Вы тут

«Замарозіць» будоўлю, каб дом не канфіскавалі за незавершанасць


Два з паловай гады таму я набыў участак. Узвёў падмурак, пачаў вырашаць, як падвесці да дома газ, ваду і электрычнасць, бо намерваўся зрабіць капітальны будынак і пераехаць з сям'ёй туды жыць пастаянна. Аднак грошай станавілася ўсё менш, і я спыніў будоўлю. Цяпер мне пагражаюць, што адбяруць участак, бо дом не дабудаваны ў тэрмін. Што гэта за тэрмін? Чуў, што можна «замарозіць» будоўлю. Як гэта зрабіць і ці дапаможа мне гэта?

Віталь Гарбузоў, прадпрымальнік, г. Мінск.


На пытанне адказвае Сяргей ЕЛІСЕЕЎ, юрыст:

— Каб не пазбавіцца будынка і ўчастка, існуе некалькі шляхоў: падоўжыць тэрмін будаўніцтва, закансерваваць аб'ект, прадаць маёмасць ці завяршыць будаўніцтва (па законе, але не насамрэч).

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 07.02.2006 № 87 «Аб некаторых мерах па скарачэнні не завершаных будаўніцтвам незакансерваваных жылых дамоў, дач» (далей — Указ № 87) устаноўлены тэрмін для будаўніцтва жылых дамоў, дач. Агульны час будаўніцтва такіх аб'ектаў складае тры гады.

У цяперашніх эканамічных рэаліях такія сціслыя рамкі сапраўды пагражаюць планам тысяч беларускіх сем'яў на шчаслівае сямейнае жыццё ва ўласным доме. Гісторыі пра людзей, якія не маюць магчымасці завяршыць пачатае будаўніцтва свайго дома, сёння зусім не рэдкасць. Пры гэтым у будоўлю ўкладаліся ўсе ці амаль усе сямейныя сродкі і становішча здаецца бязвыхадным.

Аднак бяздзейнасць можа прывесці да таго, што зямельны ўчастак з недабудаваным домам будзе канфіскаваны. Пры гэтым будзе кампенсаваны кошт недабудаванага дома (за вылікам расходаў на яго ацэнку і правядзенне таргоў), але наўрад ці такі падыход будзе найлепшым выйсцем.

Падоўжыць адведзены законам час будаўніцтва (тры гады) на тэрмін да двух гадоў можа мясцовы выканкам. Для гэтага неабходна не раней чым за шэсць месяцаў і не пазней чым за два месяцы да завяршэння трохгадовага тэрміну будаўніцтва звярнуцца ў мясцовы выканкам з заявай. У дакуменце трэба пазначыць уважлівую прычыну для такога падаўжэння. Варта памятаць, што права на падаўжэнне названага тэрміну будаўніцтва жылога дома, дачы можна рэалізаваць толькі адзін раз.

Акрамя падаўжэння тэрміну будаўніцтва недабудаваны дом таксама можна закансерваваць на тэрмін да трох гадоў. Парадак кансервацыі вызначаны Палажэннем, зацверджаным пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 13.04.2006 года № 506 «Аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку кансервацыі грамадзянамі не завершаных будаўніцтвам жылых дамоў, дач, ажыццяўленні добраўпарадкавання зямельных участкаў, на якіх праведзена кансервацыя такіх дамоў, дач». Адзначу, што на перыяд кансервацыі тэрмін будаўніцтва (трохгадовы ці пяцігадовы) прыпыняецца.

Самае простае рашэнне ў такой сітуацыі, здаецца, —
продаж недабудаванага жылога дома (пры ўмове, што ён закансерваваны). Сапраўды, калі зямельны ўчастак выдзяляўся ўладальнікам не як грамадзянам, якія стаяць на ўліку асоб, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, то пытанняў не ўзнікае: закансерваваны будынак можна прадаваць хоць каму.

Аднак калі ўчастак выдзяляўся асобам, якія стаяць на ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, то прадаць закансерваванае збудаванне можна толькі мясцоваму выканкаму. Калі ж гэты орган улады не зацікаўлены ў набыцці такой маёмасці, то ў выключных выпадках (накіраванне на працу (службу) у іншую мясцовасць, страта карміцеля ў сям'і, атрыманне І або ІІ групы інваліднасці і іншыя абставіны, якія аб'ектыўна сведчаць аб немагчымасці выкарыстання нерухомай маёмасці) і пры выкананні ў сукупнасці шэрагу іншых умоў закансерваваны будынак можна прадаць любому суб'екту па жаданні ўласніка. Гэта вынікае з ч. 2 арт. 51-1 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб зямлі.

Калі па тых ці іншых абставінах названыя вышэй варыянты вам не падыходзяць, можна паспрабаваць прывесці недабудаваны дом у адпаведнасць з азначэннем «заканчэнне будаўніцтва жылога дома, дачы». Інакш кажучы, завяршыць будаўніцтва (згодна з зака-
надаўствам, але не на самай справе). У адпаведнасці з заўвагай <**> да Указа № 87 пад гэтым трэба разумець узвядзенне падмурка, сцен і даху дома ці дачы незалежна ад уводу такіх будынкаў у эксплуатацыю. Магчыма, для выканання такіх умоў трэба ўкласці не так шмат сіл і сродкаў. Так, аб'ект нерухомасці ўсё яшчэ не будзе створаны і на канчатковую будоўлю спатрэбіцца яшчэ шмат рэсурсаў. Аднак выкананне такіх умоў засцеражэ ад рызыкі магчымай канфіскацыі.

Шаноўныя чытачы, калі ў вас узніклі пытанні юрыдычнага характару, дасылайце іх на наш паштовы або электронны адрас sіdаrоk@zvіаzdа.bу. У «Прававой гасцёўні» разам са спецыялістамі Мінюста і іншых ведамстваў мы будзем шукаць на іх адказы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?