Вы тут

На Аўгустоўскім канале адрадзілі свята, якое ладзілі паўтара стагоддзя таму


Балотны футбол, заплыў на абы-чым, канцэрты і конкурсы — такім было свята мора, якое прайшло на Аўгустоўскім канале. Месцам правядзення стаў шлюз Дамброўка. Гэта адзін з пяці шлюзаў, што знаходзяцца на беларускай частцы канала. Тут не толькі прыгожы ландшафт, але і прывабны куток для адпачынку.


Фота БелТа.

Тварам у бруд? Гэта весела!

Ахвотных трапіць на брэндавы фестываль аказалася шмат. Доўгі аўтамабільны ланцужок цягнуўся ўздоўж дарогі. Падчас свята на дзве аўтамабільныя пляцоўкі супрацоўнікі ДАІ пускалі толькі транспарт удзельнікаў, а іх набралася, ні многа ні мала, ажно 500 чалавек. Таксама тут паркаваліся аўтобусы, якія прыбылі з-за мяжы.

Па словах арганізатараў, сюды з'ехалася каля трох тысяч чалавек.

Зранку каманды ўключыліся ў балотны футбол. Трэба сказаць, што з кожным годам іх становіцца больш. Сёлета аб сваім жаданні згуляць у брудзе заявілі амаль 30 камандаў, трэць з якіх — жаночыя. Для гульні на тэрыторыі шлюза існуе адмысловая пляцоўка. Супрацоўнікі МНС пастаянна падліваюць ваду на чорны пясок. У некаторых месцах бруд даходзіць да калена гульцоў. Здаецца, што гэта іх не палохае, а, наадварот, дадае азарту. На брудных тварах зіхацяць усмешкі. У камандзе Аксаны з Іўя разам з ёй гуляюць дзве дачкі-школьніцы з біблейскімі імёнамі — Эсфір і Авігея. Кажуць, што з задавальненнем гуляюць у балотны футбол, атрымалі шмат адрэналіну, а гразевыя ванны нават карысныя для здароўя.

Каля пляцоўкі шмат фатографаў. Сапраўды, тут можна «злавіць» нямала эмацыянальных кадраў. Арганізатары свята паведамілі, што налета будзе яшчэ цікавей — каманды згуляюць у балотны футбол у касцюмах па родзе сваёй дзейнасці. Чыноўнікі — у гальштуках, кухары — у каўпаках...

Паблукалі, але даехалі

Не магла прайсці міма гіравікоў-сілачоў. Чэмпіёны свету па гіравым спорце Сяргей Мацко і Яўген Назарэвіч правялі паказальныя выступленні. Не толькі моцным, але і валявым аказаўся Валерый са Смаргоні, які працуе інструктарам па фізультурна-масавай рабоце. Ён нават нацёр мазалі, але не здаўся і падняў 24-кілаграмовую гіру 110 разоў. Трэба сказаць, што гродзенская каманда гіравікоў — адна з наймацнейшых у краіне.

Самы масавы старт правялі веласіпедысты. Аматараў набралася каля сотні. Ім прапанавалі новы маршрут «Шляхам яцвягаў» у 24 км. Удала праехалі яго прадстаўнікі Астраўца. Некаторыя з іх працуюць на атамнай станцыі і ездзяць на работу менавіта на такую адлегласць. Юрый наогул упершыню наведаў канал і застаўся задаволены. Праўда, былі і такія, што крыху блукалі, бо з'ехалі не на той маршрут, хоць ён і быў прамаркіраваны. Дарэчы, новы маршрут уваходзіць у сетку «Аўгустоў Вела» і буйнога міжнароднага маршруту «Грын Вела».

Па словах арганізатараў, асноўны лейтматыў свята — спартыўна-забаўляльны. З актыўным адпачынкам звязаны і сам Аўгустоўскі канал. Як вобразна выказаўся начальнік упраўлення спорту і турызму аблвыканкама Алег Андрэйчык, чалавек павінен адчуць подых прыроды, цурчанне вады, прасякнуцца гісторыяй гэтага ўнікальнага гідратэхнічнага збудавання. І самы лепшы спосаб для гэтага — веласіпед альбо карабель.

Плыў параход і што папала...

Адно з самых любімых відовішчаў у гэты дзень — парад-конкурс на самы арыгінальны плывучы сродак, зроблены з падручных рэчаў. Чаго толькі тут не спусцілі на ваду. І цуда-печку, і бульдозер, і сыр, і нават аўтамабіль хуткай дапамогі...

Разам з тым кожны плывучы сродак, а іх набралася 15, нёс пэўную інфармацыю аб прадпрыемстве альбо раёне. Прыгожае відовішча прыдумалі ў цэнтры сацыяльнага абслугоўвання Зэльвы. Яго работнікі абралі вобразы самураяў і гейшаў, якія плылі на знакаміты Ганненскі кірмаш.

Пра фестываль памідора ўсе прысутныя даведаліся ад Святланы, якая прыплыла з Іўя. Яе плывучы сродак так і называўся «Іўеўскі памідор». Гісторыю пра хлопчыка з бервяна Бураціна прадставілі на плывучай зялёнай паляне работнікі Слонімскага мясакамбіната.

Згодна з умовамі, для плавання нельга выкарыстоўваць звычайныя плывучыя рэчы, у тым ліку надзіманыя матрацы. У асноўным умацоўваліся металічныя бочкі, пластыкавыя каністры і нават ПЭТ-бутэлькі. А гродзенскі бізнесмен Андрэй склаў свой плывучы сродак з паветраных шароў. Іх усяго каля 700, і яны трымаюць груз вагой 300 кг. Для Андрэя гэта магчымасць праверыць шары на трываласць і прарэкламаваць сваю прадукцыю.

У гэтым кірунку арганізатары мяркуюць рухацца і надалей — больш прыцягваць да конкурсу фірмы і карпарацыі. Тут ёсць значны патэнцыял і магчымасці. Удзел у заплыве на абы-чым можа прыняць кожны, хто пажадае. Напрыклад, так зрабіла ветурач Тамара з Воранава. Яна з'явілася ў вобразе Бабы Ягі з катом рэдкай пароды «корніш рэкс» па мянушцы Эрас. Тамара вырашыла нагадаць аб папулярным казачным персанажы, якога новыя пакаленні пачынаюць забываць.

Дарэчы, заплыў уразіў не толькі гледачоў на беразе, але і турыстаў на параходзе. Тут курсіруе некалькі пасажырскіх параходаў, якія карыстаюцца попытам. Таксама на шлюзе Дамброўка можна ўзяць напракат веласіпед, байдарку, лодку і катамаран. Колькасць плывучых сродкаў, якія можна арандаваць, з кожным годам павялічваецца.

Як паведаміў Алег Андрэйчык, свята мора тут пачалі праводзіць яшчэ 150 гадоў таму. Гэта былі ажыўленыя мясціны. Пасля разбурэння канала і шлюзаў усё прыйшло ў заняпад. Зараз былыя традыцыі зноў адраджаюцца. Цяпер на берагах шматлюдна, прыязджаюць цэлымі сем'ямі, частымі гасцямі з'яўляюцца польскія турысты. Дарэчы, такое свята здаўна праводзіцца ў польскім Аўгустове. Цяпер замежныя турысты асвойваюць беларускі бок канала і застаюцца пад добрым уражаннем.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: «Брудны» футбол і плывучая печ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».