Дзвюх суседак па дачы Таню і Галю аб'ядноўвала любоў да кветак. Стануць, бывала, ля агульнага плота і адна перад адной выхваляюцца, якіх насеялі, якія ўзышлі-расцвілі, а якія — яшчэ расцвітуць... У адной, вядома ж, прыгожыя, а ў другой яшчэ прыгажэйшыя, у адной новыя, а ў другой навейшыя. І шмат.
— Дзе ты іх толькі бярэш? — папыталася неяк Галя.
— Купляю, — пахвалілася Таня, — ды такія грошы аддаю... Гаспадар дазнаецца — мала не падасца! Але ж мне на кветкі, на прыгажосць, анічога не шкада! І ты не бядуй, суседка, я з табой падзялюся — адкапаю карэньчыкаў, але ж потым, калі разрастуцца.
Тым часам адна вясна змяніла другую, кусцікі ўсё яшчэ падрасталі, калі неяк надвячоркам Галя згледзела суседку з рыдлёўкай.
— Ты куды гэта наважылася? — знячэўку спытала ў Тані.
— Ды пайду па вуліцах прайдуся. Пагляджу, дзе якія кветкі растуць, папытаю карэньчыкаў, — трохі разгубіўшыся, прызналася тая.
— Дык будны ж дзень. На дачах нікога няма, — здзівілася Галя.
— Ну мы ж з табой ёсць... І можа яшчэ хто стрэнецца... Я за грошы — не думай.
«Дык вось дзе ты «краму» знайшла?!» — усміхнулася Галя, ну ніяк прытым не чакаючы, што і ёй можа стаць не да смеху.
...Так атрымалася, што ў хуткім часе пасля гэтай размовы яна паехала з дачы: да сястры, на два тыдні.
А калі вярнулася, то кветнік свой ледзь пазнала: нехта выкапаў там (ці ўсё ж «выкупіў»?) самыя прыгожыя, самыя рэдкія кусцікі!
Пашкадаваўшы-паплакаўшы, гаспадыня хацела пайсці — пашукаць таго «пакупніка»? Але ж падумала: дзе ты яго знойдзеш? І галоўнае — як дакажаш?
...А злодзей, як ні дзіўна, «знайшоўся» сам — за блізкім плотам, дзе ў хуткім часе ва ўсю моц расцвілі знаёмыя кветкі!
Праўда, суседка ні імі, ні іншымі больш не хвалілася — нават размовы не заводзіла... Можа, таму, што і сапраўды нетактоўна гаварыць пра вяроўку ў доме павешанага?
Раіса Васільева,
г. Падольск, Маскоўская вобласць
Гэту гісторыю мая сваячка пачула на рабоце.
«Значыць, жыву я, — расказваў Максімавіч, — каля самай ракі, на высокім беразе, што, вядома ж, добра. А што, можа, не зусім: могілкі некалі паводдаль былі, аднак потым «разрасліся» — падступілі амаль да ганка.
Дык вось, неяк напрадвесні я ў светлым споднім (ноч таксама светлая была) па патрэбе выйшаў у двор. Унізе, каля самай вады, пачуў галасы, убачыў на беразе постаці — дзве.
І адну з іх нават пазнаў.
— Грышка, здароў! — абазваўся зверху.
Той задраў галаву на мой голас.
— Ёсць закурыць? — папытаўся я.
Грыша ў адказ перахрысціўся, загнуў мацюка ды параіў:
— А ты ў сваіх папытайся. Там што — курцоў нямашака?
Я зразумеў, пра каго ён гаворыць, азірнуўся на могілкі і не вытрымаў — зарагатаў.
Сярод ночы мой смех і сапраўды загучаў досыць дзіка: узняўся да нябёсаў, потым спусціўся да рэчкі і яшчэ больш напужаў рыбакоў: яны кінулі ўсе свае прычындалы, рванулі наўцёк.
Мне таксама нічога не заставалася, як вярнуцца ў хату і легчы, але заснуць я болей не мог, бо па-ранейшаму хацелася курыць. Ды і сумленне даймала: напалохаў людзей.
Таму на досвітку я спусціўся да ракі, сабраў там параскіданы рыбацкі рыштунак — панёс да Грышкі.
— Прабач, — сказаў гаспадару (той, відаць, таксама не лажыўся). — Я вас ноччу спалохаў?
— Дык гэта быў ты?! — здзівіўся рыбак.
— Я... Курыць вельмі хацелася.
— Во... А мы ж цябе за зданне прынялі — ва ўсім белым, на фоне крыжоў... Сябрук дагэтуль у шоку. Не паверыш: паспрабаваў курыць, — не змог. Як адрэзала!
...Выходзіць, што страх на карысць пайшоў?
Хто б мяне вось так напалохаў?»
Дзіна Дубадзелава,
в. Леніна, Добрушскі раён
У тыя ўжо далекаватыя часы сярод самых прэстыжных навучальных устаноў сталіцы была ВПШ — вышэйшая партыйная школа. І «хадзілі» ў яе, вядома ж, не дзеці — людзі дарослыя, часта — сямейныя, якія, як правіла, павышалі сваю кваліфікацыю.
Дык вось неяк раз двум такім навучэнцам (амаль дзядзькам) вельмі захацелася выпіць. Праўда, грошай на гэта, лічы, не было... А таму зайшлі яны ў суседні гастраном і маладзенькай дзяўчыне-прадавачцы паказалі свае чырвоныя пасведчанні.
Тая ў іх доўга не ўглядалася: прыняла мужчын за работнікаў народнага кантролю і кінулася да начальства.
Дырэктарка — грузная, сярэдніх гадоў жанчына — у прад'яўленыя пасведчанні таксама не глядзела: ёй, відаць, прывычней было задобрыць нязваных гасцей: запрасіць прысесці за стол, выпіць «па нейкіх пяць грамаў»...
— Вы што? На рабоце?! Ды ні ў якім разе! — сталі адмаўляцца «кантралёры».
Дырэктарка разгубілася.
Не лепш пачувалі сябе і «кантралёры», бо зусім не ведалі, як, з чаго трэба пачынаць праверку?
І тут на вочы Яўгену — высокаму, саліднаму — трапіла бочка з-пад рыбы. Стаяла яна ў падсобцы, у куце, нікому не замінала, але ж Яўген, паправіўшы акуляры, строга сказаў дырэктарцы:
— А бочкатара ў вас няправільна захоўваецца.
Заўвага «кантралёра», які выкарыстаў адмысловы тэрмін, яшчэ больш спалохала жанчыну. Яна зноў прапанавала свае «пяць грамаў».
— Добра, — палагаднеў Яўген, — можаце даць з сабой...
Узяўшы досыць важкі пакунак, мужчыны выйшлі з гастранома, рушылі ў інтэрнат. І ўжо там, разліваючы па шклянках прынесеную «Сталічную» ды закусваючы смачнай каўбасой, думалі, адкуль у Яўгенавым лексіконе з'явілася слова «бочкатара»? Бажыўся, што раней ён яго ніколі не чуў!
Міхась Сліва,
г. Рагачоў
Летась Гродзенскаму дзяржаўнаму каледжу мастацтваў споўнілася 70! На святочныя ўрачыстасці з гэтай нагоды запрасілі і мяне — можа, таму, што адпрацаваў на ніве культуры звыш 35 гадоў, можа, таму, што некалі, да прызыву ў войска, вучыўся там. Усяго два месяцы, як быццам, а ўспамінаў... Да сёння! Але ж па парадку.
У школе я актыўна займаўся ў драмгуртку, вельмі любіў выступаць на сцэне. Карацей, настаўнікі раілі паступаць у Мінск, у тэатральна-мастацкі інстытут, што для мяне, вяскоўца з палескай глыбінкі, здавалася марай, прычым нерэальнай! А таму з багажом ведаў (сярэдні бал атэстата 4,8) і дваццаццю рублямі ў кішэні я (ну вядома ж, адзін) на перакладных (з перасадкай у Пінску) адправіўся ў Гродна.
Там пры паступленні ў культасветвучылішча (так называўся сённяшні каледж) трэба было паказаць сябе — прачытаць прозу, байку і верш. Я выбраў урывак з рамана Івана Мележа «Людзі на балоце», верш Рыгора Барадуліна «Трэба дома бываць часцей» і байку Эдуарда Валасевіча «Іншаземец» і атрымаў сваё першае «выдатна».
Экзамены па літаратуры і гісторыі таксама здаў паспяхова, а значыць (як сказалі потым аднавяскоўцы) Васіль Шчупакоў (гэта бацькава мянушка) паступіў-такі вучыцца на артыста.
Нашай навучальнай установай кіраваў тады Фелікс Феліксавіч Вронка, рэжысуру і майстэрства акцёра выкладаў народны артыст Беларусі, акцёр Гродзенскага драматычнага тэатра Якаў Кімберг. Мы бязмежна паважалі яго (іграў самога Леніна!), ды і нас амаль што адразу стаў выводзіць на сцэну, што сталася сапраўдным шчасцем, бо — апроч іншага — за ўдзел у спектаклі плацілі: кожны з так званай масоўкі атрымліваў па рублі.
Так мы вучыліся. І не менш цікава жылі: у інтэрнаце на Кірава, 33 віравала амаль сапраўднае багемнае жыццё — рэпетыцыі, спеўкі, спрэчкі, вячоркі...
Адпаведна ў госці да нас хацелася ўсім, але ж не прайсці, бо на варце нашага спакою і маральнай чысціні заўсёды стаяў (дакладней, вядома ж, сядзеў) дзед, які ў мінулым быў, мусіць, нейкім кэдэбістам ці следчым. Ва ўсякім разе ўсіх сваіх (нават першакурснікаў) ён назаўтра ведаў у твар і прапускаў; усім чужым, што называецца, паказваў, дзе бог, дзе парог.
Вось толькі сыходзіць за яго гасцям не хацелася.
Што прыдумалі?
Прыбіральня пры інтэрнаце (стары будынак) была на вуліцы, што нас, хлопцаў-вяскоўцаў, ніколькі не здзіўляла. А вось дзяўчынкам (тым больш гараджанкам) даводзілася куды цяжэй. Яны баяліся туды хадзіць — асабліва па вечарах і па адной... Яшчэ і таму, што ў памяшканні часцяком... прападала святло.
Пра гэта нехта тэрмінова дакладваў вахцёру. Той прасіў каго-небудзь з навучэнцаў «на хвілінку» падмяніць яго, а сам браў табурэтку і паволі тупаў да дзвярэй з рагатай літарай «Ж». Без стуку, без груку адчыняў іх, страшэннага вэрхалу, які падымалі дзяўчаты, быццам не чуў, казаў: «Сядзіце-сядзіце, я вам не перашкоджу. Я толькі лямпачку ўкручу». Ад чаго на суседняй, мужчынскай, палове грымеў дружны хлапечы смех.
Па-сапраўднаму весела было ў тыя хвіліны і на вахце, бо ў адсутнасць дзеда ў інтэрнат праходзілі ўсе, хто хацеў.
...Як вядома, ніякага «сексу» ў нас тады не было, але сустрэчы ды каханні, безумоўна, здараліся, дзякуючы ў тым ліку... лямпачкам, якія трэба калі-нікалі не толькі ўкручваць, але і выкручваць.
Васіль Каткавец,
м. Сарачы, Любанскі раён
Рубрыку вядзе
Валянціна Доўнар
Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.
Прафесійна, аператыўна, па-добраму.