Вы тут

У Пекінскім універсітэце замежных моў з'явіцца беларуская кафедра


З 22 па 26 жніўня ў Пекіне праходзіў юбілейны, 25-ы, міжнародны кніжны кірмаш, які лічыцца адным з найбуйнейшых у свеце. Даволі прадстаўніча там выглядала і беларуская дэлегацыя. А ўвогуле былі прадстаўлены экспаненты са 100 краін.


Пра перспектывы плённага супрацоўніцтва з Паднябеснай расказаў дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алесь БАДАК:

— Адно з найбуйнейшых пекінскіх выдавецтваў замежных моў, якое спецыялізуецца на міжнародных кантактах і праектах, ініцыявала стварэнне асацыяцыі «16+1»: гэта 16 краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы плюс Кітай. Беларусы прысутнічалі там у якасці назіральнікаў, але сам факт стварэння і правядзення такога форуму вельмі цікавы. Думаю, з часам мы пяроймем гэты вопыт. Было б вельмі добра, калі б нешта падобнае з'явілася і ў Беларусі.

Думаецца, стварэнне міжнароднага выдавецкага цэнтра стала крокам наперад у развіцці выдавецкай справы. Аднак падчас Пекінскага міжнароднага кніжнага кірмашу было падпісана і шмат іншых знакавых дагавораў, важных для Беларусі.

— З адным з кітайскіх выдавецтваў мы працуем над стварэннем у нашай краіне беларуска-кітайскіх размоўнікаў, — адзначыў дырэктар выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» Уладзімір АНДРЫЕВІЧ. — Працуем над тым, каб ужо налета выдаць беларуска-кітайскі слоўнік. Паколькі кітайскія калегі праявілі такую ініцыятыву, мы яе з задавальненнем падтрымалі. На сённяшні дзень ёсць кітайскія размоўнікі з 98 краінамі, а з нашай пакуль не было. Думаю, гэта будзе знакавы праект.

Дырэктар выдавецтва «Народная асвета» Вікторыя КАЛІСТРАТАВА таксама не ўтойвала радасці ад пачатку плённага супрацоўніцтва з кітайцамі:

— Сярод усіх праектаў асабліва парадавала адна з прапаноў «Народнай асвеце». У сувязі з тым, што ў Пекінскім універсітэце замежных моў з пачатку гэтага навучальнага года адкрываецца кафедра беларускай мовы, нам прапанавалі падрыхтаваць падручнік па беларускай мове для студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў Кітая. Будзе заключацца дагавор для гэтага праекта, але ён пакуль не падпісаны, бо патрабуецца зацвярджэнне нашага Міністэрства адукацыі. Пасля яго атрымання падпішам кантракт. Тое, што кітайцы хочуць вывучаць беларускую мову, — гэта вельмі пазітыўная тэндэнцыя.

Варта адзначыць, што 11 верасня ў краме «Кнігі і кніжачкі», што знаходзіцца на праспекце Незалежнасці, 14 у беларускай сталіцы, плануецца адкрыццё так званых кітайскіх кніжных паліц. Там можна будзе больш даведацца пра Паднябесную. Важна і тое, што паміж нашымі краінамі падпісаны дагавор аб імпарце і экспарце кніг.

— Разам з намеснікам міністра інфармацыі Беларусі Ігарам Бузоўскім у Кітаі мы наведалі кампанію Huаwеі, дзе з яе прадстаўнікамі абмяркоўвалі магчымасць інфарматызацыі «Белкнігі» іх сіламі, — расказаў дырэктар «Белкнігі» Алесь ВАШКЕВІЧ. — Такая работа магчымая ў двух кірунках. Па-першае, гэта абнаўленне праграмнага забеспячэння, якое ёсць сёння ў «Белкнізе» для ўліку тавараабароту, — трэба зрабіць яго больш сучасным, інфарматыўным, дынамічным. Другі кірунак — кампанія Huаwеі актыўна працуе ў так званай сістэме Разумны дом. Я думаю, было б нядрэнна ўвесці навамодныя гаджэты ў нашы кнігарні, каб яны сталі больш цікавымі для моладзі, і сумяшчаць тую класіку, якой з'яўляецца папяровая кніга, з нейкімі іншымі цікавінкамі, дэвайсамі. Да таго ж гэта дапаможа стварыць пэўны партрэт нашага пакупніка.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Фота БелТА

Загаловак у газеце: Паднябесныя праекты

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Падаткі на зямлю і нерухомасць трэба заплаціць да 15 лістапада

Падаткі на зямлю і нерухомасць трэба заплаціць да 15 лістапада

Тым, хто пратэрмінуе або забудзе ўнесці падатак, пагражаюць штраф, пені і ў выключных выпадках вас могуць не выпусціць з краіны.

Спорт

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

Ці так небяспечны парашутны спорт, як здаецца на першы погляд?