Вы тут

Рэдкі экзэмпляр


Гомельскі калекцыянер Сяргей Пуцілін пра тое, што дорага яму і цікава нам.

Прадметы з яго калекцыі ўпрыгожваюць залы некалькіх музеяў Беларусі, у тым ліку – славуты палац Румянцавых-Паскевічаў. Для публікі гэта доказ сапраўднага прафесіяналізму. А для самога калекцыянера – не нагода для раслаблення. За плячамі гэтага чалавека амаль два дзясяткі паспяховых выставак антыкварыяту. Зараз ён рыхтуе да адкрыцця першы ў Гомелі антыкварны салон. 

Пра тое, як становяцца калекцыянерамі

Раскошная мэбля і прадметы інтэр’еру, старадаўнія іконы, фарфор і сталовае серабро, карціны – сёння я пра гэта магу расказваць гадзінамі. Але ці думаў ў дзяцінстве, што аднойчы звяжу з антыкварыятам сваё жыццё? Не. Я марыў пра кар’еру ваеннага ці прафесійнага спартсмена. Яшчэ ў школе сур’ёзна займаўся лыжнымі гонкамі і нават атрымаў званне майстра спорта ў гэтай дысцыпліне. Пазней зацікавіўся папулярным у 90-я гады культурызмам. Пры чым тут антыкварыят? Пры тым што я чалавек надзвычай цікаўны. Трапіў адзін раз на паседжанне гомельскага клуба калекцыянераў “Юнона”, убачыў там іконы, падобныя да тых, што былі ў маёй бабулі, і тут жа захацеў даведацца пра іх больш. Чым яны вылучаюцца сярод астатніх? Ці сапраўды з’яўляюцца антыкварнымі? У чым іх гістарычная вартасць? Так і закруцілася. 

Пра ўласную калекцыю

Першыя 10-15 гадоў я проста збіраў цікавыя рэчы. Унікаў у тэму, развіваў чуццё, вучыўся на ўласных памылках. Калекцыя жывая і пастаянна мяняецца, як я і мае густы. У маладосці вабілі манеты – царскія і перыяду Трэццяга рэйха. Хаця я ніколі не зацыкліваўся на чымсьці адным. Заўсёды развіваў некалькі напрамкаў: іконы, мэбля і прадметы інтэр’еру, фарфор і срэбра, мастацкія творы. Ёсць у мяне і прафесійнае табу - на ваеныя ўзнагароды. Лічу, пакуль жывуць ветэраны Вялікай Айчыннай, мы не маем ніякага права на іх вачах пераўтвараць рэальныя подзвігі ў калекцыянерскія трафеі. Гэта варварства.

Увогуле, у нашай справе вельмі важна разумець, для чаго ты гэтым займаешся. Смага накапляльніцтва, «купіў-прадаў» з мэтай абагаціцца – гэта  не калекцыяніраванне. Галоўнае для сапраўднага збіральніка не столькі матэрыяльнае, колькі духоўнае. Захаванне культуры і гісторыі – вось наша задача. Магу праехаць некалькі тысяч кіламетраў, каб асабіста пазнаёміцца з папярэднім уладальнікам таго ці іншага прадмета. Даведацца, адкуль антыкварыят, чаму ён яго прадае. Кожная рэч мае сваю “біяграфію”. Калекцыянер мусіць яе “раскапаць”, а пасля падзяліцца гісторыяй з іншымі. Толькі дзеля гэтага ўсё і задумана.

Ёсць стэрэатып, быццам усе калекцыянеры антыкварыяту людзі неймаверна багатыя. Гэта не так. Я б сказаў, усё наадварот: калекцыянеры – людзі, у якіх грошай вечна няма. Усё пускаецца ў справу.

Пра выставы

Першыя выставы я пачаў арганізоўваць гадоў шэсць таму. Рыхтаваў экспанаты, рабіў подпісы, растаўляў усё належным чынам у залах, праводзіў інструктаж для экскурсаводаў… а сам на адкрыццё не прыходзіў. Шчыра кажучы, і зараз не бачу ў гэтым вялікага сэнсу. Я ж не зорка, не першы твар горада. Людзі павінны глядзець на выставу, а не на мяне. Цікавей без афіцыёзу і пампезнасці ў звычайны дзень убачыць рэакцыю народу на маю працу. Даведацца, што спадабалася, што не вельмі, каб разумець, куды рухацца далей.

Публіка ў Гомелі надвычай прыемная. Тут умеюць цаніць прыгожае. Таму з-за пастаянных выстаў адкладваю адкрыццё салона ўжо пяць гадоў. Народ патрабуе відовішчаў і гэта цудоўна. Не магу адмовіць.

Мне падабаецца, што сучасная выстава - гэта не толькі “паклаў экспанат пад шкельца і глядзіце”. Гэта мінітэатр з удзелам музейшчыкаў і артыстаў, пэўны інтэрактыў.

 “Рукамі не дакранацца!” – гэтая фраза дзейнічае як заклік. Дарослыя і дзеці так і хочуць улезці пад перагародкі, ткнуць пальчыкам. Нармальнае чалавечае жаданне. На чарговай выставе “Ах, гэтыя дамскія штучкі” я пайшоў яму насустрач і стварыў некалькі інтэрактыўных зон. Хочаш пасядзець на антыкварных канапах? Калі ласка! Прымераць дзіўны галаўны ўбор? Смялей! Пагартаць пажоўклыя старонкі рарытэтнага фотаальбома? Без праблем!

Пра падробкі

У маладосці былі моманты, калі я дапускаў памылкі. Ні адзін калекцыянер не застрахаваны ад гэтага. Як толькі ў свеце з’явіліся каштоўныя рэчы, тут жа зарадзілася мастацкае перайманне, пасля капіраванне, а затым і падробліванне пад арыгінал. Сучасныя тэхналогіі робяць такое, што нават самыя аўтарытэтныя эксперты ў свеце не могуць дакладна сказаць: фальшыўка перад імі ці не. Гэта вялікая праблема.

З іншага боку, трэба ўлічваць пэўныя нюансы. Не ўсе копіі аднолькавые. Мець у сваёй калекцыі тую, што зрабіў добры майстр у той жа час, што і арыгінал, - нармальна. Гэта таксама антыкварыят.

Трэба браць да ўвагі, што толькі адзінкі могуць дазволіць сабе сапраўднае палатно Айвазоўскага. Між іншым, яго творы падробліваюць часцей, чым іншых мастакоў. Бо ён яшчэ пры жыцці дазваляў капіраваць свае палотны.

 Іншыя мастакі любілі цешыцца з няўмелых “капіравальшчыкаў”. Успомніце эпізод з кнігі “Масква і масквічы” Гіляроўскага, калі падробка карціны Іллі Рэпіна трапіла яму ў рукі. Ён зрабіў на ёй надпіс “Гэта не Рэпін. І. Рэпін” і кошт яе ўзняўся ў дзесяць разоў. 

Пра выяўленчае мастацтва

Сёння значную частку маёй калекцыі займаюць творы выяўленчага мастацтва. Збіраю і антыкварныя карціны, і палотны сучасных мастакоў. Асаблівае месца адводжу працам з гомельскімі краявідамі. Спадзяюся, аднойчы атрымаецца адкрыць галерэю пад іх.

Многіх здзіўяе той факт, што калекцыянеры не маюць спецыяльнай мастацкай адукацыі, але пры гэтым нядрэнна разбіраюцца ў гэтай сферы. Усё прыходзіць з досведам.  Шматгадовая дружба з рэстаўратарамі, мастакамі і іншымі калекцыянерамі не праходзіць дарма. Зрэшты, мастацтва - рэч вельмі суб'ектыўная. Мне не зразумела, чаму «Чорны квадрат» КазіміраМалевіча ацэньваюць у дзясяткі мільёнаў даляраў. І чаму ў такім выпадку «Троіца» Андрэя Рублёва не даражэй ў тры разы?

Цяпер папулярныя карціны, якія ацэньваюць не па майстэрству выканання, не па ідэі, а па асобы аўтара. Быў ён эпатажны, была цікавая гісторыя стварэння палатна - значыць і каштуе дорага. Маркетынг, ды і толькі! Але я ўпэўнены, аднойчы ўсё стане на свае месцы. І сапраўдны талент зноў будзе ў цане.

Пра музеі

На жаль, у многіх раённых і гарадскіх музеях няма нічога, акрамя калаўротаў, швейных машынак "Зінгер", прасаў і самавараў. Так, гэта частка славянскага побыту стогадовай даўнасці. Але ніяк не аснова экспазіцыі краязнаўчага музея. Прыкра глядзець дзесяцігодзямі на адныя і тыя ж экспанаты, пакрытыя пылам. У беларускіх зямель цудоўная багатая гісторыя, якая заслугоўвае таго, каб пра яе памяталі!  

Многія музейшчыкі апраўдваюць скуднасць экспазіцый недастатковым фінансаваннем. Як па мне, справа не ў грошах, а ў жаданні нешта змяніць. Па-першае, ва ўсіх ёсць фонды, дзе захоўваецца большая частка экспанатаў. Трэба туды хоць час ад часу заглядваць. Па-другое, не бойцеся звяртацца да прыватных калекцыянераў, якія могуць прадаставіць экспанаты для часовай выставы. Па-трэцяе, спонсарства таксама нельга скідваць з рахункаў. Цяпер яно на ўздыме, трэба гэтым карыстацца.

Пра Гомель

З горадам на Сожы мяне парадніла армія. Калі трапіў сюды, думаў: пасля дэмабілізацыі ўсе роўна вярнуся на радзіму. Неўзабаве для сябе самога паступіў у Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны. Самае цікавае, што зрабіў я гэта, яшчэ знаходзячыся на службе. Нонсэнс! Каб здаць экзамен, прыходзілася браць звальненні. Але нічога - адслужыў, адвучыўся і застаўся.

Гомель палюбіўся мне сваім спакоем і простай, някідкай прыгажосцю. Раней у цэнтры было шмат каштанаў. Шкада, што вырубілі. Цяпер вясна тут страціла сваю абаяльнасць…

Вялікую ролю ў рашэнні застацца адыгралі людзі. Я знайшоў у Гомелі шмат аднадумцаў: заўзятых калецыянераў, рэстаўратараў, майстроў і іншых творчых людзей, не абыякавых да мастацтва. Гэта здорава!

 

Фота аўтара.

 

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.