Вы тут

Чым пародзісты сабака адрозніваецца ад звычайнай курыцы


Выпадак, які адбыўся нядаўна ў вёсцы Русакі пад Стоўбцамі, абмяркоўваюць цяпер не толькі тамтэйшыя жыхары, але і, з падачы пацярпелага боку, шматлікія інтэрнэт-карыстальнікі. Выпадак насамрэч жудасны, я, калі чытаю пра штосьці падобнае, прыходзячы дадому, доўга трымаю на руках сваю пухнатую скацінку, прыціскаю да сябе, заглядаю ёй у вочы, нібы просячы прабачэння ва ўсіх іх за ўсіх нас...


У Русаках забілі і павесілі шчанюка пароды хаскі. Зрабілі гэта мясцовыя дзядзькі на вачах аднавяскоўцаў — наладзілі паказальную экзекуцыю за злоўленую і, мяркуючы па ўсім, задушаную сабачкам курыцу. Сабачку не было і года, яго гаспадары прывезлі з горада ў вёску, дзе будуюць сабе дом. Самі былі на ўчастку наездамі, а гадаванца пакінулі пад апекай вартаўніка. Той паехаў на веласіпедзе ў грыбы, сабаку ўзяў з сабой, той па дарозе адстаў. Грыбнік спыняцца і шукаць жывёлку не стаў, а калі вярнуўся з ціхага палявання, Умку забойцы ўжо дасталі з пятлі і закапалі на ўзлеску. Гаспадыня, дзякуючы якой навіна і распаўсюдзілася па сеціве, цяпер звярнулася з заявай у міліцыю і спадзяецца, што тыя дзядзькі адкажуць за жорсткасць па законе.

Шчыра кажучы, я таксама на гэта вельмі спадзяюся. Наша заканадаўства апошнія некалькі гадоў ужо прадугледжвае падобныя выпадкі і адказнасць за іх — аж да крымінальнай. Вельмі спадзяюся, праўда. Бо шкада, сапраўды да слёз шкада тое няшчаснае мілае шчаня, якое не зразумела, за што з ім так, якое проста кіравалася інстынктамі — злавіць у зубы тое, што ўцякае. Бо не па-чалавечы так рабіць, і такая неапраўданая жорсткасць павінна быць пакараная....

Толькі ведаеце што? Я зараз адкрыю страшную праўду, якая вельмі не спадабаецца абаронцам жывёл. Дык вось: калі тых мужыкоў-душагубаў пакараюць — нямногія вяскоўцы тое адобраць. А большасць проста шчыра не зразумеюць: за што?

І справа тут зусім не ў тым, што вяскоўцы — людзі самі па сабе жорсткія. Такой пяшчоты і клопату, з якімі бабулі ці адзінокія дзецюкі ў вёсцы адносяцца да сваіх коцікаў-сабачак — прычым зусім беспародных, — у горадзе яшчэ варта пашукаць. І нават не ў той задушанай курыцы справа. Хоць, як слушна напісалі ў адным з каментарыяў да сумнай гісторыі з Умкам, «вяскоўцы простыя: прыйшла ліса за курамі — лісу прыбілі, прыбег шашок за курамі — яго прыбілі. (Прабачце, але гэта выпадкі з жыцця, інакш як зберагчы гаспадарку.) Аналагічна паступілі і з сабакам». Яно сапраўды так бывае, з дзяцінства помню, як закапалі жывым суседскага ката, бо з-за яго на чатырох падворках не засталося ніводнага кураняці і качаняці. І гаспадыня драпежніка пра яго забойства ведала і ніякім чынам не пярэчыла, бо кот пацягаў усіх птушанят і са свайго хлеўчыка. Але гэта заўжды было крайняй мерай, калі рады ўжо было не даць ніяк — таго няшчаснага ката і ганялі, і кармілі на ганку смятанай, але пражэрлівы нахабнік зноў ішоў на сваё птушынае паляванне...

Справа тут не толькі ў гэтым. Дакладней, зусім не ў гэтым, калі разглядаць апісаны вышэй выпадак не як адзінкавы, а як паказальны. Апошнім часам з'явілася ў вёсках асобная катэгорыя гадаванцаў — дачныя жывёлы. Прывозяць гараджане сваіх пародзістых хатніх прыгажуноў на прыроду — і ўсе павінны ахнуць ад захаплення. А тое, што ў гэтых прыгажуноў ёсць зубы і кіпці ў дадатак да звярыных інстынктаў — гэта ж так міла! Ну і што, што мой пародзісты пудзель незнарок прыдушыў чыёсьці там рабое кацяня, з якім учора гулялі вясковыя дзеці? Падумаеш — вунь яшчэ двое гэткіх самых ля платоў бегаюць, а мой сабачка ведаеце, колькі каштуе... Шчаняці так падабаецца на паветры, столькі свабоды. Хай пабудзе ў вёсцы, папрашу, каб за ім прыглядзелі. Ну і што, што яно ўжо з добрага сабаку, а яшчэ зусім не выхаванае, не навучанае, што можна, чаго нельга. Каго яно тут пакусае? Курыцу дагоніць ды пакамечыць? Ну і што? Вось бяда вялікая — шчанюк проста гуляць любіць...

Мне здаецца, менавіта ў падобных разважаннях, якія часта не гаворацца ўслых, але якія напісаны на тварах і паводзінах гараджан і якія добра ўгадваюць і адчуваюць вяскоўцы, і ёсць галоўная прычына праблемы, якая, калі задумацца, дык, можа, і не надта значная, але ж на сёння, лічы, усюдыісная. І час ад часу яна будзе праяўляцца вось у такім пачварным увасабленні, як у гісторыі з тым бедным хаскі, гаспадары якога нават не падумалі паклапаціцца аб тым, каб падобнага не здарылася. Проста куры, кажаце? А ці ведаеце вы, шаноўныя заводчыкі асабліва каштоўных парод, што ў многіх вясковых гаспадынь кожная чубатка мае сваё імя, і шкадуюць яны тых курэй не менш, чым вы сваіх Маркізаў ды Лордаў. Бо гэта ж вылупілася куранятка, а ты, яшчэ мокрае, браў яго ў далоні і нёс у хату сушыцца пад лямпай, а пасля яны так кранальна дзяўблі пакрышанае яйка, маленькія пярэстыя камячкі, і заходзілася сэрца ад дзівоснай пяшчоты... Зрэшты, каму сёння гэта раскажаш? І хто гэта зразумее?..

У адной вёсцы гадоў дванаццаць назад здарылася суцэльная курыная пагібель. З вальера ў мясцовага прадпрымальніка неверагодным чынам уцяклі паляўнічыя лайкі. Літаральна паўгадзіны хапіла, каб ад курыных чародак, што грэбліся на падворках, засталіся толькі воблачкі з пер'яў... Ведаеце, што зрабіў гаспадар тых сабак назаўтра? Умацаваў вальер — гэта зразумела. А яшчэ — паехаў на бліжэйшую птушкафабрыку і купіў там дарослых курэй нямецкай селекцыі — чырвоных нясушак. І развёз іх па ўсіх падворках, дзе пагаспадарылі яго сабачкі.

Наўрад ці тады вяскоўцы сталі б на яго кудысьці скардзіцца — ведалі, што лайкі, выхаваныя менавіта на паляванне, добра ахоўваліся і выбеглі сапраўды выпадкова. Але яму (і яго сабакам) яшчэ было ў той вёсцы жыць. А адказнасць за тых, каго прыручылі, і сёння ніхто не адмяняў.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Загаловак у газеце: За тых, каго прыручылі

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.