Вы тут

Любоў да прыроды вымяраецца клопатам


Неабыякавыя людзі могуць не толькі адстойваць правы, але і наводзіць парадак на сваёй зямлі.


«Звязда» раней пісала пра канфліктную сітуацыю, якая склалася паміж ААТ «Амкадор» і жыхарамі Мінскага раёна. Пляцоўкай для размяшчэння новага завода «Амкадор» абраў Калодзішчы, да таго ж дзеля будоўлі аднаго з аб'ектаў давялося б высекчы лес. Мясцовыя жыхары былі катэгарычна супраць. У якасці экспертаў яны прыцягнулі навукоўцаў, і тыя высветлілі — у лесе растуць «чырванакніжнікі».

Пры такім раскладзе, натуральна, гаворка пра будаўніцтва ў лесе ўжо не ідзе. Натхнёныя яго выратаваннем, мясцовыя жыхары арганізавалі суботнік на гэтай тэрыторыі. Ва ўборцы лесу прынялі ўдзел 60 мясцовых жыхароў і дэпутат райсавета.

А наогул суботнік часам нагадваў урок біялогіі, які праводзіў кандыдат біялагічных навук Алег Маслоўскі, кіраўнік сектара кадастру расліннага свету Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В. Ф. Купрэвіча НАН Беларусі. Вучоны знаёміў мясцовых жыхароў з раслінамі, занесенымі ў Чырвоную кнігу Беларусі, таму суботнік атрымаўся яшчэ і пазнавальным. «Мы будзем надалей дапамагаць вам, паколькі ў вас ёсць ініцыятыва, — цытуе «Зялёны партал» Алега Маслоўскага. — Сёння гаварылася пра рух грамадскіх інспектараў. Усе гэтыя расліны патрабуюць кантролю. Хацелася б, каб неабыякавыя людзі, школьнікі, маглі маніторыць колькасць чырванакніжнікаў, стан, ступень пагрозы, уносіць у дакументы аператыўныя змяненні. І калі нешта здарыцца, каб вінаваты панёс пакаранне».

А пакуль у лесе наведзены парадак, і мясцовыя жыхары поўныя рашучасці падтрымліваць яго і надалей.

Апошнім часам у неабыякавых грамадзян становіцца добрым тонам не чакаць, калі хто-небудзь навядзе парадак, а дзейнічаць самім. Нярэдка руцінныя ўборкі тэрыторый ператвараюцца ў крэатыўныя мерапрыемствы. Так, напрыклад, у Бараўлянах стартаваў праект «Экаквэсты». У ім могуць удзельнічаць і дзеці, і дарослыя. Сутнасць праекта ў тым, што нехта, магчыма, саромеецца прыбіраць смецце, а калі гэта арганізавана ў форме гульні, спаборніцтва, то знікаюць псіхалагічныя комплексы.

«Мінпрыроды высока ацэньвае падобныя грамадскія ініцыятывы і заўсёды гатова падтрымаць мясцовых жыхароў у іх жаданні зрабіць сваю зямлю яшчэ больш прыгожай і чыстай, добраўпарадкаванай. Па падтрымку ў рэалізацыі сваіх экалагічных ідэй грамадзяне могуць звяртацца ў тэрытарыяльныя органы міністэрства, — сказала Алена Меляшкова, прэс-сакратар Мінпрыроды. — Пры неабходнасці можа быць арганізавана навуковае суправаджэнне, аказана метадычная, арганізацыйная і іншая дапамога».

Ксенія КАВАЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.