Вы тут

Археолагі адшукалі ўнікальны набор металічных рэчаў у Мінску


Нядаўна сталічнымі археолагамі былі зроблены ўнікальныя знаходкі. Іх удалося адшукаць на вуліцы Вызвалення ў Мінску, дзе неўзабаве плануецца будаваць новыя, у тым ліку адміністрацыйныя, будынкі для праваслаўнай царквы. Знойдзеныя рэчы тым больш адметныя, што гэта не адзінкавыя цікавінкі, а цэлы комплекс — рознага памеру падковы, сякеры, кавалкі керамікі. Пра тое, што і як удалося адшукаць, карэспандэнту «Звязды» расказаў навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Беларусі Сяргей Дзярновіч, які непасрэдна пабачыў гэтыя рэчы.


«Выклікае цікавасць колькасць»

«Тэрыторыя на вуліцы Вызвалення прылягае да гістарычнага цэнтра Мінска, адпаведна, патрабуе археалагічнага суправаджэння, — кажа суразмоўнік. — З гэтай прычыны археолагі Інстытута гісторыі апынуліся на аб'екце.

Падчас работ, калі здымаўся верхні пласт глебы ў будучым катлаване, былі знойдзены рэчы, якія выклікаюць вялікую цікавасць, — у першую чаргу іх колькасць. Адна справа знайсці адну-дзве падковы, а калі лік ідзе на некалькі дзясяткаў, то гэта сапраўды ўражвае, — усе яны ляжалі ў адным месцы. Побач знаходзіліся прадметы побыту жыхароў Мінска ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя, тое, чым яны карысталіся ў сваіх дамах. Гэта чыгункі, вілкі, іншыя прылады, напрыклад сякеры. Такім чынам, мы выявілі цэлы комплекс знаходак, якія, спадзяюся, дапамогуць адкрыць яшчэ адну старонку бытавога жыцця жыхароў сталіцы.

Варта адзначыць, што гэта тэрыторыя ў ХVІ—ХVІІ стагоддзях была цікавая для жыхароў Мінска, бо знаходзіцца на ўзгорку, прымыкае да таго месца, ад якога пачаўся горад, да Замчышча і Свіслачы. Калі ўлічыць гэта «высокае» месцаразмяшчэнне ў поймах Нямігі і Свіслачы, зямля была вельмі прыдатнай для засялення. Пачынаючы з тых часоў гэта тэрыторыя планамерна асвойвалася. У пазнейшыя часы ніжэйшыя напластаванні, прыбудовы паступова зносіліся. У выніку атрымаўся свайго роду шматслойны гістарычны «пірог» з рознага друзу і керамічных абломкаў, які нясе для нас важную інфармацыю.

«Можа быць, пазней пабачым сляды кузні»

З упэўненасцю казаць, што мы адшукалі менавіта кузню, пакуль не можам. Бо раскрылі толькі частку будаўнічага катлавана. Можа быць, пазней мы і пабачым нейкія сляды, але пакуль іх не фіксуем: у кузні павінны быць спецыфічныя прыстасаванні.

Відавочна, што чалавек, які збіраў усе тыя знойдзеныя намі рэчы, рабіў гэта ці то для таго, каб выкарыстаць потым для вырабу нейкай новай металічнай рэчы, ці сапраўды сам быў кавалём ці кімсьці з яго асяроддзя. Трэба памятаць, што Ніжні замак у Мінску — гэта буйное гандлёвае месца, дзе адбываўся кругазварот людзей і тых жа коней: штосьці куплялася, штосьці трэба было прадаваць.

Ніжні рынак у свой час знаходзіўся на месцы Мінскага замчышча, з якога ў сваю чаргу пачаўся горад над Свіслаччу. Археалогія пацвердзіла, што гістарычны Мінск пачынаўся на рацэ Менцы, дзе было гарадзішча (20 кіламетраў ад сучаснага цэнтра, раён аўтарынку «Малінаўка»). А ўжо пасля бітвы на Нямізе адбыўся перанос гарадзішча з Менкі на Свіслач.

«Імі падкоўвалі «цяжкавозаў»

Гэтыя падковы рознага памеру. Таму мы плануем пракансультавацца з разводчыкамі коней. Бо ёсць вельмі вялікага памеру — хутчэй за ўсё, імі падкоўвалі «цяжкавозаў», якіх выкарыстоўвалі для перавозкі грузаў. Ёсць падковы значна меншыя, танчэйшыя. Важная размова пра тое, што ўяўляў сабой конскі табун, якія пароды былі, для чаго выкарыстоўваліся. Калі акажацца, што былі, напрыклад, і верхавыя коні, гэта будзе сведчыць пра пэўны сацыяльны падзел у грамадстве.

Было б добра правесці і металаграфічны аналіз, які дазволіў бы нам зразумець, якога кшталту метал выкарыстоўваўся для вырабу гэтых падкоў. Калі мясцовыя руды, з айчынных тэрыторый, гэта будзе сведчыць толькі пра рэгіянальныя стасункі. Калі ж пабачым, што выкарыстоўваўся метал больш высокіх гатункаў, паўстане пытанне, адкуль ён трапляў на нашы землі?

Тое ж самае датычыцца сякер: форма іх ляза дапамагае зразумець, для чаго яны выкарыстоўваліся, напрыклад, служылі для апрацоўкі дрэва ці для рассякання мяса — з гэтага ж робім выснову, хто мог імі карыстацца. Такая цікавая сацыяльная інфармацыя. Знойдзена і некалькі замкоў — накладныя і навясныя (першыя маглі выкарыстоўвацца толькі для жылых пабудоў, а другія таксама і для гаспадарчых).

У будучым частку экспанатаў, верагодна, можна будзе пабачыць у экспазіцыі Інстытута гісторыі (каб наведаць яе, трэба запісвацца). Яшчэ частку выставяць у Музеі гісторыі горада Мінска.

«Сяброўства са скандынавамі»

Калі казаць увогуле пра цікавыя знаходкі, зробленыя ў сталіцы, шмат хто ведае, што было адшукана надзіва мала ўпрыгожанняў з каштоўнага металу.

Хтосьці можа прыгадаць унікальны ў сваім родзе залаты бранзалет, знойдзены ў пахаванні на тэрыторыі царквы. Ён мае аналогіі са скандынаўскім матэрыялам, з Готландам, што дазваляе яго датаваць прыблізна ХІІ—ХІІІ стагоддзямі. Цікава тое, што зазвычай прынята датаваць нашы стасункі са Скандынавіяй ІХ—ХІ стагоддзямі, эпохай вікінгаў. А гэта рэч мае дачыненне да скандынаўскага матэрыялу, але датуецца пазнейшым часам. Такі факт абвяргае ранейшыя ўяўленні аб спыненні сяброўства са скандынавамі — яно проста перайшло на новы ўзровень.

Бранзалет мае дачыненне да царквы, бо знойдзены побач. У такіх месцах звычайна хавалі людзей, якія мелі высокі сацыяльны статус. Яго ўладальніцай была дзяўчына ці жанчына (знаходка была зроблена ў 1948 годзе, калі антраполагі яшчэ з цяжкасцю вызначалі ўзрост чалавека). Гэта быў ці то дар, ці то набытак, які сведчыць таксама і пра сацыяльную іерархію, і пра тое, што прадстаўнікі вышэйшага саслоўя працягвалі камунікаваць са скандынавамі.

Тое ж можна сказаць пра любую рэч, знойдзеную археолагамі, — мы адразу пачынаем уяўляць, якому чалавеку яна магла належаць і з якой мэтай ён яе выкарыстоўваў...»

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Загаловак у газеце: «Новая старонка бытавога жыцця сталіцы»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».