Вы тут

Карэспандэнты «Звязды» пабывалі ў першым прыватным музеі грошай


Кажуць, лічыць у чужым кашальку — дрэнны тон. А калі ў сваім? І не толькі ды не столькі лічыць, колькі вывучаць з іх дапамогай гісторыю роднага краю? Тады вам прамая дарога на Зыбіцкую, у музей Grоshі.


Адметнасцяў у спецыялізаванага музея, што размешчаны ў гістарычным цэнтры сталіцы, адразу некалькі. Па-першае, у адрозненне ад старэйшага сабрата пры Нацыянальным банку ён адкрыты шэсць дзён на тыдзень, акрамя панядзелка, і агульнадаступны: трапіць сюды можна проста з вуліцы, без папярэдняга запісу і чакання арганізаванай экскурсіі. А па-другое — і гэта асобна падкрэсліваецца — тут размешчаны толькі арыгінальныя грашовыя адзінкі, без ніякіх копій.

Калекцыю, аснову якой складаюць памятныя і юбілейныя манеты Нацбанка, яе ўладальнік, фінансіст і выкладчык Андрэй МІСЬКО збіраў больш як 10 гадоў. Спачатку толькі для сябе, а потым вырашыў: чаму б і іншым не паказаць у прамым і пераносным сэнсе багаты свет беларускіх грошай? На сёння ў экспазіцыі прадстаўлены манеты і банкноты, якія мелі хаджэнне на Беларусі за апошнія 120 гадоў. «Ёсць у калекцыі і больш старыя манеты і банкноты, але цалкам мы закрываем гісторыю грашовага абарачэння менавіта за гэты перыяд, таму яго паўсюдна і заяўляем, — падкрэслівае Андрэй Місько. — Безумоўна, хочацца папаўняць калекцыю, скажам, набыць адну з памятных манет, выпушчаных да 200-годдзя Адама Міцкевіча, у якіх спачатку дапусцілі памылку і пазначылі год смерці 1854-ы, а не 1855-ы і нават паспелі прадаць 93 штукі гэтых манет, а потым серыю выключылі з продажу, і цяпер такі каштоўны «брак» практычна не знайсці... Але гэта ўсё ў перспектыве, як і пашырэнне экспазіцыі, адкрыццё інтэрактыўных зон для дзяцей і г. д. Пакуль трэба ўласна раскручваць і прадаваць прадукт, які ў нас атрымаўся. Мяркую, калекцыянаванне пастаўлю на паўзу на некалькі месяцаў, каб шчыльна заняцца прасоўваннем музея».

Што ж прапаноўваюць наведвальнікам Grоshі? Пры вонкава сціплых памерах экспазіцыі тут ёсць на што паглядзець: і яшчэ свежыя ў памяці «зайчыкі», і знакамітыя «сталінскія анучы» — нязвыкла вялікія банкноты ўзору 1947 года, і «Кацькі» ды «керанкі», і акупацыйныя маркі, і памежныя ўкраінскія грыўні, што пэўны час мелі хаджэнне на Палессі, — тутэйшыя называлі іх «жаўткамі» з-за колеру. У вітрыне з грыўнямі заўважаем незвычайныя капейкі: яны па аналогіі з дробнымі манетамі, вядомымі яшчэ з ХVІ стагоддзя, называліся «шагі» і выпускаліся ў выглядзе марак. А побач уражваюць вузкамясцовыя купюры, выпушчаныя падчас грамадзянскай вайны ў 1918 годзе ў асобных паветах: напрыклад, падпісаныя паштучна кіраўнікамі паветаў слуцкія, гомельскія, магілёўскія рублі — апошнія, між іншым, «злізаныя» з аналагічных адэскіх грошай... «Адразу прыгадваюцца пан атаман Грыцыян Таўрычаскі з «Вяселля ў Малінаўцы» і Папандопула з яго шчодрай прапановай: «Бяры ўсё, я сабе яшчэ намалюю!» — смяёмся мы з фатографам.

Таксама ў калекцыі — вэксалі, купоны і аблігацыі розных часоў (на адной вока чапляецца за дату — 1864 год), раннія савецкія купюры, падпісаныя на розных мовах, ад беларускай да кітайскай — так палымяна і цвёрда камуністы некалі верылі ў сусветную рэвалюцыю, і памятныя манеты, прысвечаныя самым розных падзеям і эпохам: ад жыццёвага шляху Францыска Скарыны да Алімпіяды-80, асваення космасу або 100-годдзя беларускай міліцыі.

«Па старых манетах у нас ёсць некаторыя прабелы, а вось банкноты трапляюцца нават вельмі рэдкія, — заўважае экскурсавод музея Ілья Чарняўскі. — Шырока прадстаўлены царскі час, польская акупацыя, менш прадстаўлены пачатак усталявання савецкай улады — тады вельмі хутка мяняліся грошы, выпускаліся яны, як правіла, малымі тыражамі, так што на сёння гэта вялікая рэдкасць. Часта наведвальнікі пытаюцца: чаму, маўляў, вы сабралі грошы толькі за 100—120 гадоў, чаму не прадстаўлена Вялікае Княства Літоўскае?
А таму, што ёсць мноства нюансаў: набываць і афармляць у музей грошы ўзростам больш за 150 гадоў — гэта і вельмі дарагая справа, і юрыдычна складаная, дый экспазіцыя такіх аб'ёмаў вымагае значна большых выставачных плошчаў. Мы толькі пачынаем, аднак калі ініцыятыва знойдзе водгук у беларусаў і замежных турыстаў, то, канешне, будзе і далейшае развіццё».

Асобна нам паказваюць узоры грошай, якія маглі з'явіцца ў Беларусі ў 1994-м, — банкноты наміналам у 5, 10, 20, 50 рублёў, упрыгожаныя партрэтамі класікаў: Купала, Колас, Багдановіч, Скарына... У агульную экспазіцыю іх не змяшчалі, каб не парушаць прынцып «толькі арыгіналы» — усё ж гэта копіі. Да таго ж, па сутнасці, сапраўднымі грашыма «скарынаўскія рублі» так і не сталі: пакуль эскізы былі зацверджаныя, пакуль надрукавалі ў Германіі першы тыраж, пакуль знізіўся да прымальнага ўзровень інфляцыі, у нашай краіне ўжо змяніліся палітычныя і эканамічныя ўмовы і дзяржаўная сімволіка.

Якія яшчэ рэдкасці можна ўбачыць у экспазіцыі? Напрыклад, першы савецкі чырвонец альбо руска-польскія манеты ХІХ стагоддзя, выпушчаныя пры Мікалаі І. Калі Царства Польскае ўвайшло ў склад Расійскай Імперыі, то, каб прывучыць мясцовае насельніцтва да новых грошай, гадоў з дзесяць іх выпускалі на дзвюх мовах: з аднаго боку — рускі рубель, з другога — польскі злоты. Здзіўляюць і наміналы: вось 3/4 рубля, роўныя пяці злотым, а вось 7 рублёў 50 капеек узору 1897 года, якія былі ў абарачэнні ўсяго год...

— Я хоць і гісторык па адукацыі, помню ўніверсітэцкі курс нумізматыкі і да пачатку працы ў музеі меў пэўнае ўяўленне пра грашовае абарачэнне ў Беларусі, але таксама зрабіў для сябе нямала адкрыццяў, — прызнаецца Ілья Чарняўскі. — Таму, на мой погляд, наведаць музей будзе цікава і карысна самаму шырокаму колу людзей, ад школьнікаў да пенсіянераў. Не гаворачы ўжо пра замежнікаў. Бачылі б вы, з якімі вачыма ад нас выходзілі кітайцы! А адзін брытанскі турыст практычна не глядзеў экспазіцыю, затое адразу набыў у сувенірным аддзеле адну з даволі дарагіх памятных манет

Цікавінкі пра Grоshі

  • Ад задумы да рэалізацыі праекта музея прайшоў год.
  • Пачатак калекцыі паклала памятная манета «Рысь», якая трапіла ў абарачэнне ў 2008 годзе.
  • Сярэдні кошт аднаго музейнага экспаната — 50 долараў, а ўсяго ў калекцыі прыкладна 1500 манет і банкнотаў.
  • Сярод самых старых экспанатаў — манета 1560 года выпуску і банкнот 1898-га.
  • Напярэдадні афіцыйнага адкрыцця музей 10 дзён працаваў у тэставым рэжыме, і толькі за гэты час яго наведала каля 600 чалавек. У кнізе водгукаў ужо ёсць запісы на беларускай, рускай, украінскай і французскай мовах.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: «Копій у нас няма, усё сапраўднае!»

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.