Вы тут

Ад 145 да 900 рублёў будзе каштаваць бацькам сабраць дзіця на вучобу


Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю падлічыла кошт аптымальнай экіпіроўкі школьніка, уключаючы адзенне, абутак, ранец, пісьмовыя прылады і канцылярскія тавары. Каб сабраць вучня малодшых класаў, спатрэбіцца ад 145 да 750 рублёў, на старшакласніка — ад 214 да 900 рублёў.


Штогод беларускія прадпрыемствы абнаўляюць асартымент адзення дзелавога стылю на 80 працэнтаў. Сёлета «Беллегпрам» падрыхтаваў каля 500 мадэляў адзення для школьнікаў. У гандлёвыя арганізацыі пастаўлена 530 тысяч швейных вырабаў (плюс 107 тысяч рыхтуецца да адгрузкі), 573 тысячы трыкатажных вырабаў і 150 тысяч пар абутку (яшчэ 219 будуць адгружаны).

— Прадпрыемствы таксама працуюць непасрэдна са школамі і гімназіямі, пастаўляюць ім сваю прадукцыю па адпускных цэнах. Як і ў папярэднія гады, мы выконваем індывідуальныя заказы, калі дзесьці няма патрэбнага памеру, расфарбоўкі, — расказвае намеснік старшыні «Беллегпрама» Уладзімір АСТРОЎСКІ.

Перад навучальным годам па краіне пройдзе больш за 600 школьных базараў. З 25 да 28 жніўня ў цэнтры «Белэкспа» адбудзецца Міжнародная спецыялізаваная выстаўка-кірмаш «Прывітанне, школа!». А на гэтыя выхадныя — 18—19 жніўня з 10.00 да 17.00 каля сталічнага Палаца спорту чакаецца агульнагарадскі кірмаш «Пара ў школу!». Удзел у ім прымуць больш за 50 прадпрыемстваў. Там можна будзе знайсці не толькі форму, але і развівальныя гульні, метадычную літаратуру, кнігі для пазакласнага чытання. На асобныя тавары абяцаюць зніжкі да 50 %.

Калі казаць пра мінскіх вучняў, то школьнай формай з іх забяспечана 70 %.

— Рэалізавана больш за 135 тысяч адзінак швейных вырабаў, 45 тысяч адзінак трыкатажных вырабаў і 27 тысяч пар абутку. Пакупніцкі попыт на дзелавое адзенне на 97 % забяспечаны таварамі айчынных вытворцаў, на абутак — на 58 %, — пракаментавала сітуацыю галоўны спецыяліст па сувязях з грамадскасцю галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынку Мінгарвыканкама Святлана ШЫЦІКАВА.

Яна нагадала, што 25 і 26 жніўня ў сталічных крамах пройдуць адзіныя дні зніжак. Калі закупляцца ў гэтыя даты, можна сэканоміць на камплекце школьнага адзення ад 35 да 220 рублёў.

Белкаапсаюз арганізуе да новага навучальнага года 107 пастаянных базараў, як правіла ў райцэнтрах. Мадэлі адзення і абутку, якія засталіся з мінулага года, будуць прадавацца са зніжкай 20—25 %. Для шматдзетных сем'яў, бацькоў з дзецьмі-інвалідамі таксама прадугледжаны зніжкі — ад 10 да 15 %.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.