Вы тут

Мінскае «Дынама» разграміла «Зеніт» на сваім полі — 4:0


За матчам Лігі Еўропы на сталічным стадыёне назірала больш за 21 тысячу гледачоў, з іх каля дзвюх тысяч — фанаты гасцей.

Сталічныя дынамаўцы выйшлі на паядынак 3-га раўнда са знакамітым сапернікам з берагоў Нявы зараджанымі і ўпэўненымі ў сабе. Гэта адбілася на табло ўжо на 12-й хвіліне, лік адкрыў Ураш Нікаліч, стадыён трыумфаваў ад нечаканай радасці. А калі ў сярэдзіне першага тайма перавагу падвоіў Уладзімір Хвашчынскі, трыбуны ўзарваліся яшчэ гучней. Ніна Галавіч пад занавес першай паловы сустрэчы засмуціў піцерцаў яшчэ раз, а кропку ў другім тайме паставіў дубль Ураша Нікаліча — 4:0.


«А я казаў перад матчам, што «Зеніт» выйграе. Дурань стары! Зразумела, што матч будзе цяжкі, але такога я не чакаў, — каментуе гульню, мабыць, самы вядомы балельшчык «Зеніта» народны артыст Расіі Міхаіл Баярскі. — Кашмар які! Бедны Сярожа Сямак! Гэта жудасна. Каманда не ў форме і выйшла гуляць без баявога духу. Так падвесці трэнера! Ну, як так можна? Гэта вельмі не па-мужчынску пасля чэмпіянату свету так прайграць не самай моцнай камандзе. Хоць у мінскага «Дынама» добрая каманда, але 0:4! Я вельмі засмучаны», — заявіў Баярскі.

Варта адзначыць і іншых піцерскіх балельшчыкаў, якія ў такой вялізнай колькасці прыехалі ў Мінск. Яны былі гучнымі, эмацыянальнымі і яркімі, за дзве гадзіны да матча зладзілі арганізаваны праход па цэнтры сталіцы, а падчас гульні, нягледзячы на лік на табло, не змаўкалі, спяваючы песні і заводзячы фанацкія крычалкі. Зрэшты, не абышлося без здарэнняў, піцерцы ўчынілі бойку на сектары самі паміж сабой, балазе гэта ніяк не паўплывала на саму гульню.

Галоўны трэнер мінскага «Дынама» Сяргей Гурэнка адзначыў, што гэты матч — толькі палова справы яго падапечных. «Аб'ектыўна ацэньваю каманды, мы не маглі за кошт майстэрства абыграць «Зеніт», аднак за кошт гульнявой дысцыпліны дамагліся выніку. Мае падапечныя гарэлі жаданнем удала згуляць з камандай з Санкт-Пецярбурга, і ў іх гэта атрымалася. Хачу перасцерагчы гульцоў і балельшчыкаў ад эйфарыі. Наперадзе матч у адказ з «Зенітам» у Санкт-Пецярбургу. І ў гасцях неабходна выстаяць 90 хвілін», — адзначыў трэнер.

Сапраўды, упадаць у эйфарыю рана, бо футбол ведае нямала крутых камбэкаў. Напрыклад...

У розыгрышы Лігі чэмпіёнаў сезона 2016/2017 матч паміж ПСЖ і «Барселонай» скончыўся з вынікам 4:0, а праз тыдзень «Барса» здзейсніла камбэк 6:1.

Кажуць, самай вар'яцкай гульнёй у Бундэслізе стала сустрэча «Бохума» і «Баварыі» ў 1976 годзе. На 53-й хвіліне лік быў 4:0 на карысць «Бохума», а з 54-й да 76-й хвіліны матча «Баварыя» забіла пяць!!! мячоў, яшчэ праз чатыры хвіліны на табло загарэліся лічбы 5:5, а затым за хвіліну да фінальнага свістка Улі Хёнэс усё ж такі вырваў перамогу для «Баварыі».

У чацвер завяршыўся яшчэ адзін матч з удзелам беларускага клуба. Футбалісты брэсцкага «Дынама» саступілі кіпрскаму «Апалону» 0:4. Сустрэчы ў адказ 3-га раўнда Лігі Еўропы адбудуцца праз тыдзень — 16 жніўня.

Нагадаем, раней футбалісты БАТЭ ў выязным матчы кваліфікацыйнага раўнда Лігі чэмпіёнаў атрымалі перамогу над «Карабахам» з лікам 1:0. Іх гульня ў адказ адбудзецца на «Барысаў-Арэне» 14 жніўня.

Дар'я Лабажэвіч

Ганна ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?