Як паведамілі ў Мінпрацы, сёлета ў першым паўгоддзі субсідыі для арганізацыі сваёй справы атрымалі 923 беспрацоўныя, большасць з якіх — на арганізацыю прадпрымальніцкай дзейнасці.
Мы пацікавіліся, якія віды самазанятасці карыстаюцца большым попытам сярод тых, хто скарыстаўся фінансавай дапамогай. Як высветлілася, перавага аддаецца арганізацыі сваёй справы ў сферы рознічнага гандлю. Таксама былыя беспрацоўныя ахвотна аказваюць паслугі ў сферы будаўніцтва, электрамантажных, тынкавальных, сантэхнічных ды іншых работ, а яшчэ шмат прапаноў звязана з дзейнасцю аўтамабільнага грузавога транспарту і таксі.
Дарэчы, памер грашовай дапамогі для арганізацыі сваёй справы не заўсёды аднолькавы. Ён залежыць ад месца і віду занятку. Так, разлічваць на субсідыю ў памеры 11 бюджэтаў пражытковага мінімуму (з 1 жніўня бягучага года БПМ складае 213,67 рубля) могуць беспрацоўныя, якія ў сувязі са становішчам на рынку працы не маюць магчымасці атрымаць прыдатную працу і ствараюць найбольш значныя для сваёй мясцовасці віды прадпрымальніцкай дзейнасці, якія вызначаюцца мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі. За першае паўгоддзе, напрыклад, такую субсідыю атрымалі 744 беспрацоўныя.
Дапамогу ў 15 БПМ могуць атрымаць пры арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці, дзейнасці па аказанні паслуг у сферы аграэкатурызму, рамесніцкай дзейнасці беспрацоўныя, якія жывуць у малых і сярэдніх гарадах з высокай напружанасцю на рынку працы. Іх спіс вызначаецца дзяржаўнымі і (ці) абласнымі праграмамі садзейнічання занятасці насельніцтва. Такім правам скарысталіся за 6 месяцаў бягучага года 179 беспрацоўных.
І нарэшце, на самы вялікі памер дапамогі — 20 БПМ — могуць разлічваць беспрацоўныя пры арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці, звязанай з укараненнем вынікаў навуковых даследаванняў і распрацовак. Гаворка ідзе аб аб'ектах права прамысловай маёмасці: вынаходкі, карысныя мадэлі, прамысловыя ўзоры, сарты раслін, тапалогіі інтэгральнай мікрасхемы.
Больш падрабязна глядзіце ў інфаграфіцы
Васілеўскія такія: на Зямлі і ў космасе ліхія!
Ідэнтычнасць праз спадчыну.
Беларусь — у тройцы лідараў па захваральнасці.