Сем чалавек звярнуліся да старшыні Мінаблвыканкама Анатоля Ісачанкі падчас асабістага прыёму грамадзян у Лагойску. Пытанні, зрэшты, былі традыцыйныя: асфальтаванне дарог, зямельныя спрэчкі, выдзяленне ўчасткаў пад індывідуальную забудову, набыццё ва ўласнасць жылля.
Сям'я з вёскі Косіна аказалася ў неадназначнай сітуацыі. Бацька працаваў у мясцовай сельгасарганізацыі больш за дзесяць гадоў. І яму далі згоду на выкуп дома з растэрміноўкай плацяжу на дваццаць гадоў. Але ў сувязі са смерцю гаспадара гэты тэрмін скарацілі да трох гадоў. Анатоль Ісачанка яшчэ да пачатку прыёму быў у курсе праблемы. «Мы перагаварылі са старшынёй райвыканкама. Умяшайцеся, трэба дапамагчы на тых умовах, на якіх быў заключаны дагавор», — звярнуўся губернатар да кіраўніка раёна Віктара Каляды.
У мінчанкі Таццяны Антонаўны ў вёсцы Аўгустова ва ўласнасці знаходзіцца зямельны ўчастак у 25 сотак. Гэты надзел падаравалі ёй бацькі ў 2006 годзе. Жанчына хоча пабудаваць тут дом. Але такое ў прынцыпе немагчыма, паколькі зямля выдзелена не для абслугоўвання дома, а для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі. Заяўніца павінна аддаць участак сельсавету, які выставіць яго на аўкцыён. І ў гэтым выпадку яна зможа яго набыць для індывідуальнай забудовы. «У мяне невялікая зарплата, на ўтрыманні двое дзяцей, не магу я яго выкупіць», — сцвярджала заяўніца. Па-чалавечы яе зразумець можна, але ж існуе літара закона.
«Я не магу парушыць закон. Такіх пытанняў шмат па вобласці. Сёння дазволю вам, заўтра з крыўдай прыйдуць іншыя: а чаму нам нельга? Але мы вывучым пытанне дадаткова і вам адкажам», — канстатаваў Анатоль Ісачанка.
Старшыня аднаго з садаводчых таварыстваў звярнуўся з просьбай выдзеліць кааператыву зямельны ўчастак у ваколіцы аграгарадка Гайна для будаўніцтва дачнага комплексу.
Анатоль Ісачанка даў даручэнне спецыялістам больш дэталёва вывучыць гэтае пытанне. Пры тым Анатоль Міхайлавіч заўважыў: месца аддаленае ад камунікацый, інфраструктуры, што выкліча пэўныя складанасці. Тым больш што гэта землі сельгаспрызначэння і з іх адчужэннем не ўсё так проста.
Жанна Антонаўна пры разводзе з мужам пазбавілася кватэры. Яна зарэгістраваная і жыве ў сваякоў у пасёлку Калодзішчы. Жанчына хоча набыць участак для будаўніцтва індывідуальнага жылля ў Лагойскім раёне.
Як высветлілася, ёй прапаноўвалі ўчасткі ў некалькіх сельсаветах. Але яна адмовілася, маўляў, адзін зарос быльнягом, другі — баршчэўнікам Сасноўскага, трэці знаходзіцца ў балоцістым месцы. Яна патрабуе менавіта той надзел, які выбрала сама. Але на яго прэтэндуюць тыя, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў і стаў на чаргу раней за заяўніцу.
«У адпаведнасці з законам вы не атрымаеце ўчастак раней за гэтых людзей», — растлумачыў ёй Анатоль Ісачанка.
Пасля прыёму кіраўнік цэнтральнага рэгіёна пракаментаваў некаторыя моманты сустрэчы: «Ёсць пытанні, якія трэба вырашаць на карысць людзей, а ёсць такія, што супярэчаць існуючаму заканадаўству. А грамадзяне з тых ці іншых прычын яго парушылі. Можна, канешне, знайсці кампрамісы, але гэта не значыць, што будзе абсалютна ўсё вырашана, усё павінна быць строга ў адпаведнасці з заканадаўствам».
На прыёме працуе шмат спецыялістаў, кожны па сваім кірунку. Затым мы выслухоўваем чалавека, сказаў губернатар. І калі бачым, што ён мае рацыю, мы яму дапамагаем. Часам некаторыя людзі недагаворваюць па тых ці іншых пытаннях. І спецыялісты бачаць гэта, і тады даводзіцца агучваць магчыма і непажаданыя для заяўніка рэчы. Як у сённяшнім выпадку, жанчыне некалькі разоў прапаноўвалі ўчастак, а яна адмаўлялася.
«Прыём — гэта заўсёды складаная размова з людзьмі, я ўжо адзначаў, што для сябе стаўлю задачу адасобіць асабістае ад дзяржаўнага. На аснове прыёмаў мы фарміруем праграму для далейшых дзеянняў», — сказаў напрыканцы Анатоль Ісачанка.
Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ
Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.
Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны.
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.