Вы тут

Узбекістан: беларускія літаратурныя адрасы


У сталіцы Узбекістана прайшла Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Актуальныя пытанні па вывучэнні і прапагандзе ўзбекскай класічнай і сучаснай літаратуры на міжнародным узроўні». Сярод яе ўдзельнікаў быў і паэт, празаік з Беларусі Ганад Чарказян. Уражаннямі ад ташкенцкіх сустрэч пісьменнік і дзеліцца з нашымі чытачамі.


— Ганад Бадрыевіч, у Ташкенце, мусіць, пачатак жніўня выдаўся яшчэ болей гарачым, чым звычайна?.. Гэта я мяркую па жнівеньскай спякоце ў Беларусі...

— Сапраўды, вельмі горача, нязвычна нават для мяне, чалавека, які вырас на Каўказе, у Арменіі. Ды ратавалі вячэрняя прахалода, цень ад дрэваў. Ташкент вельмі зялёны горад. І ратавалі сапраўдныя сяброўскія сустрэчы, размовы.

— Ташкент можна смела заносіць у гарады з беларускімі літаратурнымі адрасамі. Ці ўдалося паблукаць па горадзе, адкрыць для сябе тыя сцежкі, якімі ў час Вялікай Айчыннай вайны хадзіў па сталіцы Узбекістана народны пясняр Беларусі Якуб Колас?.. Пра гэта шмат напісана ў беларускім друку. Ды, спадзяюся, і ва Узбекістане пра сувязь Якуба Коласа з Ташкентам памятаюць...

— На жаль, мала што адкрыў у горадзе, акрамя гасціннасці ўзбекаў, узбекскіх літаратараў, Саюза пісьменнікаў гэтай цёплай і таварыскай у стаўленні да Беларусі краіны. Быў жа ў Ташкенце ўсяго толькі два дні. Пасля яшчэ адзін дзень канферэнцыі праходзіў у Самаркандзе. Адкрыў для сябе старадаўнюю архітэктуру. Уражанне самае высокае ад знаёмства з помнікамі даўніны, як будаўнік са стажам быў проста ў захапленні ад майстэрства рамеснікаў, будаўнікоў ранейшых стагоддзяў. Абавязкова напішу пра сустрэчу з Самаркандам верш. Нават накіды пэўныя паспеў зрабіць. І пра Ташкент таксама напішу. Ужо ведаю, як беларусы дапамагалі ташкентцам ліквідаваць наступствы землятрусу. Ды і ўзбекі моцна дапамаглі эвакуіраваным з Беларусі, Мінска жыхарам у час Вялікай Айчыннай вайны. Ведаю, што дзяцей з беларускіх сем'яў, якія згубілі бацькоў, прытулілі многія ўзбекскія сем'і.

— Што яшчэ стане прадметам вашых мастацкіх пошукаў, што выльецца з гэтай паездкі ў вашы новыя творы?

— Хацелася б расказаць пра вуліцу Якуба Коласа ў Ташкенце. Ведаю, што да візіту Прэзідэнта нашай краіны ўзбекі рыхтуюць і ўсталяванне бюста Якуба Коласа... Прыемна, што беларускага песняра памятаюць. Між іншым, помнік народнаму паэту Беларусі з прыцэлам на ўсталяванне ў Ташкенце зрабіў і вядомы беларускі скульптар Уладзімір Слабодчыкаў. Добра было б, каб і гэтая ініцыятыва ажыццявілася. Дарэчы, з Узбекістанам звязаны і лёсы іншых беларускіх літаратараў. У час Вялікай Айчыннай вайны ў Ташкенце жылі і працавалі Эдзі Агняцвет, Міхась Модэль. На многія дзесяцігоддзі звязалі сваё жыццё з Узбекістанам крытыкі, літаратуразнаўцы, паэты, перакладчыкі Аркадзь Мардвілка, Сцяпан Ліхадзіеўскі. Усе гэтыя факты сведчаць, што можна пісаць грунтоўную манаграфію пра беларуска-ўзбекскія літаратурныя сувязі.

— Будзем спадзявацца, што з часам яна і з'явіцца...

— Я рады, што канферэнцыю, у якой я прымаў удзел і выступаў з дакладам, прывітала наша беларускае Міністэрства інфармацыі. Дарэчы, ужо ў дні работы аўтарытэтнага пісьменніцкага і навуковага форуму гэтае прывітанне было надрукавана ў некаторых газетах Узбекістана. Надрукавалі ўзбекскія газеты і грунтоўны артыкул пра беларуска-ўзбекскія літаратурныя стасункі. У тэксце згадваецца і Зульфія, чые кнігі ў савецкі адрэзак нашай гісторыі двойчы выходзілі ў Мінску. І сёння вялікая паэтэса Зульфія — адзін з самых пашанотных літаратараў Узбекістана.

— З кім давялося пазнаёміцца ў час работы канферэнцыі?

— Найперш — з узбекскімі пісьменнікамі. Шмат хто з іх (у першую чаргу — народны пісьменнік Узбекістана Мухамад Алі) згадваў ранейшыя стасункі з беларускімі літаратарамі. У прыватнасці, з народным паэтам Беларусі Рыгорам Барадуліным. Рады, што пазнаёміўся з пісьменнікамі з Карэі — Інгам Енгам О, Таджыкістана — Нізомам Касімам, Індыі — Шахідам Таслемам... Была ў мяне доўгая гутарка са старшынёю Саюза пісьменнікаў Узбекістана Сіражыддзінам Сійідам. Ён сказаў, што запрошаны на Дзень беларускага пісьменства ў Іванава. І паабяцаў абавязкова прыехаць у Беларусь... Магу меркаваць, што сустрэча з узбекскімі калегамі, тыя ўражанні, што я атрымаў у Ташкенце, паспрыяюць станаўленню беларуска-ўзбекскіх літаратурных сувязяў на сучасным этапе.

Калі я ехаў у Ташкент, то літаральна перад самай паездкай два аўтарытэтныя выданні — газеты «Звязда» і «Літаратура і мастацтва» надрукавалі падборкі вершаў класіка ўзбекскай літаратуры Алішэра Наваі ў перакладах Казіміра Камейшы. Гэта нядаўняя праца нашага вядомага паэта і перакладчыка.

— Алішэр Наваі нарадзіўся ў Гераце — на тэрыторыі сучаснага Афганістана. Там і памёр, пакінуўшы, безумоўна, вялікі след у паэзіі Усходу...

— Узбекі вельмі шануюць гэтага паэта з дзяржавы Цімурыдаў, найярчэйшага класіка цюркскай паэзіі, які сваёй творчасцю выклаў сапраўдны падмурак для развіцця ўзбекскай паэзіі, узбекскай нацыянальнай літаратуры. У сваёй творчасці ён шмат пісаў пра ўзбекаў, пра ўзбекскі просты люд. Спадзяюся, што першыя публікацыі перакладаў Казіміра Камейшы стануць асновай для будучай беларускай кнігі Алішэра Наваі.

— Вядома, што першыя публікацыі пра вялікага паэта з'явіліся ў Беларусі ў 1940—1950-я гады. Дарэчы, пра Алішэра Наваі пісаў у беларускім друку вядомы ўзбекскі літаратар Айбек. На пачатку 1990-х у Мінску была выдадзена кніга выбранай лірыкі А. Наваі ў перакладах Васіля Жуковіча. Выходзіць, што ў адносін беларускай і ўзбекскай літаратур — багатая біяграфія...

— І нам застаецца толькі яе прадаўжаць і пашыраць.

Гутарыў Сяргей ШЫЧКО

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.