Вы тут

Кішэнныя сродкі ў малых лепш кантраляваць


Што такое прэміум-сегменты ў банкаўскіх картках, чаму дзіцячая картка лепш за наяўныя і ці ёсць будучыня ў банкаўскага пластыку, расказвае дырэктар электронных плацяжоў Аssіst Bеlаrus Вячаслаў Сенін.


Кэшбэк на выбар

Самыя папулярныя — дэбетавыя зарплатныя карткі. Гэты вектар будзе захоўвацца, лічыць наш суразмоўнік. Сюды можна аднесці і дэбетавыя студэнцкія або пенсійныя карткі. Сярод так званых крэдытных картак у нашай краіне сёння папулярныя карты растэрміноўкі. У цяперашні час некаторыя банкі выдаюць карткі да адзыўных дэпазітаў. Такім чынам, кліенты могуць папоўніць дэпазіт (праз АРІП) або зняць частку ўкладу ў банкамаце, выкарыстоўваючы картку і без наведвання аддзялення банка.

Таксама папулярнасць набірае такая функцыя, як кэшбэк або манібэк, калі пэўны працэнт ад куплі вяртаецца ўладальніку рахунку. Банкі актыўна ўкараняюць карткі з кэшбэкам. Пры гэтым павялічваецца прадуктовая лінейка такіх картак: першапачаткова банкі прапаноўвалі фіксаваную стаўку кэшбэка і самі вызначалі магчымасць атрымання павышанай такой опцыі. Цяпер жа ёсць карткі з кэшбэкам для пэўных сацыяльных груп. Некаторыя банкі даюць трымальнікам такога «пластыку» магчымасць самастойна выбраць катэгорыю тавараў для налічэння павышанага кэшбэку і нават змяняць такія катэгорыі.

Прэміум-сегмент: ці патрэбны ўсім?

Статус прэміяльнай карткі дазваляе яе ўладальніку атрымаць розны набор паслуг і банкаўскіх сэрвісаў, які дае дадатковы камфорт. Ну, напрыклад, паслуга кансьерж-сэрвіс. У трымальніка такой карткі можа быць персанальны менеджар банка, які вам можа забраніраваць столік у рэстаране або арганізаваць дастаўку букета кветак. Або такая прэміяльная картка дазваляе атрымліваць павышаную стаўку па ўкладзе або паніжаную — па авердрафце. Або атрымліваць разнастайныя страхоўкі, напрыклад пры выездзе за мяжу, праграмы зніжак, падоўжаную гарантыю на пакупкі, медыцынскую і юрыдычную дапамогу за мяжой.

Такая картка можа даваць сэрвіс доступу ў VІР-залы чакання аэрапортаў... Спіс такі вельмі доўгі і напаўненне прэміяльных картак можа быць цалкам розным у розных банкаў. Безумоўна, што чым больш «плюшак» у такой карткі, тым больш высокай можа быць яе цана.

Статус «прэміяльная» сведчыць, што такая картка павінна быць даступная не ўсім ахвотным, але сёння рынак банкаўскага «пластыку» тыпу «голд» даступны любому, былі б грошы. «Прэміяльны» статус такой карткі па вялікім рахунку часцей за ўсё будзе заключацца ў яе вонкавым выглядзе, лепшых умовах авердрафту, лімітаў і можа быць яшчэ чаго-небудзь нязначнага. У любым выпадку, якую картку насіць у кашальку, вырашае кожны трымальнік асабіста.

Аб фінансах для дзяцей

Мы ўсё часцей выдаём дзецям кішэнныя грошы не наяўнымі, а банкаўскай карткай. Спецыяльныя карткі для дзяцей ад 6 да 18 гадоў у нашай краіне з'явіліся некалькі гадоў таму, і з таго часу іх эмісія ўпэўнена расце. У цяперашні час дзіцячыя карткі (плацежных сістэм БЕЛКАРТ, Vіsа і MаstеrСаrd) выпускаюць ужо некалькі беларускіх банкаў. Напрыклад, Беларусбанк, Белаграпрамбанк, Белінвестбанк, Альфа-Банк, Тэхнабанк і іншыя.

Доля БЕЛКАРТ «Дзіцячая» ў агульным аб'ёме дзіцячых картак у Беларусі складае больш за 80 %.

Дзіцячыя карткі як правіла выпускаюцца ў якасці дадатковага плацежнага сродку бацькоў. У БЕЛКАРТ такія карткі пазначаныя спецыяльным знакам у выглядзе дзіцячай далонькі. З дапамогай гэтага віртуальнага кашалька дзеці старэйшыя за шэсць гадоў атрымліваюць магчымасць самастойна здзяйсняць безнаяўныя плацяжы, а бацькам пасля кожнай аперацыі прыходзіць sms з інфармацыяй, дзе і што купіла іх дзіця. Пры гэтым можна лёгка перавесці неабходную суму на картку нават на адлегласці. Згадзіцеся, у выпадку з наяўнымі кантраляваць выдаткі дзяцей значна больш складана.

Ёсць яшчэ адзін вельмі цікавы дзіцячы прадукт у выглядзе банкаўскай карткі ад айчыннай плацежнай сістэмы і Беларусбанка — гэта «Картка навучэнца». Такая картка спалучае ў сабе функцыі банкаўскага «пластыку» і іншых сэрвісаў. Напрыклад, картка замяняе сабой даведку пра бясплатны праезд у грамадскім транспарце, з'яўляецца пропускам для праходу праз школьную электронную сістэму і мае функцыю білета чытача ў бібліятэцы. Картка навучэнца выдаецца ў сталічных школах, якія абсталяваны спецыяльнай электроннай прапускной сістэмай. Сёння такімі карткамі карыстаюцца нават не ўсе школьнікі ў Мінску, але ў будучыні плануецца забяспечыць імі вучняў усіх школ краіны.

І яшчэ. Кожнаму з бацькоў важна памятаць, што адзін з прынцыпаў работы «дзіцячага» пластыку — давярай, але правярай. Уладальнік рахунку (бацькі або апякун дзіцяці), да якога выпушчана дзіцячая картка, можа аператыўна вызначаць і мяняць на ёй ліміты сродкаў.

Акрамя стандартных лімітаў на суму грашовых сродкаў і колькасць банкаўскіх аперацый за пэўны прамежак часу, можна кіраваць відамі і тыпамі транзакцый. Бацькі могуць устанавіць абмежаванні на зняцце наяўных і правядзенне безнаяўных плацяжоў, у тым ліку ў сеціве інтэрнэт. Шэраг банкаў дае магчымасць таксама кантраляваць пералік крамаў і службаў сэрвісу, дзе дзіцяці дазволена выкарыстоўваць сваю картку. Напрыклад, забараніць разлікі дзіцячай карткай у клубах і казіно, але дазволіць праводзіць аплату ў краме і пры куплі праязнога.

Пластык ці бранзалет?

Якія асноўныя тэндэнцыі на сусветным фінансавым рынку? Калі мы гаворым пра Беларусь, то, безумоўна, будучыня ў банкаўскага пластыку ёсць, лічыць наш спікер. Але...

Глабальная камп'ютарызацыя і інтэрнэтызацыя насельніцтва планеты прыводзіць да відавочнага эвалюцыйнага тэхналагічнага прагрэсу, з'яўляюцца розныя віртуальныя карткі і нават валюты разліку, напрыклад, крыптавалюта. Лёс такіх тэхналагічных навінак прадказаць складана. Магчыма, гэта проста нейкія імгненныя рэчы, і пасля яны знікнуць або трансфармуюцца ў нешта яшчэ. А можа быць, пазней, яны стануць больш папулярныя і надзейна ўвойдуць у наша жыццё.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Картка з далонькай

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».