбам быць! Гэтай восенню вядучыя модныя дамы раяць насіць таксама жоўты (сапраўдны антыдэпрэсант), апельсінавы аранжавы (яго, на думку выканаўчага дырэктара Інстытута колеру Леатрыс Эйсман, выбіраюць крэатыўныя асобы) і насычаны блакітны. Калі хочаце дадаць у гардэроб спакойных адценняў, спыніцеся на аліўкавым (асабліва добра пасуе да загарэлай скуры) і цёмна-ізумрудным.

Стыль грыбніка

Цяпер пра верхняе адзенне. Калі раней у дажджавіку вы хадзілі толькі ў грыбы, то цяпер смела апранайце яго, збіраючыся на работу ці шпацыр па горадзе. Модна і для нашага пераменлівага надвор'я самае то. Паркі (даўгія цёплыя курткі з капюшонам) і анаракі (ветраахоўныя курткі, якія апранаюцца праз галаву) таксама актуальныя.

Для тых, хто хоча выглядаць больш элегантна, альтэрнатывай стане кейп — свабоднае паліто-накідка без рукавоў, падобнае да понча. Такі фасон насілі яшчэ ў сярэднявечнай Англіі. Сёння стылісты прапануюць падпяразваць кейп рэменем.

Для першых замаразкаў рыхтуйце кажух. Пажадана рыжага колеру — менавіта такія можна было ўбачыць на паказах Сhlоe і Сhrіstіаn Dіоr. Дадайце да кароткага кажуха даўгую спадніцу і боты і атрымаеце вобраз як са старонак глянцавага часопіса.

Адзення многа не бывае

Адзявацца як капуста ў гэтым сезоне не толькі не забараняецца, а нават заахвочваецца. Таму стварайце шматслойныя вобразы. Світар, куртка плюс паліто? Калі ласка! Каб пры гэтым выглядаць модна, а не безгустоўна, прытрымлівайцеся наступных правілаў: у адным камплекце лепш спалучаць розныя стылі, а верхні слой адзення павінен быць карацейшы за папярэдні (інакш вашу задумку ніхто не ўбачыць). Пра слова «празмернасць» можна на час забыць: на паказе брэнда Bаlеnсіаgа мадэлі выходзілі на подыум у чатырохслойных уборах.

Хутка ў школу

Як ніколі будзе актуальная клетка — ад стрыманай шэрай да яркай чорна-чырвонай. Асаблівай любоўю ў модных дамоў карыстаюцца касцюмы са штанамі, пашытыя з такой тканіны.

Самы гарачы прынт восені — леапард — ужо некалькі сезонаў трымаецца ў спісе модных тэндэнцый. На гэты раз дызайнеры прапануюць згуляць па-буйному і прымерыць «драпежнае» паліто. Калі вы да такіх эксперыментаў не гатовы, пачніце знаёмства з леапардам з сумачкі.

Успомніць усё

Цві­да­вы кас­цюм вяр­та­ец­ца ў мо­ду.

Мода вяртаецца — на гэты раз у выглядзе цвідавага касцюма а-ля Шанэль. Калі ў вашай шафе вісіць такі, даставайце: надышоў яго час. Цікава, што калі Како Шанэль упершыню прадставіла гэты фасон журналістам, тыя палічылі яго жудасным. І толькі праз 30 гадоў пасля, у 1950-х, знаходку мадэльера ацанілі. Сёння дарэчы будзе і класічны варыянт касцюма (вузкая спадніца па калена і жакет да таліі), і яго сучасная інтэрпрэтацыя: напрыклад, міні ці жакет, дэкарыраваны махрамі.

Услед за цвідам вяртаецца вініл. Бліскучыя паліто і трэнчы выпусцілі, напрыклад, Vеrsасе і Nіnа Rіссі. Застацца ў іх незаўважанай немагчыма. Насіць такую вопратку прапануюць у пары са строгай спадніцай і кашуляй.

Каралева вуліц

У гэтым сезоне папулярныя дзве крайнасці: свабодныя сукенкі ў падлогу (балахон, як назвалі б у народзе) і экстрэмальнае міні. Так што выбірайце па настроі і па надвор'і.

Актуальны таксама віктарыянскі стыль. Аборкі, карункі, банцікі, тканіны, якія нагадваюць габелен, — можна ўсё. Адчуйце сябе каралевай (ці як мінімум прыдворнай дамай).

Акцэнт на дэталі

Галоўны аксесуар восені — шаўковая хустка. Можна накінуць яе на плечы, завязаць на шыі ці нават на поясе. Калі трэба стварыць строгі вобраз, выбірайце хустку ў тон касцюму, а калі асвяжыць убор — яркіх кантрасных колераў.

Здаецца неверагодным, але ў трэндзе балаклава. Гэта не жарт: мадэлі ў падобных шапках дэфіліравалі на тыднях моды ў Нью-Ёрку і Мілане. Наконт прыгажосці балаклавы можна, вядома, паспрачацца, але з задачай схаваць вушы ад халоднага ветру яна справіцца на «выдатна». Каторы раз пераконваешся, што ў моду вяртаецца камфорт.

Мы ж ка­за­лі, што ба­лак­ла­вы на под­ыу­ме — гэ­та не жарт.

Яшчэ адзін аксесуар, на які варта звярнуць увагу, — шырокі рэмень з вялікай спражкай. Павязваць яго можна паверх сукенак, кашуль і паліто.

Дух дзікага Захаду

З абутку актуальныя будуць казакі — каўбойскія боты з вузкім носам. Чорныя ці белыя, яны ўпішуцца як у рок-н-рольны вобраз, так і ў рамантычны. А шырокі ўстойлівы абцас робіць іх ідэальным абуткам на кожны дзень. Дазваляецца насіць са свабоднымі джынсамі, шырокімі штанамі і сукенкамі (нават з аборкамі).

У топе таксама батыльёны на маленькім абцасе-чарцы, які заваяваў прыхільнасць модніц яшчэ вясной. Сапраўдны хіт — серабрыстыя батыльёны ці з прынтом леапард. Але калі ў вас вялікі памер нагі, добра падумайце, перш чым звязвацца з міні-шпількамі: яны робяць стопы візуальна большымі.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Загаловак у газеце: На шпацыр у дажджавіку і балаклаве

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.