Вы тут

Ці знаходзяць кінутыя дамы новых гаспадароў?


Не раз даводзілася пісаць пра выкананне сотага ўказа ў розных населеных пунктах. Варта сказаць, што ў многіх раёнах назапашаны цікавы вопыт гэтай работы, асобныя сельсаветы могуць пахваліцца неблагімі поспехамі ў справе навядзення парадку.


А некалькі гадоў таму аўтар гэтых радкоў выязджала ў адзін з сельсаветаў Камянецкага раёна па скарзе. Сын 85-гадовай вясковай жыхаркі напісаў ад яе імя, што ў іх вёсцы нічыйную хату спалілі супрацоўнікі райаддзела МНС. Так яно і было. Старшыня сельскага Савета расказала, што гаспадары пустога дома даўно паўміралі, з нашчадкаў засталася іх унучка, якая напісала адмову. Такім чынам былое жыллё трапіла ў спіс нічыйных. Пасля правядзення вызначаных заканадаўствам працэдур сельвыканкам заключыў дагавор з аддзелам МНС. Яго супрацоўнікі прыехалі на месца, знялі шыфер з даху, вынялі вокны, сцены разабралі, драўніну спалілі. Потым факт пацвердзіў і начальнік райаддзела пажарна-выратавальнай службы. Ён яшчэ сказаў: «Мы ж не спальваем, як захопнікі калісьці, пра якіх згадвалі бабулі. Тыя падпальвалі хату з чатырох бакоў ды з'язджалі. Мы спачатку прапаноўваем бярвенні на дровы насельніцтву. А ў той вёсцы і прапаноўваць не было каму... Звычайна мы спальваем непрыдатныя для выкарыстання драўляныя рэшткі, захоўваючы ўсе меры бяспекі. Побач заўсёды знаходзіцца аўтацыстэрна».

Гэта, несумненна, не горшы варыянт утылізацыі трухлявых, незапатрабаваных дамоў з пункту гледжання эканомікі. Хоць, можа, не найлепшы з боку маралі. Людзям, якія жывуць побач, якія памятаюць, як суседзі будаваліся, адмаўляючы сабе нярэдка ў апошнім, цяжка станавіцца сведкамі спальвання суседніх дамоў.

У Зеляневіцкім сельсавеце Пружанскага раёна, адным з самых аддаленых ад райцэнтра, лік пустуючых жыллёвых пабудоў ідзе на сотні. У год іх зносяць, бывае, больш за дзясятак. І пытанне вырашаецца з сельгаспрадпрыемствамі. Тэрыторыя былой сядзібы адразу ўводзіцца ў севазварот, інакш намаганні будуць марныя. Праз год-два пусты падворак зноў пачынае зарастаць хмызняком ды пустазеллем. А так зямля прыводзіцца ў парадак і становіцца ворывам пад сельгаскультуру. Падобную форму выкарыстоўваюць і ў Ляхавіцкім раёне. Летась старшыні Альхоўскага сельскага Савета Вячаслаў Кулак і Крывошынскага сельскага Савета Юрый Чаранкевіч паказвалі мне некалькі свежых пляцовак і палеткаў, якія зусім нядаўна былі сядзібамі. Знос таксама праводзяць гаспадаркі, драўніну выкарыстоўваюць у якасці дроў у кацельнях.

Але ж нішто не можа служыць такой пераканаўчай ілюстрацыяй вымірання вёсак, як пакінутыя, забытыя, нікому не патрэбныя хаты. Некалі іх будавалі, радаваліся, калі спраўлялі наваселле, гадавалі дзяцей, спадзяваліся, што пасля гаспадароў будзе жыць у доме нехта з нашчадкаў... Таму ўсё ж найлепшым варыянтам уяўляецца, калі нават старыя пакінутыя хаты знаходзяць новых гаспадароў.

Старшыня Лышчыцкага сельскага Савета Брэсцкага раёна Іна Дзячэк паказала мне прыгожы, амаль шыкоўны дом у вёсцы Пагубяцічы і расказала наступнае:

— Я толькі стала старшынёй, прыехала ў гэтую вёску. І выгляд закінутага, зарастаючага дома на краі вуліцы навеяў нейкую роспач. З калегамі мы правялі ўсю неабходную падрыхтоўчую работу, сабралі дакументы і прадалі дом з аўкцыёну тады яшчэ па сямідзясятым указе. Хату купілі брастаўчане Галіна і Віталь, як аказалася, руплівыя гаспадары. Праз некалькі гадоў Віталь так адрамантаваў, рэканструяваў, перамяніў былую пабудову, што яе стала проста не пазнаць. Гаспадары добраўпарадкавалі двор, пасадзілі кветкі, разбілі сад. Сям'я тут праводзіць лета. Пазней у вёсцы яшчэ адзін дом прадалі з аўкцыёну, бо блізка ад горада, — заключыла Іна Анатолеўна.

Але прадаюцца такія дамы рэдка, бо ёсць заканадаўчы нюанс. Прадаць нічыйны дом танна нельга, бо трэба правесці ацэнку, якую можа зрабіць толькі агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры. У канчатковы кошт уваходзяць усе выдаткі па ацэнцы, а таксама па афармленні дома і ўчастка. Ва ўмовах, напрыклад, Брэсцкага раёна атрымліваецца сума не менш за тры тысячы долараў у эквіваленце. Выходзіць, знесці такі дом можна, а прадаць танна — нельга. Вось і не займаюцца гэтым сельсаветы, бо клопат вялікі, а вынік непрадказальны. Памятаю, як адзін кіраўнік мясцовай улады з задавальненнем расказваў, што яны нядаўна знеслі дом пабудовы 1905 года, які доўга служыў вясковым дзецям школай. І шкада стала, зашчымела нешта ўнутры, што такому, па сутнасці гістарычнаму, аб'екту не далі шанцу.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Адзінота пакінутай хаты

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».