Вы тут

Варыкацэле: выдаляць ці не?


Сярод мужчын, у якіх выяўлена бясплоддзе, 40 % пакутуюць на варыкацэле. Хвароба звычайна пачынаецца ў падлеткавым узросце, і на гэтым этапе важна яе не прапусціць. Як гэта зрабіць і каму варта пагаджацца на аперацыю, а ў якіх выпадках яе рабіць не абавязкова, расказала загадчык 1-га педыятрычнага аддзялення 3-й гарадской дзіцячай клінічнай паліклінікі Мінска Галіна ЦІЖ.


— Варыкацэле з'яўляецца адной з дастаткова распаўсюджаных праблем, якія ўзнікаюць у юнакоў у падлеткавым узросце, — кажа Галіна Міхайлаўна. — Захворванне сустракаецца прыкладна ў 15 % падлеткаў і дарослых мужчын. Развіваючыся з узросту палавога выспявання, з часам яно можа прывесці да бясплоддзя. Небяспека захворвання ў тым, што яно, здараецца, не выклікае ніякіх сімптомаў. А вось дыягнастуецца даволі проста — падчас звычайнага медыцынскага агляду.

Гэтак жа, як і пры варыкозным расшырэнні вен на нагах, гэта захворванне развіваецца, калі дрэнна функцыянуюць клапаны ў венах, што вядзе да адваротнага току крыві. Варыкацэле — гэта варыкознае пашырэнне вен семявага канаціка ў яечку. Такая паталогія ўзнікае часцей за ўсё ва ўзросце 14—15 гадоў, хутка дасягае пэўнай ступені і больш не прагрэсуе. Захворванне ўзнікае з-за павышэння ціску ў венах і часцей за ўсё звязана з асаблівасцямі іх анатамічнага размяшчэння. Прычым з-за ўласцівасці ходу левай вены варыкацэле часцей узнікае злева. Садзейнічаюць узнікненню варыкацэле доўгія празмерныя нагрузкі, а таксама захворванні, якія павышаюць унутрыбрушны ціск.

Ёсць чатыры ступені варыкацэле. Першаснае звычайна да пэўнага моманту праходзіць амаль бессімптомна, аднак у большасці выпадкаў менавіта яно з'яўляецца асноўнай прычынай мужчынскай бясплоднасці ва ўсім свеце. Болевыя адчуванні ў паху, як правіла, адсутнічаюць, і на гэтай стадыі захворванне можна выявіць толькі пры дапамозе ультрагукавога даследавання.

Пры другой стадыі хваробы расшыраныя вены намацваюцца ў становішчы стоячы, у становішчы лежачы варыкацэле не вызначаецца. Боль звычайна ўзнікае пасля гарачага душу, пасля падняцця цяжару і пры напружванні мышцаў брушнога прэса. Балючасць можа адрознівацца рознай інтэнсіўнасцю, як правіла, яна не надта моцная, носіць распіраючы ці цягнучы характар і суправаджацца павышанай патлівасцю, смыленнем у машонцы. Болі, як правіла, узнікаюць пры знаходжанні ў вертыкальным становішчы ці падчас фізічнай нагрузкі, калі венозны ціск вышэйшы. У стане лежачы яны праходзяць. Для другой ступені характэрныя шматлікія ўскладненні.

Пры трэцяй ступені расшыраныя вены намацваюцца ў любым становішчы стоячы і седзячы, з'яўляецца прыпухласць скуранога покрыва, якая выклікана запаленчым працэсам. Скура машонкі набывае барвовае адценне, сама машонка павялічваецца ў памерах і робіцца асіметрычнай. Пры чацвёртай ступені расшыраныя вены відаць падчас візуальнага агляду.

— Варыкацэле першай ступені не патрабуе лячэння, — кажа Галіна Ціж. — Варта толькі пазбягаць працяглай хадзьбы і падняцця цяжкіх прадметаў.

А вось на астатніх стадыях існуюць толькі аператыўныя спосабы лячэння. Калі вам калі-небудзь давядзецца чуць пра лячэнне без аперацыі — не верце, бо эфектыўнага кансерватыўнага лячэння гэтай хваробы не існуе. З трэцяй і чацвёртай ступенямі хваробы яго не пазбегнуць. Прычым калі захворванне праяўляе сябе болямі ці бясплоддзем, аперацыя павінна быць праведзена абавязкова. Таксама яе праводзяць, калі варыкацэле выяўляецца ў падлетка ці маладога мужчыны. Калі размова ідзе пра мужчыну ва ўзросце, які не мае скаргаў, то рабіць аперацыю неабавязкова.

А вось прафілактыцы варыкацэле варта ўдзяляць увагу ў любым узросце. Яго лепш папярэдзіць, чым лячыць, і зрабіць гэта можна, прытрымліваючыся даволі простых рэкамендацый. Падчас заняцця спортам не трэба перагружаць сябе празмернымі сілавымі нагрузкамі. Ад курэння і алкаголю таксама лепш адмовіцца, бо яны негатыўна ўплываюць на сценкі сасудаў, пашкоджваючы іх. Неабходна сачыць за вагой, паколькі лішні тлушчавы пласт аказвае ўзмоцнены ціск на вены, з-за чаго іх сценкі расцягваюцца. Штогод трэба праходзіць прафілактычны агляд ва ўрача-хірурга — спецыяліст можа знайсці гэта захворванне на ранняй стадыі і прызначыць лячэнне.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».