Вы тут

Прэзідэнт расказаў падрабязнасці сваёй сустрэчы з расійскім калегам


На мінулых выхадных Аляксандр Лукашэнка даў інтэрв'ю тэлеканалу «Беларусь 1», у якім было закранута мноства пытанняў: ад узаемаадносін нашай краіны з Расійскай Федэрацыяй да асабістага стаўлення беларускага лідара да Дональда Трампа. Ніжэй — вытрымкі з размовы.


Пра перагаворы з Уладзімірам Пуціным у Сочы

Па словах кіраўніка дзяржавы, перагаворы прайшлі ў вельмі добрай сяброўскай атмасферы, пры гэтым нічога канспіратыўнага і таемнага ў іх не было. Тэматыка сустрэчы была наступная: адносіны з ЗША і сітуацыя ў гэтай краіне, палітыка Прэзідэнта Дональда Трампа. Акрамя таго, Уладзімір Пуцін расказаў пра вынікі перагавораў з федэральным канцлерам Германіі Ангелай Меркель, а таксама аб прыватным візіце на вяселле аўстрыйскага міністра. Яшчэ адзін аспект, на які звярнулі ўвагу, — супрацоўніцтва ў АДКБ у сувязі з сітуацыяй вакол цяперашняга генеральнага сакратара арганізацыі Юрыя Хачатурава.

Вядома, бакі закранулі і ўзаемаадносіны Беларусі і Расіі. Гэта пытанні з пастаўкамі беларускага харчавання, спрэчная сітуацыя на рынку аўтаперавозак, выплата ўтылізацыйнага збору на сумесную прадукцыю машынабудавання, аспекты рэальнага кошту будаўніцтва БелАЭС і іншыя.

Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў: на гэтай сустрэчы не закраналі будучае нафты, газу і крэдытаў, паколькі па гэтых пытаннях рашэнні прыняты. Адзінае, што аспект з крэдытамі абмяркоўваецца, а калі будзе наступная сустрэча, то будзе прынята канчатковае рашэнне.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, важна, каб дасягнутыя дамоўленасці і пагадненні выконваліся. Беларускі лідар расказаў, што звярнуўся да Уладзіміра Пуціна з прамым пытаннем: чаго Расія хоча ад нашай дзяржавы? «Мы хочам гэта ведаць. Разумееце, нам трэба глыбока акунуцца ў гэтыя праблемы. Шчыра акунуцца, без палітыкі, без прапаганды ўсякай, без наноснага, прыдуманага, і абмеркаваць гэтыя пытанні, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Бо самы бліжэйшы саюзнік для Расіі сёння — Беларусь. Самы блізкі, надзейны саюзнік для Расійскай Федэрацыі — гэта Беларусь. І раптам такое стаўленне».

Ён прывёў у прыклад дамоўленасці па энерганосьбітах, дасягнутыя ў Санкт-Пецярбургу ў красавіку мінулага года. Тады нашай краіне павялічылі цану на газ. Сітуацыя была складаная, але, паводле слоў Прэзідэнта, разам з Уладзімірам Пуціным удалося знайсці рашэнне. Дарэчы, беларускі лідар звярнуў увагу на тое, што гэта не падарункі з боку Расіі — за гэтым стаяць нашы паслугі для Расійскай Федэрацыі ў адказ.

Пра новую сустрэчу

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што ў Сочы бакі дамовіліся сустрэцца ў найбліжэйшы час з удзелам членаў урадаў дзвюх краін. «У яго [Уладзіміра Пуціна. — «Зв.»] вельмі напружаны графік. Гэта сапраўды так, вы гэта бачыце. І ён цяпер будзе ў Сібіры працяглы час. А пасля вось гэтых візітаў у рэгіёны Расіі мы сустрэнемся ў шырокім фармаце. І гэта была яго прапанова — Уладзіміра Пуціна. Перш за ўсё пашырыць за кошт нашых прадстаўнікоў урадаў. Ён у курсе, што ў нас новы ўрад, натуральна. І ён прапанаваў: давай мы сустрэнемся вось у хуткім часе ці тут у Сочы, або ў Маскве і абмяркуем праблемы, якія больш за ўсё датычацца ўрадаў Расіі і Беларусі. Вядомыя праблемы», — дадаў Прэзідэнт.

Прэзідэнт Расіі прапанаваў правесці сустрэчу ў прысутнасці членаў урадаў і прэм'ер-міністраў.

Пра жаданне Беларусі нешта атрымліваць ад расійскіх цяжкасцяў

Кіраўнік дзяржавы падчас інтэрв'ю працытаваў наступную фразу з СМІ: «Калі Расійская Федэрацыя пад санкцыямі, то
Лукашэнка ловіць гэты момант, бярэ гэты добры момант, каб нешта патрабаваць ад Расіі». Каментарый ад беларускага лідара быў ёмісты: «Поўны ідыятызм, які не паддаецца крытыцы».

Ён адзначыў, што сітуацыя з санкцыямі ў дачыненні да Расіі дае негатыў і для Беларусі. Узяць абвал расійскага рубля — па словах Прэзідэнта, у свой час ад апошняга вялікага абвалу Беларусь страціла каля трох мільярдаў долараў толькі на курсавых розніцах.

Пра падарункі і іх сэнс

Па выніках сустрэчы ў Сочы кіраўнік дзяржавы падарыў расійскаму Прэзідэнту абраз Анёла-Ахоўніка. Ці патрэбны Расіі і Уладзіміру Пуціну анёл-ахоўнік і ці можа ў заходнім напрамку ім стаць Беларусь — на гэтае пытанне Аляксандр Лукашэнка адказаў так:

«Як Расія для нас, так і Беларусь для Расіі з'яўляецца анёлам-ахоўнікам. Я ўжо казаў. Можа, гэта камусьці ў Беларусі не падабаецца, але з першых дзён свайго прэзідэнцтва я раблю такія заявы», — дадаў ён.

Пра здагадкі аб уласных страхах

Беларускі лідар адзначыў, што ў аглядзе СМІ прачытаў розныя тлумачэнні на тэму страхаў, жахаў для сябе ў будучыні. «Па-першае, мне ўжо нічога не страшна. Я чалавек, які прайшоў праз многія страхі. Але ёсць адзін страх, калі яго можна страхам назваць, — гэта эканоміка. Я заўсёды пра гэта кажу, — нагадаў кіраўнік дзяржавы. — Калі будзе ў нас развівацца нармальна эканоміка, будуць больш-менш нармальна жыць нашы людзі, ну хоць бы як цяпер, ніякіх страхаў для беларусаў быць не можа. Не існуе такіх страхаў. Ні знешняя агрэсія, ні што нас хтосьці заняволіць, захопіць, што нас хтосьці падпарадкуе, растворыць... Ніякіх больш страхаў няма, акрамя эканомікі».

Пра новага расійскага паслаі кандыдатуру беларускага ў Расіі

Нагадаем, новым паслом Расіі ў нашай краіне і спецпрадстаўніком Прэзідэнта Расіі па развіцці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з Беларуссю стаў Міхаіл Бабіч.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, Бабіч — дасведчаны чалавек, які ведае шматлікія праблемы. Акрамя таго, яго кандыдатуру беларускі лідар абмяркоўваў з Уладзімірам Пуціным у тэлефоннай размове. Пуцін падкрэсліў: гэта чалавек, які будзе спрыяць нармалізацыі, паглыбленню адносін, будзе працаваць на добрае.

З кандыдатурай беларускага пасла ў Расіі беларускі лідар пакуль не вызначыўся. Ён назваў здагадкі СМІ [некаторыя з іх паведамілі, што новым паслом можа стаць першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Рыжанкоў. — «Зв».] абсалютнай няпраўдай. «Я нават яшчэ і пытанні гэтыя не прадумваў асабіста. Не тое што кандыдатуры... Знойдзем мы годнага чалавека», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Аб адносінах да Дональда Трампа

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што ён быў ініцыятарам размовы аб амерыканскім Прэзідэнце і распытваў, што адбываецца ў ЗША з пункту гледжання Расіі. «Тым больш я не ўтойваў і не ўтойваю, што я ж вельмі моцна хварэў за Дональда Трампа. І публічна некалькі разоў выказваўся аб ходзе перадвыбарнай кампаніі ў ЗША на карысць фактычна Дональда Трампа», — сказаў беларускі лідар.

Беларускі Прэзідэнт назваў Трампа неардынарным палітыкам і канстатаваў, што такога яшчэ не было, каб найбуйнейшая краіна ў свеце і яе кіраўнік так актыўна дзейнічалі, і прытым такімі нестандартнымі метадамі.

Аднак Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што не ва ўсім яго падтрымлівае. «Тым больш, можа, я чагосьці не разумею. Натуральна, некаторыя пытанні схаваныя ад усіх нас, і ад мяне ў тым ліку. Але ваяваць з усім светам, у тым ліку ў гандлі... Напэўна, гэта не зусім правільна. Але, я яшчэ раз падкрэсліваю, не ўсё мы, напэўна, ведаем, што там існуе і што адбываецца», — адзначыў ён.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Без домыслаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».