Вы тут

«У нас ён быў такі адзін»


Вялікая выстаўка Ізраіля Басава, не прызнанага сваім часам

Разнастайнасць мастацкага «прадукту» распесціла нас так, што рэдка даводзіцца быць нечым сапраўды ўражаным, але ў Нацыянальным мастацкім музеі зараз можна знайсці нешта неверагоднае. Самы смелы беларускі мастак другой паловы XX стагоддзя, «новы Шагал» і папярэднік беларускага авангарда савецкага перыяду з унікальным стылем Ізраіль Басаў, які пры жыцці не заспеў ніводнай сваёй аўтарскай выстаўкі, зараз экспануецца ў маштабным праекце «Прамудрасць збудавала сабе дом». У залах музея размешчана каля шасцідзесяці графічных і жывапісных работ, частка з якіх паказваецца публіцы ўпершыню. З 15 жніўня яны займаюць прастору Нацыянальнага мастацкага музея, якая на месяц будзе прысвечана стагоддзю мастака.


«Выстаўка пачынаецца з аўтапартрэта, за які самі калегі лаялі майго бацьку, — расказвае сын Ізраіля Басава, таксама мастак Мацвей Басаў. — Маўляў, чаму ты рот так крыва намаляваў. Нехта разумеў, што гэта робіцца для экспрэсіі, абвастрэння, нехта, магчыма, зайздросціў, тут шмат нюансаў. Час такі быў — партрэт быў напісаны ў 1964 годзе, — калі яму даставалася ад калег».

Ізраіль Басаў стаяў асобна ад мастацкай тусоўкі свайго часу. Сацрэалізм і афіцыйныя догмы — якіх трымаўся не толькі ЦК, але і самі мастакі — не змаглі прыняць татальна іншага Басава ў публічны творчы працэс. «Фармальная смеласць яго жывапісу, вызваленне ад сацыяльнай дыдактыкі сацрэалізму абумовілі вельмі скупы выставачны лёс і адсутнасць персанальных выставак». Па словах Мацвея Басава, яго бацька вельмі з-за гэтага перажываў: «Яму не давалі выстаўляцца, таму што ён быў зусім іншы, лічылі, што на яго творчасць уплывае Захад, хоць у Маскве такога кшталту мастакі выстаўляліся свабодна. А ў нас ён быў такі адзін, што і стала праблемай».

У выніку ж, нягледзячы на такую «непапулярную» фармальную пазіцыю ў мастацкім асяроддзі пры жыцці, Ізраіль Басаў прызнаны адным з самых выдатных майстроў беларускай гісторыі мастацтва, які хоць і не быў прызнаны сваім часам, але настойліва трымаўся ўласнага стылю насуперак канонам сацрэалізму.

«Адкрыццё гэтай выстаўкі — безумоўна, свята, праўда, са слязьмі на вачах, таму што Ізраіль Басаў ніколі не бачыў свае работы ў такім храме і не станавіўся галоўным персанажам такой падзеі, — адзначыла мастацтвазнаўца Ларыса Фінкельштэйн на цырымоніі адкрыцця. — Ён быў папярэднікам беларускага авангарда 1970-х, якім мы яго ведаем і любім, вытокам, пачаткам, цудоўным чалавекам неверагоднага маштабу. Малога росту, маленькі ў сваіх людскіх патрэбах, ён быў глыбай у мастацтве. У сваім жывапісе Басаў не баяўся нічога, ён быў шалёна смелы, чым палохаў іншых. Яго работы былі зусім не ідэалагічныя, яны не адпавядалі запытам дзяржавы ці часу, але адпавядалі запытам вечнасці».

Назва выстаўкі — выраз з прытчы «Прамудрасць збудавала сабе дом» — апроч таго, што адсылае да жыцця мастака, паказвае і змест экспазіцыі. Дом, які ў Басава апроч сваёй прыкладной функцыі становіцца яшчэ і філасофскім сімвалам, тут з'яўляецца лейтматывам. У выстаўцы шмат Мінска, любоўю да якога мастак вядомы. «Пра Мінск увогуле можна рабіць асобную выстаўку. Гэты жывапіс трэба паказваць, таму што моладзь мае дастаткова нядобрых прыкладаў і страчвае свае здольнасці, а малады аўтар павінен цягнуцца да сапраўднага, некамерцыйнага мастацтва», — кажа Мацвей Басаў.

У адной з залаў прадстаўлена цэлая кампазіцыя графічных малюнкаў, якія не паказваліся дагэтуль. Сярод карцін можна знайсці работу «Успамін»: «Алена Аладава ўбачыла яе на нейкай выстаўцы і адразу купіла, за невялікую цану, яна не магла шмат заплаціць, але карціна захавалася ў музеі. Аладава вельмі любіла і шанавала майго бацьку». Графічныя і жывапісныя творы — аснову выстаўкі — дапаўняюць фотаздымкі і дакументы, а таксама відэанарыс пра Ізраіля Басава.

«Прамудрасць збудавала сабе дом» сфарміраваная з фондаў Нацынальнага мастацкага музея, Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, фонду Беларускага саюза мастакоў, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва і ўласна калекцыі сям'і мастака. Ізраіль Басаў будзе выстаўляцца ў музеі да 16 верасня.

Сафія ПАЛЯНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?