Вы тут

У Краснапольскім раёне падзяліліся поспехамі ў рабоце з пустымі пабудовамі


І агучылі, што перашкаджае працаваць больш плённа

Асабліва добра пастаўлена работа па скарачэнні пустуючых і старых дамоў у Яноўскім сельсавеце. Яноўка — гэта той самы аграгарадок, які дзякуючы фінансавай падтрымцы міжнароднай тэхнічнай дапамогі нядаўна стаў хакейнай сталіцай раёна. Недахоп фінансаў тут кампенсуюць гаспадарчым падыходам да рашэння праблем, крэатыўным мысленнем і дысцыплінай. Магчыма, дзесьці ёсць алгарытм дзеянняў зусім іншы і нават больш эфектыўны, але ў далечыні ад іншых квітнеючых населеных пунктаў, якім часцей аддаюць перавагу інвестары, Яноўка па-свойму змагаецца за месца пад сонцам. І гэтай мэтанакіраванасці, напорыстасці ў добрым сэнсе слова, дыпламатычнасці трэба вучыцца.


Пацыент, хутчэй, мёртвы, чым жывы

Старшыня Яноўскага сельсавета Наталля Лагуціна ўзначаліла сельсавет у 2014 годзе і па сабе ведае, наколькі цяжка было рэалізоўваць соты ўказ на тэрыторыі адчувальна атручанай цяжкім подыхам аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

— Спрабавалі розныя спосабы, — кажа яна. — Указ № 100 аднолькавы для ўсіх, а шляхі вырашэння пастаўленых у ім задач ва ўсіх розныя. Адзінага рэцэпта не існуе, трэба выпрацоўваць свой. Для мяне пустуючыя дамы былі менавіта як хворыя людзі, якіх трэба тэрмінова лячыць. Стварылі лакальныя нарматыўныя дакументы — надзялілі паўнамоцтвамі па рэалізацыі палажэнняў указа службовых асоб Яноўскага сельвыканкама, прынялі рашэнне аб стварэнні камісіі па абследаванні гэтых дамоў — і справа пайшла. І вельмі нам тут дапамаглі прадстаўнікі органаў тэрытарыяльнага самакіравання. Тэрыторыя аграмадная, 16 населеных пунктаў, было шмат пустуючых дамоў, паспрабуй даведацца, хто там жыў. Дзякуй старажылам, аказалі нам у гэтым дапамогу. Потым мы па гаспадарчых кнігах знаходзілі звесткі пра тых людзей.

Для работы з кожным будынкам спатрэбілася сабраць шмат дакументаў. На кожны была заведзена асобная папка — своеасаблівы пашпарт. Туды акумуляваліся ўсе запыты — у агенцтва па нерухомасці і зямельным кадастры, энерганагляд, райгаз, загс і гэтак далей. Тут жа перапіска з уласнікамі і спадчыннікамі.

— Дыяпазон іх пражывання вельмі шырокі, — расказвае суразмоўніца. — Тут і Расія, і Украіна, і Прыбалтыка. Кожнаму адпраўлялі лісты з апавяшчэннем, што спадчыннасць разбураецца, і цікавіліся, які намер яны маюць у адносінах да пакінутага без нагляду дома. У нас нават карта сельсавета была з пазначанымі розным колерам пустуючымі і старымі дамамі. Працавалі з кожным нашчадкам паасобку. Гэта як у бальніцы: дом — пацыент, які падлягае лячэнню, і мы павінны гэта рабіць рознымі спосабамі. Была справа, і ў суд звярталіся. А што рабіць, калі чалавек не рэагуе? Дзякуючы гэтаму дванаццаць грамадзян аформілі сваю спадчыннасць і навялі парадак.

Сельскія метамарфозы

Рашучыя дзеянні мелі свой плён. Наталля Лагуціна прызнаецца, што адзін дом, які яны ўжо і не спадзяваліся выратаваць, нечакана стаў упрыгажэннем вёскі.

— Бабуля напісала завяшчанне на ўнука, а той пра яго нават і не ўспамінаў, — расказвае яна падрабязнасці. — Мы яму адправілі ліст, што пабудова ў жахлівым стане, прасілі навесці мінімальны парадак і не чакалі, што будзе такі эфект. Мужчына збіраецца зрабіць тут аграсядзібу. Месца ўсім на зайздрасць, побач рэчка.

У сельсавеце справа наладжана так: калі чалавек не можа рэанімаваць дом, хай хоць участак даглядае. І такіх людзей, якія садзяць агарод на сядзібе сваёй бабулі або цёткі, шмат. Дом выкарыстоўваецца як гаспадарчая пабудова, але вакол яго трава абкошваецца і знешні выгляд больш-менш падтрымліваецца.

На жаль, ёсць і апошняя стадыя для пустуючых дамоў. Гэта, калі нашчадкі зусім не рэагуюць, а пабудова ператвараецца ў груду дроў і шыферу.

— У 2014 годзе ў нас было 58 пустуючых дамоў, зараз засталося 15. Але стала больш спарахнелых, — уздыхае старшыня сельсавета.

Верх — на дровы, ніз — у расход

Калі дом прызнаны спарахнелым і ёсць згода на яго знос, сельсавет шукае спосаб, як гэта зрабіць танней. Дровы на вёсцы — рэч запатрабаваная і назапасіць іх бясплатна ахвотных хапае.

— У нас, напрыклад, дзіцячы садок ацяпляецца мясцовымі відамі паліва, і аддзел адукацыі заўсёды гатовы дапамагчы разабраць пабудову на дровы, — расказвае Наталля Лагуціна. — Застаецца толькі падмурак, прыбраць які танней, чым цэлы дом. У гэтым нам дапамагае спецыялізаванае прадпрыемства «Радон», якое працуе ў нашых рэабілітаваных населеных пунктах.

Бяда толькі ў тым, што пустуючых дамоў з цягам часу меней не становіцца. Старыя паміраюць, а моладзь не асабліва імкнецца ў вёску на пастаяннае месца жыхарства. У сельсавеце цяпер як толькі з'яўляецца інфармацыя, што апошні гаспадар дома памёр, цікавяцца планамі спадчынніка на будучае яго новай маёмасці. Некаторыя адразу ж адмаўляюцца ад яе.

Купіце ўчастак. Нядорага

Асаблівасці з продажам зямельных участкаў у Краснапольскім раёне такія ж, як і ў іншых перыферыйных зонах — яны амаль нікому не цікавыя. Станоўчых прыкладаў тут няшмат. І тое, што яны існуюць, непасрэдная заслуга мясцовых улад, якія папулярызуюць тутэйшыя мясціны. І з былымі землякамі, якія даўно з'ехалі, сувязь не губляюць. У вёсцы Лешчанка, напрыклад, купіў участак для пабудовы дома былы жыхар, які доўгі час жыў у Расіі. Некалькі гадоў таму ён пераехаў на малую радзіму разам са сваёй сям'ёй. А нядаўна ўзяў яшчэ адзін участак для будаўніцтва другога жылога дома. Яго брат таксама набыў хату, прыязджае цяпер у вёску як на летнік. Вёска сапраўды вельмі прыгожая, знаходзіцца пасярод лесу.

Усяго на тэрыторыі сельсавета ўцягнута ў абарот 72 гектары пустуючых зямель. Гэта ўсё былыя агароды, якія засталіся незапатрабаваныя.

У пасёлку Калінінскі сёлета атрымалася знесці адзінаццаць пабудоў, вызваліліся вялікія надзелы зямлі. Налета яны будуць заараныя тутэйшай гаспадаркай.

Жыхар вёскі Якаў Васількоў, дом якога знаходзіўся якраз побач з адным такім пустуючым, прызнаўся, што не вельмі прыемна было глядзець на закінутае жытло. Дом згарэў і сваім выглядам толькі псаваў пейзаж. Зараз нават вальней дыхаецца. Адным словам, адчуў на сабе клопат мясцовай улады.

Былі б грошы — праблем не існавала б

На жаль, не ўсе землі можна перадаць у сельскагаспадарчую маёмасць. Ёсць тэрыторыі, дзе прыходзіцца ўтрымліваць незапатрабаваны ўчастак і самастойна рабіць яго абкошванне. Гэта лішнія выдаткі. Ёсць і іншыя прыклады, калі трэба дзесьці знаходзіць грошы.

— Для нас галоўная праблема — недастатковае фінансаванне, — прызнаецца старшыня сельсавета. — Згодна з сотым указам, уласнікам і спадчыннікам мы павінны адпраўляць лісты з апавяшчэннем. Адно каштуе каля чатырох рублёў, а калі ў сям'і было шасцёра дзяцей, суму трэба памножыць на шэсць. І такі дом у нас не адзін.

Я ўжо не кажу пра тое, што фізічна цяжка сабраць дасье на кожны пустуючы дом. Бо ў сельсавеце працуе два чалавекі — я ды кіраўнік спраў. Мы ж робім запыты, нясём выдаткі. Нам растлумачылі, што іх трэба закладваць у бюджэт пад рэалізацыю адпаведнага артыкула Указа № 100. Але сумы выдзяляюцца сціплыя. Сёлета, напрыклад, далі на год усяго 1660 рублёў. Летась крыху болей — 2000. Вось і круціся як можаш.

Актуальна

Старшыня Краснапольскага раённага Савета дэпутатаў Анжаліка Гоман:

— У раёне ёсць свой вопыт работы па рэалізацыі сотага ўказа. Часткова мы прыбіраем нежылыя дамы ў рамках суботнікаў або месячнікаў па навядзенні парадку на зямлі, часткова гэта робяць самі ўласнікі і нашчадкі.

Наладжана работа і з пустуючымі дамамі, якія раней знаходзіліся на балансе розных устаноў і арганізацый. Ганчарная майстэрня ў Краснаполлі, напрыклад, якраз з гэтай катэгорыі. Дом, дзе раней знаходзілася раённая кінафікацыя, рыхтаваўся ўжо пад знос, але ў сувязі з рэалізацыяй праекта «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь», што фінансуецца Еўрапейскім саюзам і праграмай развіцця ААН (ПРААН), атрымаў яшчэ адзін шанц на жыццё. Зроблены ўнутраныя работы, зараз выдзелены грошы для абшыўкі гэтага будынка, рамонту даху.

Ёсць станоўчы прыклад у вёсцы Гарадзецкае, дзе кіраўнік сялянска-фермерскай гаспадаркі Юрый Зямцоў выкупіў пустуючы будынак былой школы і робіць аграсядзібу.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Загаловак у газеце: Як вылечыць старую хатку

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.