Вы тут

Антытэрарыстычнае вучэнне прайшло ў Мінску


Камп'ютарнае камандна-штабное вучэнне сістэмы проціпаветранай абароны членаў Садружнасці Незалежных Дзяржаў праходзіла ў жніўні ў Беларусі. Падчас яго адбылося спецыяльнае пасяджэнне Каардынацыйнага камітэта, які дзейнічае пры Савеце міністраў абароны СНД.


— Вучэнне праводзіцца ў мэтах удасканалення Адзінай рэгіянальнай сістэмы ППА Беларусі і Расіі, павышэння эфектыўнасці баявога прымянення войскаў (сіл) сістэмы ва Усходне-Еўрапейскім рэгіёне калектыўнай бяспекі, — зазначыў камандуючы Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі проціпаветранай абароны Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь Ігар ГОЛУБ.

Ваеннае супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД з'яўляецца неад'емнай часткай і важным фактарам развіцця Садружнасці. Адзін з найважнейшых кірункаў супрацоўніцтва ў ваеннай сферы — супрацоўніцтва ў галіне проціпаветранай абароны.

— Ключавая роля ў гэтых пытаннях заслужана належыць Каардынацыйнаму камітэту па пытаннях проціпаветранай абароны пры Савеце міністраў абароны дзяржаў СНД, — заўважыў намеснік міністра абароны Рэспублікі Беларусь Сяргей ПАТАПЕНКА. — Дзякуючы камітэту паступальна развіваецца нарматыўна-прававая база, якая дазваляе рэалізаваць сумесныя і нацыянальныя інтарэсы краін СНД у разнастайных фарматах узаемадзеяння. Планава ажыццяўляецца ўдасканаленне падрыхтоўкі афіцэраў ППА. Комплексна праводзяцца мерапрыемствы аператыўнай і баявой падрыхтоўкі, сумесныя вучэнні з баявой стральбой як найвышэйшая форма праверкі баяздольнасці войскаў сіл дзяржаў.

Дзякуючы агульным намаганням у СНД ажыццяўляецца комплексны падыход у вырашэнні задач па гарантаванні бяспекі.

— На жаль, абстаноўка ў свеце пастаянна ўскладняецца, нарошчваецца патэнцыял і ваенная актыўнасць НАТА паблізу знешніх межаў Садружнасці, — паведаміў дырэктар дэпартамента па супрацоўніцтве ў сферы бяспекі і процідзеяння новым выклікам і пагрозам Выканаўчага камітэта СНД Альберт ДРУЖЫНІН. — У гэтай няпростай сітуацыі рэалізацыя існуючага патэнцыялу абароннага супрацоўніцтва дзяржаў СНД уяўляецца адным з ключавых момантаў, якія спрыяюць зніжэнню ўплыву негатыўных фактараў, гарантаванню надзейнай абараназдольнасці і бяспечнага развіцця нашых краін.

Імклівае развіццё тэхналогій нападу вызначыла неабходнасць пашырэння пераліку задач, што вырашаюцца аб'яднанай сістэмай ППА ПНД па супрацьдзеянні новым выклікам і пагрозам.

— Як станоўчы аспект у супрацоўніцтве адзначаем выкарыстанне атрыманага вопыту ў сумеснай дзейнасці, — кажа Альберт Дружынін. — Мы працягваем развіваць гэтую форму супрацоўніцтва. Камп'ютарнае камандна-штабное вучэнне сістэмы ППА дзяржаў СНД «Рэгіянальная бяспека — 2018» — таму сведчанне.

Падчас пасяджэння была прынята да ведама інфармацыя аб досведзе выкарыстання беспілотнікаў падчас баявых дзеянняў у Сірыі. У перагаворах сам-насам прадстаўнікі Расіі і Беларусі абмеркавалі рэалізацыю пагаднення аб сумеснай ахове знешняй мяжы Саюзнай дзяржавы ў паветранай прасторы і стварэнні адзінай рэгіянальнай сістэмы проціпаветранай абароны.

Асноўная фаза вучэнняў праводзілася на базе дапаможнага пункта кіравання камандавання Ваенна-паветраных сіл і войскаў ППА Беларусі. На сцяне ўсталяваны велізарны панарамны экран. На карце ў рэжыме рэальнага часу паказваецца перамяшчэнне самалётаў у паветранай прасторы Беларусі і прылеглай тэрыторыі сумежных краін. Калінінградская вобласць падсвечана асобна.

За камп'ютарамі сядзяць афіцэры аператыўнай групы з арміі ПКС Расіі і ВПС і ППА Беларусі. Яны ўважліва глядзяць у маніторы. Раз-пораз раздаюцца тэлефонныя званкі і ажывае рацыя.

— Гэты пункт з'яўляецца складовай часткай каманднага пункта Адзінай рэгіянальнай сістэмы проціпаветранай абароны Беларусі і Расіі, — кажа начальнік галоўнага штаба, першы намеснік камандуючага ВПС і войскамі ППА генерал-маёр Сяргей ТРУС. — Для ўдзелу ў гэтых вучэннях была ўпершыню створана аператыўная група для забеспячэння працы камандуючага Адзінай рэгіянальнай сістэмай.

Праца службовых асоб арганізавана на аўтаматызаваных рабочых месцах дапаможнага пункта. Ён аснашчаны комплексам трэнажна-імітацыйных сродкаў «Пліса», прызначаным для навучання і ўдасканалення навыкаў працы афіцэраў аператыўнага і аператыўна-тактычнага звенняў кіравання. Дадаткова выкарыстоўваюцца і праграмныя комплексы, створаныя беларускімі спецыялістамі і прынятыя на забеспячэнне Узброеных Сіл. Комплекс «Вучэнне» выкарыстоўваецца для адпрацоўкі графічных дакументаў, а сістэма мадэлявання баявых дзеянняў «Свіслач» дапамагае ацэньваць эфектыўнасць прынятых рашэнняў.

Пры правядзенні камп'ютарнага камандна-штабнога вучэння атрымалася сумясціць тэарэтычную і практычную работу.

— Падчас практычнага этапу вучэнняў мы адпрацавалі такія сітуацыі, якія найбольш часта могуць сустрэцца, — кажа Ігар Голуб. — Першая — згон паветранага судна тэрарыстамі. Таксама мы праверылі алгарытм дзеянняў падчас парушэння дзяржаўнай мяжы баявым паветраным суднам. Трэці эпізод — з-за форс-мажорных абставін яно згубіла візуальную арыенціроўку. У тым выпадку, калі лётчык і экіпаж не могуць сарыентавацца, дзе яны знаходзяцца, дзяжурныя сілы па проціпаветранай абароне павінны прыйсці ім на дапамогу. У гэтай сітуацыі мы ажыццяўляем перахоп. Што гэта такое? Мы падводзім паветранае судна-перахватчыка да таго, якое страціла арыенціроўку, пасля чаго і выводзім яго на зададзены маршрут. Калі камандзір экіпажа дакладвае аб тым, што арыенціроўка адноўлена, мы лічым, што задача выканана. Гэта вучэнне праводзілася не толькі на картах і камп'ютарах, яно адпрацавана з практычнымі элементамі. Па выніках праведзенага мадэлявання і практычнай работы вызначылася эфектыўнасць дзейнай сістэмы і быў выпрацаваны аптымальны баявы склад для выканання пастаўленых задач у рамках Адзінай рэгіянальнай сістэмы проціпаветранай абароны. Мяркуецца, што вынікам вучэння стане яшчэ большае ўмацаванне адносін з Паветрана-касмічнымі сіламі Узброеных Сіл Расіі пры выкананні задач, якія пастаўлены перад проціпаветранай абаронай

Тым часам

З 16 ліпеня па 12 жніўня ў Разані праходзіў міжнародны конкурс лётных экіпажаў «Авіядартс-2018». Ёсць чым пахваліцца і нашым лётчыкам! Нашы каманды вярнуліся адтуль з прызавымі месцамі.

— У намінацыі «Штурмавая авіяцыя» нашы экіпажы занялі другое месца, — кажа Ігар Голуб. — Мушу зазначыць, што выступалі яны на асвоеных тыпах новых самалётаў Як-130. У намінацыі «Вайсковая авіяцыя на транспартна-баявых верталётах» беларусы таксама сталі другімі. Тут яны выконвалі пастаўленыя задачы на новых верталётах Мі8МТВ-5. А ў спаборніцтвах «Вайсковая авіяцыя на баявых верталётах» нашы лётчыкі, якія ўзняліся ў неба на верталётах Мі-24, заваявалі бронзу.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Разам супраць пагроз

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.