Вы тут

Святы заступнік малой радзімы


Шэсце, якое штогод 16 жніўня ладзіцца ў невялікай вёсцы Кавальцы, што ў Дзяржынскім раёне, чымсьці нагадвае рэлігійныя працэсіі Лацінскай Амерыкі. Толькі замест статуі святога тут над галовамі людзей лунае яго выява, напісаная на вялікім абразе. Святы Рох — у каталіцкай традыцыі заступнік ад эпідэмічных хвароб, тут ужо стаў сваім, асабліва шануемым, мясцовым. Тут ужо няважна, якую веру ты спавядаеш і ці спавядаеш наогул — калі ты маеш дачыненне да гэтай вёскі, калі вырас тут, калі прывозіш сюды на лета сваіх унукаў, ты павінен пакланіцца святому апекуну, папрасіць у яго заступніцтва для вёскі, яе нешматлікіх сёння жыхароў і іх нашчадкаў, якія разляцеліся па ўсім свеце...


За ўвесь час свайго існавання — а гэта, калі легенду аб яго з'яўленні пакласці на канкрэтныя гістарычныя рэаліі, не менш за паўтары сотні гадоў — абраз ні разу не пакідаў вёску. Падчас эпідэміі халеры яго заказала і прывезла аж з Варшавы мясцовая пані Свідава, абраз абнеслі вакол вёскі — і страшная хвароба яе абмінула. З таго часу 16 жніўня гэта ахоўнае кола робяць вакол Кавальцоў штогод. Розныя былі часы, розныя былі людзі. Здаралася, забаранялі шэсце, спрабавалі разганяць з міліцыяй. У страшныя 1930-я асабліва заўзятыя атэісты нават стралялі ў абраз — і сёння на сцягне святога Роха побач з ранай намаляванай — раны сапраўдныя — дзіркі ад куль. А людзі працягвалі верыць і шанаваць, перадавалі абраз з хаты ў хату, калі разбурылі капліцу, дзе ён стаяў... Выпадкова ці не — але вёску заўсёды мінаюць многія беды, што коцяцца па наваколлі. Лічыцца: пакуль святы Рох «дома» — нічога дрэннага тут здарыцца не павінна.

Сталых жыхароў зараз у вёсцы чалавек дваццаць набярэцца ў лепшым выпадку. Але ўлетку вяртаюцца да родных хат маладыя гарадскія пенсіянеры, прыязжаюць на канікулы ўнукі-праўнукі. Некаторыя на мясцовае свята спецыяльна бяруць адпачынак ці выхадны. Сустракаюць святога Роха сем'і амаль ля кожнай хаты, цалуюць абраз, падлазяць пад яго, далучаюцца да працэсіі. І ў канцы шляху за абразом ужо ідзе ўся вёска, і няважна ў той момант, што для кагосьці яна месца жыхарства, а для кагосьці — толькі месца нараджэння.

У гэты дзень яна для ўсіх прысутных — РАДЗІМА. І кожны моліцца яе святому заступніку, каб ён яе збярог і захаваў на гэтай зямлі.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.