Вы тут

З рэдакцыйнай пошты


Лісты ад чытачоў газеты «Звязда».


«Рукі па-ранейшаму просяць работы...»

...Калі знаёмец расказваў, што ў аграгарадку Войстам жыве «прасунуты» дзядуля, які не толькі піша, але і выдае свае кнігі, я толькі ўсміхалася, бо ўяўленне малявала хіба аркушы з прымітыўнымі тэкстамі, сшытыя стэплерам.

Калі ж пры выпадку зазірнула да мясцовага «выдаўца», — на добрыя паўгадзіны страціла мову, бо ўбачыла ўласнаручна напісаныя, звярстаныя, акуратна прашытыя кнігі ў цвёрдай вокладцы. Ізноў прыгадалася ўстойлівае выслоўе, што ў Беларусі на кожнай печы вясковай хаты сядзіць альбо паэт, альбо празаік.

Мар'ян Дзевяцень не прэтэндуе на званне літаратара, кажа, што ніколі раней ні вершаў, ні апавяданняў не пісаў, нават у гады рамантычнага юнацтва... Праўда, яго землякі згадваюць, што гадоў трыццаць таму знаходзілі на сваіх падворках вершаваныя ўлёткі, у якіх жартаўліва і не абразліва выкрываліся асобныя недахопы ці нетыповыя паводзіны некаторых дзецюкоў ды паненак...

Хто на такое здольны, большасці было зразумела, але, як кажуць, за руку не злавілі. Што да меншасці, якая трапіла на вострае пяро мясцовага сатырыка, то яна мусіла выпраўляцца, каб не быць асмяянай яшчэ раз.

Не сакрэт, што, каб добра пісаць, складаць вершы, трэба шмат чытаць. На гэта, як ні цяжка было (праца, сям'я, вялікая гаспадарка), Мар'ян Дзевяцень заўсёды выкройваў час. Дзесяцігодку ён скончыў толькі ў дзевятнаццаць (раней — перашкаджала вайна), вучыўся ў Жыровіцкім тэхнікуме, служыў у войску. Быў камандзірам так званага хімічнага аддзялення пры аэрадроме, асвоіў прафесію кіроўцы, што дазволіла атрымаць добрую работу. І менавіта ў калгасе, бо з'язджаць з родных мясцін ён жадання не меў — не мог развітацца з маляўнічымі краявідамі, што атулялі яго родную вёсачку Навасады.

Кнігі былі яго дарадцамі, з імі лягчэй было адольваць любыя жыццёвыя цяжкасці і нават трагедыі. Калі загінула каханая жонка, пакінуўшы яго з дзвюма дочкамі (меншая толькі пайшла ў першы клас), Мар'ян Антонавіч не збег, як некаторыя, у алкагольны ці іншы тлум: ён, не цураючыся ніякай работы, годна выконваў свой бацькоўскі абавязак, і ўсё, за што браўся, рабіў акуратна і якасна. У прыватнасці, дом, пабудаваны больш як паўвека таму, да сёння выглядае досыць дыхтоўным, дагледжаны гаспадарчыя пабудовы, пчальнік. У пуні захоўваюцца такарны і свідравальны станкі, шматлікія прыстасаванні, зробленыя некалі сваімі рукамі. Да Мар'яна Антонавіча часцяком наведваліся суседзі з просьбай нешта адрамантаваць, выстругаць, дапамагчы... Яшчэ летась гаспадар пад заказ зрабіў тумбачку.

...Карацей, рукі па-ранейшаму просяць работы, а жывы зацікаўлены розум знаходзіць занятак. Напісаныя доўгімі зімовымі вечарамі вершы і мастацкія творы Мар'ян Дзевяцень не прапаноўваў рэдакцыям ці выдаўцам (хіба на радыё неяк паслаў эсэ, якое неўзабаве прагучала ў эфіры).

А наогул, як сам прызнаецца, піша, каб мець занятак, каб нешта каштоўнае пакінуць сваім нашчадкам: дзецям і ўнукам.
У свае 83 ён асвоіў паліграфічную справу, праграмы набору і вёрсткі, аперацыі складанай фальцоўкі і сшывання асобных сшыткаў у кніжны блок. Не маючы паліграфічнага абсталявання, але дазнаўшыся пра асновы друкарскай справы, Мар'ян Антонавіч саматугам стварае кніжкі.
У іх не толькі своеасаблівы летапіс войстамскай зямлі з імёнамі ды мянушкамі вяскоўцаў, з цікавымі падзеямі ранейшага жыцця, штодзённымі заняткамі, гульнямі... У «Памяці сэрца» і «Родных сцежках» — душэўны стан сапраўднага беларуса, прыстойнага чалавека, сына сваёй зямлі.

Ала СТРАШЫНСКАЯ, г. Смаргонь


Былі майстры... І будуць?

Мястэчка Поразава багатае на цікавыя гістарычныя падзеі. У краіне, ды і далёка за яе межамі, яно вядомае сваім ганчарствам. Паводле даных 1935 года, гэтым промыслам тут займаліся 75 сям'яў. Прафесійныя навыкі і вопыт перадаваліся ад бацькоў да дзяцей. З гліны яны выраблялі чорнаглянцаваны марэнавы ці дымлены керамічны посуд.

У Поразаўскай бібліятэцы амаль год ужо дзейнічае музейны пакой «Мастацтва гліны і агню», дзе наведвальнікі могуць пазнаёміцца з працэсам падрыхтоўкі і тэхналогіяй вырабу керамікі, са спецыяльнымі прыстасаваннямі і рыштункам. Яны ж маюць магчымасць ацаніць прыгажосць і зручнасць гэтых вырабаў, даведацца, што гаршкі, напрыклад, выкарыстоўваліся для гатавання ежы, бабачнікі — для выпякання булак ці бабак, кубкі — для напояў, макацёр — для расцірання маку ці льнянога семя, збаны — для малака, спарышы ці пітушкі — для, так бы мовіць, «комплексных абедаў»...

Ганчароў з Поразава і ваколіц называлі «гаршчэчнікі». Сярод іх — цэлыя сямейныя дынастыі Паплаўскіх, Крыцкіх, Чарапкоў, Шалкевічаў, Раманоўскіх, Пінютаў, Козюкаў. Самым жа вядомым майстрам быў Іосіф Іосіфавіч Шопік: яго серабрыста-чорная задымленая кераміка з'яўляецца своеасаблівым сімвалам ганчарнага рамяства Прынямоння. За свае па-майстэрску выкананыя работы гэты поразаўскі ганчар узнагароджаны бронзавым медалём ВДНГ СССР, яго вырабы захоўваюцца ў Гродзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеі, Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту, Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь...

На жаль, у мястэчку няма больш ніводнай хаты, дзе круцілася б ганчарнае кола, нараджаўся новы керамічны посуд. Сёння поразаўская кераміка знаходзіцца ў прыватных калекцыях і сярод музейных экспанатаў, біяграфіі майстроў — у сямейных архівах, памяці родных людзей ды на стэндах музейнага пакоя «Мастацтва гліны і агню». А гэта... дазваляе спадзявацца, што яно, мастацтва, магчыма, яшчэ і адродзіцца?

Н. У. Калач,загадчыца аддзела маркетынгу Свіслацкай раённай бібліятэкі


Рабіць дабро...

У Мінску, у іншых вялікіх гарадах не-не ды і сустрэнеш звычайных і ў той жа час незвычайных жанчын — у белых касынках, з адмысловымі скарбонкамі. Да іх падыходзяць людзі, ахвяруюць грошы, падаюць запіскі, аб нечым пытаюць... Сёстры міласэрнасці ўважліва слухаюць, адказваюць на пытанні.

Да адной з іх падышла і я, каб пацікавіцца, як «набываецца» такая прафесія?

— Я з маленства верыла ў Бога, малілася, хадзіла ў храм, — расказвае сястра Святлана. — Потым з'явілася жаданне служыць, і бацюшка блаславіў мяне. У храме выдалі адпаведнае адзенне, скарбонку. Ніхто не сказаў, колькі гадзін мне абавязкова трэба будзе стаяць, збіраць ахвяраванні... Можна дзве гадзіны, можна — дзесяць. Бог дае сілы, хоць гэта, бывае, і цяжка, асабліва зімой. Даводзіцца стаяць на марозе, на скразняках, адзяваць па некалькі пар шкарпэтак, валёнкі, цёплыя рэчы пад куртку ці паліто... Мы, сёстры, усе розныя, у кожнай свой лёс, і часам ён вельмі няпросты.

Сястра Святлана ведае, аб чым гаворыць, бо сама прайшла праз анкалагічнае захворванне, пахавала бацькоў, не мае, на жаль, сям'і... Клапоціцца пра састарэлых, людзей з інваліднасцю і без пастаяннага месца жыхарства, падкормлівае бяздомных катоў і сабак.

— Рабіць дабро, — лічыць Святлана, — абавязак кожнага чалавека. А для нас — сясцёр міласэрнасці — гэта яшчэ і сэнс жыцця.

Святлана Няронская, г. Мінск

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.