Вы тут

Пра што думае журналіст у 101-ы дзень нараджэння сваёй газеты


9 жніўня ў рэдакцыі панаваў працоўна-святочны настрой. Дзень нараджэння любімай «Звязды», ды яшчэ 101-ы па ліку — чым не нагода. Як і штодня, рабілі наступны (гэты, значыць) нумар, але ж і жартавалі, і ўспаміналі. У абедзенны перапынак сабраліся ўсе разам, папілі гарбаты, паелі ўсялякай смакаты, сказалі адно аднаму цёплыя словы, нават невялікую імпрэзу зладзілі.


А на сценах у фае фоткі развесілі — і сённяшнія, і з мінулых гадоў, балазе фатографы прафесійныя заўсёды побач, з імі не расслабішся, падловяць і ў камандзіроўцы, і за рабочым сталом. Разглядалі з цікавасцю, з настальгіяй («Маладыя гады, маладыя жаданні»...), прыгадвалі добрым словам калег, якія ўжо не з намі... Часам спыняліся позіркам на кімсьці незнаёмым, пыталіся: а гэта хто? І калі сябе, любімага, трохі (зусім трохі!) маладзейшага, худзейшага, з большай колькасцю валасоў на галаве, пазнавалі ў любым ракурсе, дык герояў сваіх публікацый, якія трапілі на тыя фотаздымкі, і, уласна, дзякуючы якім тыя публікацыі ўвогуле з'яўляліся, прыгадвалі з цяжкасцю. Яно, канешне, пагартаўшы падшыўку, можна знайсці і імя, і прозвішча, і ўсе падрабязнасці. А вось так, знянацку — мала ў каго атрымаецца.

Я вось, напрыклад, доўга стаяла ля фота, на якім размаўляю з бабуляй. Дэталі помняцца добра, нягледзячы на тое, што мінула больш за дваццаць гадоў. Гэта Лагойшчына, ранняя вясна, вёска Александрыно (па-мясцоваму — Трубачы). Мы з бабуляй ля брацкай магілы, у якой пахаваныя забітыя фашыстамі партызаны. Бабуля сама разам з аднавяскоўцамі іх хавала і даглядала тую магілу ўсе гады. Прозвішча бабкі я памятаю — Трубач (бо ў той вёсцы ўсе карэнныя жыхары — Трубачы). А вось імя — ну хоць забіце мяне. А яно варта было б памятаць і ведаць.

Так яно і адбываецца ў нашай працы — праходзяць праз допісы, якія чытаеш, праз думкі, праз напісаныя радкі, а нярэдка і праз душу, пакідаючы там адметны след, сотні людзей. Са сваімі імёнамі, лёсамі, прафесіямі, праблемамі і радасцямі, крыўдамі і захапленнямі. Складваюцца ў стракатую цікавую, не паўтораную больш нідзе мазаіку, што здаецца ва ўспрыманні цэласнай карцінай, у якой дасканала помняцца нават самыя драбнюткія дэталі. А дастань выпадкова з той мазаікі адзін асобны пазл — будзеш доўга ўглядацца, спрабаваць успомніць — і далёка не заўсёды паспяхова. І адчуваеш сябе крыху вінаватым, бо кожны з гэтых людзей — практычна твой суаўтар, сустваральнік тваёй журналісцкай біяграфіі, а ты так проста ўзяў ды забыўся.

І, каб крыху, найперш перад самім сабой, апраўдацца, выцягваеш з куфра памяці, у якім ніколі парадку няма, асобныя, адзінкавыя, імёны і імгненні. Вось са светлай памяці Нінай Маркаўнай Захарэвіч ідзём па яе родных Паставах, і яна з гордасцю расказвае пра свой гарадок, пра яго гісторыю. Вось разам з ёй у мястэчку Дунілавічы прадзіраемся праз густыя хмызы ў старой частцы могілак, каб знайсці даваенную магілу дзяўчыны, рэальная гісторыя кахання і гібелі якой стала сюжэтам народнай песні (а чытачы «Звязды» даведаліся пра гэты шэкспіраўскі сюжэт менавіта дзякуючы допісу Ніны Маркаўны). А рэцэптам найсмачнейшага пірага, якім тады падзялілася з маладой журналісткай сталая чытачка, я і сёння радую і здзіўляю сваіх гасцей.

Вось з Лідзіяй Сямёнаўнай Фарботкай зграбаем сена ў яе на ўчастку. Яна вельмі шчыра запрашала прыехаць у іхнюю вёсачку Пруды, што на ўскрайку Налібоцкай пушчы, і напісаць і пра вёску, і пра добрых працавітых людзей, што там жывуць, і адмовіць было проста немагчыма. Мы тады прайшліся па вёсцы, Лідзія Сямёнаўна пазнаёміла мяне са многімі сваімі землякамі. А калі ўжо вярнуліся да яе ў хату, на тварах гаспадароў я заўважыла няёмкасць і трывогу, з якой яны пазіралі ў акно. З-за лесу з'явілася хмарка, якая абяцала выліцца добрым дажджом проста на Пруды, а ў Фарботкаў за хатай сохла сена. Але ж не кінеш дзеля яго прыезджую са сталіцы журналістку... Выпытаўшы, у чым справа, я папрасіла яшчэ адны граблі. Сена мы ад дажджу тады выратавалі, паспеўшы скласці ў копы, і ў памяці аб Прудах, акрамя цікавай фактуры, якая стала асновай публікацыі, застаўся яго духмяны водар і адчуванне задаволенасці добра і своечасова зробленай справай.

Часлава Францаўна Акулевіч, якая загадвала музеем у Гальшанах, усімі сіламі спрыяла, каб таямніца Гальшанскага прывіду была раскрытая, але каб так і засталася таямніцай. Ганна Вікенцеўна Драўгяліс-Палеўская з Быхава сваім пакручастым лёсам і сваёй зацятай адзінотай прымусіла неяк адразу, за адзін дзень, пасталець і па-новаму паглядзець на звычайныя рэчы, якія так прывычна маеш у сваім жыцці і можаш вельмі лёгка страціць. Анатоль Караткевіч з Гомеля сваёй праблемай натхніў вывучаць у чытальнай зале Адміністрацыйны і Крымінальны кодэксы (і гэта таго было варта — мы тады выйгралі суд у ваеннай пракуратуры)...

За ўсімі публікацыямі, якімі вы зачытваецеся або з якімі спрачаецеся, стаяць жывыя звычайныя людзі, з якімі мы, аўтары гэтых публікацый, мелі гонар быць знаёмыя. Мы за даўнасцю часу можам не памятаць усіх імён і прозвішчаў — чалавечая памяць рэч увогуле вельмі ненадзейная. Але іх помняць газетныя старонкі. У выпадку са «Звяздой» — ужо на працягу больш чым ста гадоў. І гэта тое, што нас — аўтараў, герояў, чытачоў — сапраўды яднае. Хочацца верыць: нават у маштабах Часу і Гісторыі.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Загаловак у газеце: Спыніцца, азірнуцца...

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.