Вы тут

Вынікі на ЦТ ацэньваліся па дзвюх методыках


Але сертыфікаты абітурыенты атрымалі з баламі па ранейшай сістэме падлікаў

На цэнтралізаваным тэсціраванні 2018 года абітурыенты паказалі больш высокія вынікі, чым летась, па ўсіх дысцыплінах, акрамя фізікі. Пра гэта на прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры паведаміла першы намеснік міністра адукацыі Ірына СТАРАВОЙТАВА.


Прыём на першую ступень вышэйшай адукацыі ажыццяўлялі сёлета 42 дзяржаўныя ВНУ і 9 прыватных. Студэнтамі-першакурснікамі сталі 50 400 чалавек. За кошт сродкаў бюджэту будуць навучацца 26 400 чалавек, з іх на дзённай форме — 21 700. Некаторыя спецыяльнасці ў ВНУ сёлета запаўняліся не без цяжкасцяў. Пасля асноўнай хвалі залічэння вакантнымі заставалася каля 150 бюджэтных месцаў. На іх быў аб'яўлены дадатковы набор. Мінімальныя балы па прадметах ЦТ, з якімі можна было паступаць у рамках дадатковага набору, пры гэтым не зніжаліся. На вакантныя бюджэтныя месцы маглі прэтэндаваць толькі абітурыенты, якія не прайшлі па конкурсе пры паступленні ў іншыя ВНУ, але мелі на руках патрэбныя сертыфікаты, або паступалі на іншыя спецыяльнасці ў тую ж ВНУ. Пасля правядзення дадатковага набору незапоўненымі засталіся толькі 14 месцаў у дзвюх ВНУ: Беларуска-расійскім дзяржаўным універсітэце і Мазырскім дзяржаўным педагагічным універсітэце.

Студэнтамі педагагічных спецыяльнасцяў сёлета сталі 5 тысяч чалавек. Як вядома, існуе пералік педагагічных спецыяльнасцяў, куды выпускнікі педагагічных класаў (пры адпаведнасці шэрагу крытэрыяў) маглі паступаць па выніках сумоўя.

Ірына Старавойтава адзначыла, што з профільных педагагічных класаў прыходзяць у педагогіку дастаткова матываваныя абітурыенты, якія ўжо апрабавалі настаўніцкую прафесію, так бы мовіць, знутры, атрымалі ў рабоце з малодшымі школьнікамі першы педагагічны і псіхалагічны досвед, зразумелі, ці бачаць яны далей сябе ў гэтай сферы дзейнасці.

У Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка залічана 800 студэнтаў на дзённую бюджэтную форму. Пры гэтым кожны трэці з будучых педагогаў з'яўляецца пераможцам алімпіяд, мае дыплом з адзнакай або з'яўляецца выпускніком педагагічных класаў.

Акрамя таго існуе пералік найбольш запатрабаваных эканомікай спецыяльнасцяў, пры паступленні на якія асобныя катэгорыі абітурыентаў (медалісты, уладальнікі дыпломаў з адзнакай і пераможцы алімпіяд) залічваюцца ва ўстановы вышэйшай адукацыі без іспытаў. Ён уключае больш як 30 пазіцый.

— Гэты пералік зацвярджаецца Міністэрствам адукацыі па ўзгадненні з Міністэрствам эканомікі. Размова ідзе пра спецыяльнасці, дзе, можа быць, не проста навучацца, яны не вельмі папулярныя сярод маладых людзей, але перспектыўныя і запатрабаваныя заказчыкамі кадраў, хоць абітурыенты гэта і не заўсёды разумеюць. Таму прадастаўленне льготы — дадатковы стымул для прыцягнення на іх таленавітай моладзі. І, трэба заўважыць, медалісты ёй карыстаюцца. Гэта льгота дзейнічае і прыносіць плён, — запэўніў начальнік Галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей КАСПЯРОВІЧ.

Самыя высокія конкурсы на дзённую бюджэтную форму назіраліся сёлета па спецыяльнасцях «рэжысура кіно і тэлебачання» (6,4 чалавека на месца), «інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі» (6,7 чалавека на месца), «спартыўна-турысцкая дзейнасць (менеджмент у турызме)» (7,6 чалавека на месца) і «графічны дызайн» — больш як 11 чалавек на месца.

Абітурыенты з самымі высокімі баламі падавалі дакументы на «міжнароднае права» ў БДУ, «стаматалогію» — у БДМУ, «сучасныя замежныя мовы» ў Мінскі лінгвістычны ўніверсітэт, «арганізацыю паветраных палётаў» — у Акадэмію авіяцыі і на ІТ-спецыяльнасці ў БДУІР. Нядрэнна ўкамплектаваліся і рэгіянальныя ВНУ, напрыклад, у Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце сярэдні конкурс склаў два чалавекі на месца.

Стабальныя вынікі на цэнтралізаваным тэсціраванні былі практычна на ўсіх прадметах, у тым ліку і на экзамене па фізіцы. Усяго ўдзел у ЦТ узялі амаль 82,5 тысячы абітурыентаў. 392 абітурыенты атрымалі 100-бальныя сертыфікаты, з іх 16 чалавек сталі ўладальнікамі двух сертыфікатаў з максімальнай сумай балаў. 53 удзельнікі тэставага экзамену, якія атрымалі на ЦТ 100 балаў, з'яўляюцца выпускнікамі папярэдніх гадоў, і адзін — выпускніком установы сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

А вось тых, хто карыстаўся мабільнымі тэлефонамі або шпаргалкамі на ЦТ, стала значна менш. З іспыту былі выдалены 16 чалавек, яшчэ два абітурыенты не атрымалі сертыфікаты, таму што парушылі працэдуру правядзення ЦТ пры рабоце з бланкамі адказаў.

Першы намеснік дырэктара Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Наталля ВАЙЦЯХОВІЧ паведаміла, што сёлета паралельна з рэйтынгавай шкалой ацэньвання на ЦТ апрабавалася і новая методыка падліку балаў. Размова ідзе пра мадэльную апрабацыю, гэта значыць, што вынікі ўдзельнікаў ЦТ гэтага года ацэньваліся як па ранейшай, так і па новай методыцы. Але балы, якія абітурыенты ўбачылі ў сваіх сертыфікатах, разлічваліся па старой методыцы, якая зацверджана Міністэрствам адукацыі і выкарыстоўваецца 12 апошніх гадоў.

— Новая методыка апрабавалася як падчас рэпетыцыйнага тэсціравання, так і падчас ЦТ, і мы змаглі ўбачыць у ёй шмат плюсоў, — растлумачыла спецыяліст. — Працэдура атрымліваецца яшчэ больш празрыстая і зразумелая для абітурыентаў. Кожнаму тэставаму заданню прысвойваецца першасны бал, яго абітурыенты будуць ведаць яшчэ да пачатку ЦТ. Ён будзе залежаць ад некалькіх паказчыкаў — узроўню складанасці задання, формы яго прадстаўлення, у якой частцы тэста знаходзіцца заданне (у вобласці А ці В), адкрытае яно ці закрытае. Затым у працэсе праверкі работ будуць уведзены каэфіцыенты і далей разлічвацца выніковы тэставы бал. Свой рэйтынг абітурыенты змогуць убачыць на сайце РІКВ.

Гэта методыка для сусветнай практыкі не новая, яна выкарыстоўваецца ў многіх краінах. Не выключана, што ў наступным годзе яе пачнуць прымяняць і ў Беларусі. Гэта рашэнне будзе прымацца Міністэрствам адукацыі.

Наталля Вайцяховіч дадала, што абітурыенты, якія паказвалі ў папярэднія гады высокія вынікі, і пры новай сістэме падліку балаў аказаліся б у вышэйшай частцы шкалы на ЦТ, а вось колькасць уладальнікаў мінімальных балаў пры новай сістэме зменшыцца.

Па словах Наталлі Вайцяховіч, фізіку на ЦТ сёлета здавала меншая колькасць абітурыентаў. «Мы ўбачылі, што некаторыя вырашылі скарыстацца сваімі сертыфікатамі мінулага года. Такое права ў абітурыентаў цяпер ёсць. Вынікі тэсціравання па фізіцы сёлета супастаўныя з вынікамі за папярэдні год, адбылося зусім нязначнае зніжэнне сярэдняга бала, і ніякай трагедыі мы ў гэтым не бачым, — падкрэсліла яна . — Да таго ж мае месца так званы «эфект чацвёртага экзамену». Многімі абітурыентамі фізіка выбіралася ў якасці запаснога чацвёртага прадмета, таму што яны не былі ўпэўненыя ў сваіх ведах. Насамрэч у такіх абітурыентаў балы па іншых дысцыплінах, у прыватнасці па матэматыцы і замежных мовах, былі вышэйшыя. Але права здаваць чацвёртую дысцыпліну на ЦТ ёсць ва ўсіх. І 48 % ад агульнай колькасці ўдзельнікаў ЦТ пісалі тэсты па чатырох дысцыплінах».

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».