Вы тут

Новы прэм'ер-міністр расказаў аб планах работы ўрада


Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава афіцыйна прадставіла супрацоўнікам Апарату Савета міністраў новы склад урада краіны: новага прэм'ер-міністра Сяргея Румаса, першага намесніка прэм'ер-міністра Аляксандра Турчына і трох намеснікаў прэм'ер-міністра — Ігара Ляшэнку, Уладзіміра Кухарава і Ігара Петрышэнку. З папярэдняга складу на пасадзе намесніка прэм'ер-міністра застаўся Міхаіл Русы. Чакаецца, што размеркаванне абавязкаў паміж віцэ-прэм'ерамі адбудзецца на гэтым тыдні.


«Думаю, што прэм'ер-міністр яшчэ ўважліва вывучыць структуру ўрада і функцыянальныя абавязкі кожнага. Магчыма, будуць нейкія змены, пра гэта кіраўнік урада паведаміць», — сказала Наталля Качанава.

Яна адзначыла, што Адміністрацыя Прэзідэнта працуе ва ўзаемадзеянні з урадам па многіх пытаннях, уключаючы і эканамічны блок. Наталля Качанава выказала надзею, што ў далейшым такая работа будзе сумеснай і эфектыўнай.

Акрамя таго, кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта акцэнтавала ўвагу на тым, што ўраду будзе неабходна эфектыўна працаваць над задачай, якую паставіў Прэзідэнт па развіцці ўсіх рэгіёнаў краіны. Паводле яе слоў, ужо зроблена шмат для аграгарадкоў, абласных цэнтраў, а цяпер неабходна заняцца сярэднімі гарадамі, дзе пражывае больш за 50 тысяч жыхароў.

«Высокаэфектыўныя прадпрыемствы павінны быць у кожным горадзе і раёне, каб людзі разумелі, што ў іх ёсць работа. Усім, хто працуе ва ўрадзе, трэба яшчэ раз уважліва паглядзець і зрабіць акцэнты на ключавых момантах, пра якія гаварыў Прэзідэнт, і прыняць усе меры, каб пастаўленыя задачы былі рэалізаваны», — падкрэсліла Наталля Качанава.

Сяргей Румас у выступленні перад Апаратам урада падзякаваў Прэзідэнту за аказаны давер. «Я разглядаю гэта прызначэнне як вялікую адказнасць і выклік для мяне асабіста. Сёння пачынаецца, напэўна, самы адказны этап у маім жыцці, які патрабуе канцэнтрацыі ўсіх сіл і навыкаў, вопыту, які я атрымаў на папярэдніх пасадах. Персанал Апарату ўрада вядомы сваім прафесіяналізмам. Гэта вялікі гонар для мяне кіраваць вамі», — заявіў Сяргей Румас.

Каментуючы планы па курсе, які абярэ новы склад Савета Міністраў, ён адзначыў, што ўся праца будзе грунтавацца на задачах, якія ўжо вызначаны праграмнымі дакументамі.

«Не варта чакаць нейкай рэвізіі прынятых рашэнняў. Кіраўнік дзяржавы пры прызначэнні новага складу ўрада зрабіў акцэнты на такія рэчы, як дысцыпліна і згуртаванасць. Акрамя таго, шмат увагі было ўдзелена дабрабыту насельніцтва. Прэзідэнт падкрэсліў, што менавіта ўзровень дабрабыту людзей будзе асноўнай ацэнкай работы ўрада. Над гэтай задачай нам давядзецца працаваць з поўнай самааддачай», — рэзюмаваў Сяргей Румас.

Учора Сяргей Румас і яго намеснікі прадставілі новых кіраўнікоў міністэрстваў іх калектывам.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Дысцыпліна, згуртаванасць, дабрабыт людзей

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».