Вы тут

Як я працаваў громаадводам


Дзеці спыталі, які ў мяне самы яркі ўспамін дзяцінства. Сказаў ім, што аднойчы, калі мне было гадоў дзесяць, размаўляў з сябрам па тэлефоне і машынальна круціў у руках маміну шпільку для валасоў. А потым гэтаксама машынальна ўставіў яе ў разетку. Іншых яркіх успамінаў у маім дзяцінстве не было.


Глядзім фільм «Кароль гаворыць» пра англійскага караля Георга VІ. Кароль звяртаецца да Чэрчыля. Старэйшая дачка:

— Чэрчыль, Чэрчыль... Недзе я гэта імя ўжо чула.

Мы радасна:

— Ну, давай, успамінай.

— А, успомніла! Так свінку ў «Сватах» звалі!

Добры серыял «Сваты», можна сказаць, гістарычны.


Вырашылі правесці ўнутрысямейны эксперымент: спачатку пакарміць вячэрай дзяцей, а потым ужо есці самім, так бы мовіць у спакойнай, нязмушанай атмасферы. Вынік перавысіў усе чаканні — растучыя арганізмы ўмялі ўсё дачыста, пакінуўшы бацькам пражытковы мінімум.

Па выніках эксперымента было прынята стратэгічнае рашэнне: ад гэтага часу спачатку будуць вячэраць бацькі, потым дзеці і ў самым канцы — кошка.

Р. S. Калі хтосьці будзе нязгодны, можам памяняць месцамі з кошкай.


Каб падкалоць сына, які пастаянна тарчыць у планшэце, кажу яму:

— Як справы, Арсеній Планшэтавіч?

А ён у адказ:

— Добра, Павел Фэйсбукавіч.

Вось што тэхналогіі з людзьмі робяць!


Малодшыя гарталі энцыклапедыю пра жывёл. Вера ўбачыла фатаграфію арангутана і кажа:

— Тата, а гэта малпа такая ж вялікая, як ты?

Паглядзеў на малпу, у думках параўнаў з сабой і сказаў, што я, напэўна, усё-такі большы.

Самае цікавае, што на той жа старонцы былі фатаграфіі льва, тыгра, мядзведзя, але са мной яны чамусьці вырашылі параўнаць менавіта арангутана. Нават неяк крыўдна.


Ужо не першы год назіраю дзіўную карціну: чым бліжэй дзень нараджэння сына, тым горш пачынае працаваць яго сотавы тэлефон. Прыкладна за два тыдні да дня нараджэння ў яго пачынаюць па чарзе псавацца камера, праграмы і плэер. Прыкладна за тыдзень пачынаюцца праблемы з вайфаем і інтэрнэтам. І дзесьці за два-тры дні па ім ужо практычна немагчыма званіць. У выніку тэлефон урачыста памірае. Усё гэта, вядома, было б вельмі сумна, калі б не адно але: адразу пасля дня нараджэння, калі тэлефон не быў заменены на новы, ён нечакана самааднаўляецца і працуе без збояў яшчэ год. Проста нейкая чартаўшчына.


Жонка папрасіла прывезці з дому расчоску (яны цяпер у вёсцы жывуць). На пытанне «Якую?», паколькі расчосак у нас шмат, сказала: «Якую знойдзеш». Такой пастаноўцы задачы я абрадаваўся, бо гэта значна спрашчала яе рашэнне.

У выніку паўгадзіны шнарыў па кватэры, знайшоў (і то таму, што ад адчаю залез пад пральную машыну) толькі сваю паламаную расчоску, якая ім ніяк не падыдзе.

Спрабую зразумець: у доме пяць жанчын, у кожнай у сярэднім па тры расчоскі, але знайсці немагчыма ніводнай.

Р. S. Адчуваю, давядзецца ісці ў краму па новую партыю расчосак. Гэта ў любым выпадку мой касяк.


Ідзём з двайняткамі па полі, з-за лесу насоўваецца навальніца. Кажу ім:

— Давайце прыбавім кроку, у навальніцу ў полі небяспечна знаходзіцца.

— Чаму?

— Можа ўдарыць маланка.

— У нас?

— Яна звычайна б'е ў самае высокае месца.

Поля, паглядзеўшы на мяне:

— Не хвалюйся, тата, мы з Верай не вельмі высокія.

Каб я зусім не хваляваўся, засталося адпусціць маю руку і адысці на бяспечную адлегласць.

Р. S. Гэта была рубрыка «Як я працаваў громаадводам».

Павел ХОЛАД

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».