Вы тут

Як захаваць грудзі здаровымі?


Не злоўжываць гармонамі, сонцам і курэннем.

Каб захаваць жаночыя грудзі здаровымі, трэба прытрымлівацца некаторых правілаў і пазбягаць тых рэчаў, якія ўплываюць негатыўна. Вядома, што генетыка адыгрывае сваю ролю ў развіцці хвароб. Але не менш важны і лад жыцця. Ёсць звычкі, якія дапамогуць захаваць малочныя залозы здаровымі, а некаторыя нашы прыхільнасці наадварот могуць прывесці да праблем. Пра тое, што шкодзіць жаночаму здароўю, а што яго ўмацоўвае, расказала акушэр-гінеколаг 2-й цэнтральнай раённай паліклінікі Мінска Аляксандра БУРГУТА.


— Аляксандра Дзмітрыеўна, каб атрымаць гэтым спякотным летам загар, не абавязкова нават выязджаць у цёплыя краіны, але ёсць меркаванне, што для грудзей ён шкодны...

— Зараз і анколагі, і эндакрынолагі сцвярджаюць, што доўгае знаходжанне на сонцы не ідзе на карысць ніводнаму органу нашага цела, і малочныя залозы не выключэнне. Для жанчын з мастапатыяй, ачаговымі ўтварэннямі ў грудзях існуе шэраг рэкамендацый, сярод іх і поўная забарона знаходжання на сонцы. На самай справе гэта перабольшванне. Смажыцца на пляжы і наведваць салярый ім сапраўды не варта, а вось пад рассеяным сонцам у ранішнія гадзіны нікому не забаронена знаходзіцца. Пачуццё меры тут асноўны крытэрый.

— Ці праўда, што курэнне і алкаголь надзвычай згубна ўплываюць на малочныя залозы?

— Курэнне дакладна адбіваецца на жаночым здароўі не лепшым чынам. Нікацін і смолы ў першую чаргу ўплываюць на абмен палавых гармонаў у жаночым арганізме, тым самым апасродкавана ўздзейнічаючы на малочную залозу як на гармоназалежны орган. Пэўных пераканаўчых даных па аналагічным уплыве алкаголю няма, але тут не трэба забываць аб яго шкодным уздзеянні на іншыя органы і сістэмы арганізма.

— Як вядома, ёсць пэўныя прадукты, якія дапамагаюць малочным залозам заставацца здаровымі...

— Не сакрэт, што адным з фактараў развіцця мастапатыі становяцца свабодныя радыкалы, пра якія цяпер шырока вядома. Яны пашкоджваюць тканкі малочнай залозы і зноў жа ўплываюць на абмен палавых гармонаў. Таму калі мы гаворым пра здаровае харчаванне, то гэта павінен быць рацыён, багаты на антыаксіданты — яны здольны нейтралізаваць дзеянне свабодных радыкалаў. Гэта найперш вітаміны груп А, Е, С, і яны, як вядома, утрымліваюцца ў свежых фруктах, ягадах, агародніне. Існуюць і пэўныя прадукты, якія прызнаны носьбітамі карысных рэчываў, што добра ўплываюць на тканкі малочнай залозы. Напрыклад, індынол утрымліваецца ў капусце розных сартоў, у вялікай колькасці ён, у прыватнасці, у брокалі, прычым як у свежай, так і замарожанай. Лікапін — экстракт тамата — таксама паводле апошніх даследаванняў дабратворна ўплывае на тканкі малочнай залозы. Акрамя вітамінаў А, Е, С, жаночаму арганізму неабходныя такія мікраэлементы, як селен і цынк, яны таксама адносяцца да антыаксідантнага комплексу. Калі казаць пра комплекс вітамінаў, якія рэкамендуецца ўжываць у зімова-вясновы перыяд, калі нам не хапае свежай агародніны і ягад, то неабавязкова набываць дарагія полівітамінныя комплексы. Дастаткова комплексу антыаксідантаў: вітаміны А, Е, С і селен. Цяпер у аптэках прадаецца і шэраг вітамінных комплексаў і біялагічна актыўных дабавак, спецыяльна распрацаваных для малочнай залозы. Так што летам і восенню карысна дадаваць у рацыён капусту і памідоры, а іх экстракты ў выглядзе БАДаў і вітамінныя комплексы дапушчальныя для прыёму ў астатні час.

— Грудное кармленне лічыцца карысным не толькі для дзіцяці, але і для матулі...

— ...бо яно, як сведчыць шматгадовы вопыт сусветных даследаванняў, адназначна станоўча ўплывае на тканкі малочнай залозы. У жанчыны, пакуль яна корміць грудзямі, фізіялагічна зніжаны гарманальны фон, гэта значыць адсутнічае залішні ўплыў палавых гармонаў на малочную залозу. У перыяд кармлення малочная залоза, папросту кажучы, знаходзіцца ў стане паўсну і адпачывае.

— Якім павінен быць правільны бюстгальтар?

— Найперш зручным для жанчыны: не націраць, не сціскаць, не пакідаць гематомы. Пры выбары важна кіравацца не прыгажосцю, а функцыянальнасцю. Рак малочнай залозы часта з'яўляецца як наступства яе траўматызацыі. Хранічная траўматызацыя костачкамі бюстгальтара ці нейкімі дэкаратыўнымі элементамі павышае рызыку новаўтварэнняў. Жанчынам, якія маюць мастапатыю, болі ў малочнай залозе — у прыватнасці, перад менструацыяй — вельмі важна, каб бялізна была надзвычай зручнай.

— Як уплывае на малочныя залозы прыём гарманальных прэпаратаў?

— Да іх прыёму варта ставіцца надзвычай рацыянальна. Ён магчымы толькі пад кантролем лечачага ўрача. Асабліва гэта датычыцца моднай зараз замяшчальнай гарманальнай тэрапіі ў перыяд менапаўзы. На жаль, мы назіраем тэндэнцыю, калі жанчыны без папярэдняга абследавання, без назначэння ўрача самастойна набываюць гарманальныя прэпараты, каб захаваць маладосць і пазбегнуць праяў старэння. У выніку такога бескантрольнага прыёму мы маем шматлікія выпадкі злаякасных новаўтварэнняў у малочнай залозе. Канешне, ні ў якім разе нельга сцвярджаць, што замяшчальная гарманальная тэрапія выклікае рак малочнай залозы. Але яе трэба вельмі дбайна падбіраць, прычым толькі тым жанчынам, якім яна паказана і якія прайшлі абследаванне, у прыватнасці, ультрагукавое даследаванне (УГД) малочнай залозы і мамаграфію, і пры гэтым у іх не выяўлена ніякіх падазроных ачагоў.

— Як часта жанчына павінна прыходзіць на прафілактычны прыём да ўрача?

— Любая жанчына раз на год прыходзіць да ўрача-гінеколага ці ў аглядальны кабінет. Такі візіт абавязкова суправаджаецца аглядам малочных залоз. Па вялікім рахунку яго павінен праводзіць любы ўрач, да якога жанчына звярнулася з праблемай: кампетэнтныя ў гэтых пытаннях і тэрапеўты, і хірургі. Варта не забываць і пра самаабследаванне. Рэкамендацыі, як гэта рабіць правільна, маюцца ў свабодным доступе: у інтэрнэце, на інфармацыйных стэндах у паліклініках, пра іх можна спытаць у гінеколага.

Больш паглыбленае абследаванне паказана, калі ў жанчыны ёсць скаргі, калі доктар падчас агляду выяўляе падазроныя ачагі ці жанчына сама іх знаходзіць. Калі ў матулі, сястры, бабулі па жаночай лініі былі злаякасныя новаўтварэнні, такая жанчына адносіцца да групы рызыкі, ёй таксама трэба больш пільна абследавацца. Калі пацыентка прымае гарманальную менапаўзальную тэрапію, яна таксама знаходзіцца ў групе дынамічнага назірання. У такіх выпадках урач па меры неабходнасці прызначае дадатковыя абследаванні. Як правіла, для жанчын, якія не дасягнулі 50 гадоў, больш інфарматыўным з'яўляецца УГД малочных залоз. Пасля 50 гадоў робіцца мамаграфія — абследаванне пры дапамозе рэнтгенаўскіх промняў.

— Анколагі рэкамендуюць рабіць мамаграфію ўжо пасля 40 гадоў...

— Так, паводле сусветных рэкамендацый, пасля 40 жанчына павінна праходзіць мамаграфію. На практыцы мы бачым, што мамаграфіі ў жанчын 40—42 гадоў не вельмі інфарматыўныя. Рэнтгенолагі з-за актыўнай гарманальнай тканкі высокай шчыльнасці не могуць атрымаць дакладнай інфармацыі. І ў выніку ўсё роўна прызначаюць даабследаванне — УГД. Таму мамаграфія мае сэнс усё ж бліжэй да 50-ці і пасля. У любым выпадку прызначаць сабе абследаванне самастойна не варта, прыслухайцеся да рэкамендацый вашага доктара.

— Якія рэчы павінны насцярожыць жанчыну?

— Найперш гэта зацвярдзенні ў малочнай залозе, якія яна сама знаходзіць. Не трэба заспакойвацца і думаць, што вам «хутчэй за ўсё падалося», лепш наведаць спецыяліста. Таксама павінны насцярожыць выдзяленні з саска любога колеру, асабліва цёмныя, бурыя, чырвоныя. Гэта дрэнны сімптом, абавязкова трэба ісці да ўрача. Небяспечнае павелічэнне падпахавых лімфавузлоў: іх можа адчуць сама жанчына або выявіць урач іншай спецыялізацыі. Не варта пакідаць без увагі пачырваненні скуры без прычыны. Калі ў жанчыны, якая не корміць грудзямі, запаляецца тканка малочнай залозы, што суправаджаецца пачырваненнем і павышэннем тэмпературы скуры, гэта нагода западозрыць форму рожыстаподобнага раку. Яго часам складана адрозніць ад мастыту — запаленчых захворванняў. Ёсць яшчэ адна, праўда, рэдкая форма раку, якая таксама дрэнна выяўляецца — хвароба Педжэта, або рак саска. Калі на працягу некалькіх месяцаў ці гадоў маецца нейкае невытлумачальнае намаканне саска. На ім утвараюцца бляшкі, язвачкі, з якіх выдзяляецца вадкасць — празрыстая ці жаўтаватага адцення. Гэта таксама нагода звярнуцца да ўрача. Жанчын, асабліва больш сталага ўзросту, павінна ўсхваляваць уцягванне бо змена формы саска і з'яўленне пад ім зацвярдзення. І нарэшце, калі візуальна адна малочная залоза па структуры, па форме раптам пачынае адрознівацца ад іншай, таксама варта звяртацца да ўрача.

Алена КРАВЕЦ

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».