Вы тут

Чым здзіўляе Камбоджа?


Выбаркам Камбоджы нарэшце апублікаваў афіцыйныя вынікі выбараў у Нацыянальную асамблею (яны прайшлі яшчэ 29 ліпеня). Паводле гэтых даных, перамагла кіруючая Народная партыя Камбоджы (НПК) на чале з прэм'ер-міністрам Хун Сенам, атрымаўшы ўсе 125 крэслаў у парламенце. За НПК было пададзена амаль 4,9 мільёна галасоў — 76,8 працэнта ад агульнай колькасці тых, хто ўдзельнічаў у выбарах. Як паведаміў прэм'ер-міністр, парламент новага склікання і ўрад будуць створаны адпаведна 5 і 6 верасня. Фактычна НПК на чале з Хун Сенам атрымала паўнаважкі мандат на кіраванне краінай на наступную пяцігодку. Куды рушыць Камбоджа?


Загадкі імперыі

Камбоджа насамрэч зямля кхмераў. З дагістарычных часоў Індакітайскі паўвостраў засялялі мон-кхмерскія народы, якія, хутчэй за ўсё, прыйшлі сюды ў яшчэ больш ранні перыяд з Інданезіі і Палінезіі. Тэрыторыя іх рассялення была значна шырэйшая, чым плошча цяперашняй Камбоджы, і займала поўдзень сучаснай М'янмы, амаль увесь Тайланд, паўднёвую частку Лаоса, усю Камбоджу і вялікую частку В'етнама. Гэтыя народы знаходзіліся на вельмі высокай стадыі развіцця. Узрослая на індыйскай культуры імперыя кхмераў праіснавала паўтысячагоддзя, перш чым, падпарадкоўваючыся загадкавым абставінам, нечакана развалілася пад націскам ворага.

Да шостага стагоддзя большая частка цяперашняй Камбоджы належала каралеўству Фуна, якое паклала пачатак фарміраванню адметнай культуры. З 802 года вядзе адлік адна з найвялікшых старажытных імперый — Кхмерская. Яна ахоплівала тэрыторыю сучасных Камбоджы, Тайланда, Лаоса, В'етнама, Бірмы і Малайзіі. Самы буйны ў свеце сярэднявечны горад знаходзіўся ў Паўднёва-Усходняй Азіі. Гэта была сталіца Кхмерскай імперыі Ангкор. У перыяд росквіту колькасць жыхароў тут дасягала мільёна чалавек. Для Сярэднявечча гэта проста касмічныя лічбы!

Уладары імперыі кхмераў Камбуджадэша панавалі над сотнямі тысяч падданых і валодалі велізарнымі тэрыторыямі. Сіла іх беспрэцэдэнтнай улады заключалася ў разумным выкарыстанні вады. На працягу стагоддзяў даведзеная да дасканаласці ірыгацыйная сістэма, якая складаецца з каналаў, дамбаў і вялікіх штучных рэзервуараў, дазваляла кхмерам збіраць да трох ураджаяў рысу ў год! Гэтая «гідраўлічная цывілізацыя» спрыяла незалежнасці грамадства ад пары года і мусонных дажджоў і заклала аснову для неверагодна вялікай нават па сусветных маштабах колькасці насельніцтва.

Уздым імперыі пачаўся ўжо ў канцы ІX стагоддзя, з пераезду караля Яшовармана І у новую сталіцу Яшодхарапура. Горад узнік на месцы, дзе тры ракі ўпадаюць у самы вялікі прэснаводны вадаём у Азіі — у багатае на рыбу возера Танлесап, званае таксама Камбаджыйскім унутраным морам. Тут і з'явілася ірыгацыйная сістэма, якая паклала пачатак небывалай магутнасці Кхмерскай імперыі. Рукатворныя вадасховішчы кхмераў былі акружаны дамбамі. Гэта былі цалкам практычныя ірыгацыйныя збудаванні, якія сімвалізавалі асобую сутнасць кіраўніка, які атаясамліваўся з богам Індрай. У адпаведнасці з сакральным значэннем храмавы комплекс уяўляў сабой мадэль Сусвету з гарой Меру ў цэнтры, а навакольныя храмы, вадасховішчы (барай) увасаблялі сусветны Акіян.

На старонках навуковага часопіса Proceedіngs of the Natіonal Academy of Scіences спецыялісты з Кембрыджскага ўніверсітэта апублікавалі вынікі сваіх найноўшых даследаванняў аб прычынах заняпаду кхмерскай феадальнай дзяржавы ў першай палове XV стагоддзя. Сярод магчымых прычын гібелі імперыі ў 1431 годзе называецца ўварванне варожых войскаў, гвалтоўнае пераварочванне жыхароў у будызм, але даследчыкі звярнулі ўвагу і на сукупнасць іншых прычын, якія прывялі да разбурэння ўсяго дзяржаўнага арганізма.

Брытанскімі спецыялістамі былі ўзятыя пробы асадкавых парод у бараях, размешчаных у гіганцкім храмавым комплексе ў Камбоджы Ангкор-Ват, што азначае «горад-храм», які прысвечаны богу Вішну. Гэты рэзервуар восем на два кіламетры быў самым вялікім з чатырох вадасховішчаў у Ангкоры і ўмяшчаў да 53 мільёнаў кубаметраў вады. У выніку яны прыйшлі да папярэдняй высновы, што кхмеры не здолелі своечасова прыняць неабходных мер. «Іх арашальная сістэма аказалася няздольнай адрэагаваць на змены выпадзення ападкаў», — паведаміла Мэры Бэт Дэй і яе калегі з Кембрыджскага ўніверсітэта.

У сярэднявечча — з Пол Потам

Каралеўства Аюдхуа захапіла Анкор у 1432 годзе, у выніку краіна на паўтара стагоддзя была ахоплена міжусобіцамі і дынастычнымі войнамі. У сутычках прымалі актыўны ўдзел партугальцы і іспанцы. Палітычнае становішча не змянялася аж да з'яўлення французаў у 1863 годзе і падпісання дагавора аб пратэктараце. А ў 1884-м быў падпісаны яшчэ адзін дагавор, паводле якога краіна стала калоніяй. У 1941 годзе французы пасадзілі на камбаджыйскі трон маладога прынца Сіянука. Але памыліліся ў сваім выбары: Сіянука ўступіў у барацьбу з каланіяльным рэжымам і дамогся незалежнасці Камбоджы ў 1953 годзе. Прынц кіраваў краінай наступныя пятнаццаць гадоў, а пасля быў зрынуты ваенным рэжымам. Злучаныя Штаты ў 1969 годзе правялі бамбаванне камуністычных баз у Камбоджы, уцягнуўшы яе ў амерыкана-в'етнамскі канфлікт. У 1970 годзе арміі ЗША і Паўднёвага В'етнама акупавалі тэрыторыю Камбоджы, імкнучыся знішчыць камуністычныя атрады, але яны толькі адкінулі партызанаў углыб краіны.

У 1975 годзе ўладу ў Пнампені захапілі «чырвоныя кхмеры» (леварадыкальны экстрэмісцкі рух аграрнага тыпу) на чале з Пол Потам. Іх ідэалогія грунтавалася на непрыманні ўсяго сучаснага і звязанага з заходняй цывілізацыяй. Краіна аказалася адрэзанай ад знешняга свету. За 3 гады 8 месяцаў і 20 дзён свайго кіравання яны адсунулі Камбоджу ў крывавае Сярэднявечча. У пратаколе Камісіі па расследаванні злачынстваў рэжыму Пол Пота ад 25 ліпеня 1983 года адзначалася, што за перыяд паміж 1975 і 1978 гадамі загінула 2 746 105 чалавек, з якіх 1 927 061 селянін, 305 417 рабочых, служачых і прадстаўнікоў іншых прафесій, 48 359 прадстаўнікоў нацыянальных меншасцяў, 25 168 манахаў, каля 100 пісьменнікаў і журналістаў, а таксама некалькі замежнікаў. Пакаранні на так званых палях смерці ў мэтах эканоміі боепрыпасаў у асноўным праводзіліся «падручнымі сродкамі»: малаткамі, сякерамі, рыдлёўкамі і бамбукавымі каламі, а таксама праз павешанне. 568 663 чалавекі зніклі без вестак і альбо загінулі ў джунглях, альбо закапаныя ў масавых пахаваннях. Агульная колькасць ахвяр ацэньваецца ў 3 374 768 чалавек...

У 1978-м в'етнамскія войскі ўвайшлі на тэрыторыю Камбоджы, «чырвоныя кхмеры» адступілі ў трапічныя раёны і амаль дзесяць гадоў вялі партызанскую вайну. У 1993 годзе адбыліся выбары, якія прывялі да аднаўлення Нарадома Сіянука на троне і прыняцця новай канстытуцыі, гэтыя выбары падтрымалі амерыканцы. Налета ўрад Камбоджы аб'явіў фарміраванне «чырвоных кхмераў» незаконным. Да ўлады прыйшоў Хун Сен, які і цяпер з'яўляецца дзейным прэм'ер-міністрам. Адметна, што ў маладосці ён прымыкаў да «чырвоных кхмераў», але ў 1977 годзе збег у В'етнам і стаў членам урада краіны ў выгнанні. У 1998 годзе адбыліся перавыбары, Хун Сен захаваў сваю пасаду нягледзячы на незадаволенасць апазіцыі. Яшчэ адна падзея адбылася ў гэтым годзе: смерць Пола Пота ад меркаванага інфаркту. Вестка была сустрэта народным гневам, бо ён не паспеў паўстаць перад судом.

Зямельнае «табу»

У адпаведнасці з канстытуцыяй 1993 года Камбоджа — канстытуцыйная манархія, ліберальная парламенцкая дэмакратыя з шматпартыйнай сістэмай. Кіраўніком дзяржавы з'яўляецца кароль. Ён не валодае выканаўчай уладай (якая сканцэнтравана ў руках прэм'ер-міністра), але з'яўляецца галоўнакамандуючым узброенымі сіламі і дае згоду на прызначэнне членаў урада. Большасць насельніцтва гэтай краіны (95 працэнтаў) — будысты.

У 1990-я народная гаспадарка пачала паступова аднаўляцца пасля разбуральных грамадзянскіх войнаў. Да 1997-га штогадовая вытворчасць асноўнай сельскагаспадарчай культуры — рысу — дасягнула 3,5 мільёна тон. У 1997—1998 гадах эканоміка краіны значна пацярпела ад фінансавага крызісу ў рэгіёне і палітычнай нестабільнасці, замежныя інвестыцыі і паток турыстаў скараціліся. Але ўжо ў 1999-м — першым мірным годзе за 30 гадоў — быў дасягнуты эканамічны рост у 5 працэнтаў. Нягледзячы на цяжкія паводкі, ВУП вырас на 5 працэнтаў у 2000-м, на 6 працэнтаў — у 2001-м і на 5 працэнтаў — у 2002-м. Турызм павялічыўся на 34 працэнты ў 2000-м і на 40 працэнтаў — у 2001-м.

Нягледзячы на прыкметныя поспехі, эканамічнае становішча краіны застаецца складаным. Адчуваюцца недахоп адукаваных і кваліфікаваных рабочых рук, неразвітасць інфраструктуры. Як заўважаюць эксперты, пагроза палітычнай нестабільнасці і карупцыя стрымліваюць пашырэнне замежных капіталаўкладанняў. Краіна залежыць ад крэдытаў і дапамогі з-за мяжы. Паводле нацыянальнага заканадаўства, замежнікі не маюць права валодаць зямлёй. Гэтыя меры ў значнай ступені абмяжоўваюць прыток інвестыцый у дробнатаварную сельскую гаспадарку. Праўда, тут ёсць варыянты. Каб стаць уладальнікам зямлі, неабходна зарэгістраваць фірму, не менш за 51 працэнт капіталу якой належыць кхмерам.

Як вядома, аднаўленне Камбоджы пасля разбуральнай грамадзянскай вайны, якая скончылася ў 1989 годзе, у асноўным ажыццяўлялася пры дапамозе ЕС і ЗША, якія абнулілі для каралеўства тарыфы на шэраг тавараў і дазволілі яму развіць вытворчасць тэкстылю (80 % экспарту). Аднак у апошнія гады асноўным інвестарам у краіну стаў Кітай. Тавараабарот паміж КНР і Камбоджай летась склаў $5,8 млрд. Да параўнання: аб'ём узаемнага гандлю з Расіяй за гэты ж час — $166,8 млн.

«Крыпта» і турызм

Сучасныя эканамічныя трэнды не абмінаюць Камбоджу. Сёлета ўрад краіны запусціў уласную нацыянальную крыптавалюту Entapay. Аб гэтым паведаміў віцэ-прэм'ер Мен Сэм Ан. «Entapay — гэта не проста крыптавалюта, якую падтрымлівае камбаджыйскі ўрад. Гэта мультыінструментальная плацежная сістэма ў лічбавай сферы, у якой даступныя функцыі кіравання фінансамі, захоўвання манет, гандлю і абмену. Можна сказаць, што гэта альтэрнатыва сістэме Alіpay, толькі на блокчэйне». Урад разлічвае, што Entapay заменіць VІSA і стане асноўным спосабам аплаты ў краіне. Але пры гэтым урад супраць з'яўлення прыватнай «крыпты». Усе транзакцыі з іншымі лічбавымі грашыма лічацца ў краіне незаконнымі. Прычым не дазваляецца нават рэкламаваць крыптавалюты. Аналітыкі чакаюць, што Камбоджа абгоніць Філіпіны і стане сталіцай анлайн-гемблінгу (азартных гульняў у інтэрнэце) у Паўднёва-Усходняй Азіі. У прэсе было агучана меркаванне, што падтрымка з боку ўрада і паралельна з гэтым нявызначанасць у дачыненні да рэгулятарнага заканадаўства на Філіпінах робяць Камбоджу больш прывабным месцам для інвестыцый.

Ну і, вядома ж, турызм. Камбоджа год за годам, па ацэнках розных міжнародных агенцтваў, прызнаецца найбольш прыцягальным месцам для гасцей з іншых краін. Галоўная славутасць краіны — храмавы комплекс Ангкор-Ват непадалёк ад горада Сіемрэап, у цэнтры краіны. Ён лічыцца самай вялікай культавай пабудовай у свеце. Таксама маюцца месцы для «пляжнага» адпачынку на поўдні, у раёне горада Сіянуквіля. На тэрыторыі краіны размешчаны 23 нацыянальныя паркі. Турыстычная інфраструктура не гэтак развітая, як у суседнім Тайландзе, але ўсё ж прызнаецца цалкам здавальняючай. Разам з тым спецыялісты раяць не адхіляцца ад вядомых турыстычных маршрутаў: краіна дагэтуль нашпігаваная мноствам мін. З 1979 года ў выніку іх выбухаў канечнасці страцілі каля 60 тысяч камбаджыйцаў. Турызм з'яўляецца адным з ключавых сектараў эканомікі краіны. Летась ён прынёс $3,6 млрд, краіну наведала 5,6 мільёна замежных турыстаў. Найбольшая колькасць сярод іх кітайцаў. Паводле інфармацыі міністра турызму Тонг Хона, чакаецца, што сёлета краіну наведаюць каля 1,7 мільёна кітайскіх турыстаў, а да 2020 года гэты паказчык перасягне 2,5 мільёна. Камбоджа ўсё больш схіляецца ў бок Паднябеснай. І гэта прыносіць адчувальныя дывідэнды.

Захар БУРАК

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?