Вы тут

Жнівень у сталіцы Альманскіх балот


Пачатак восьмага месяца года ў столінскіх Альманах выдаўся шчодрым на сонечнае надвор'е, і таму жніўныя палі своечасова былі абмалочаныя, ураджай вывезены на такі. Здаецца, яшчэ ўчора стаяла залатая сцяна збажыны, а сёння на Гачы — былым балотным альманскім урочышчы — толькі калючая пожня. На ўскрайку поля мне пашэнціла сустрэць бесклапотных вясковых дзяцей — дзесяцігадовага Юрыя ЯЎСОВІЧА і яго чатырохгадовую суседку Ксенію ЗАВЯЛАВУ, якія вярталіся дадому. Дарэчы, клопат у малых папраўдзе таксама быў: на полі малеча засвойвала першыя ўрокі хлебаробскай працы.


Вёску Альманы называюць краем зямлі беларускай, бо з паселішча вядзе толькі адна дарога ў знешні свет: з паўднёва-ўсходняга боку падыходзіць памежная зона з Украінай, а з паўночнага ўсходу і ўсходу — бяскрайнія балоты. Балотны біятоп з'яўляўся неад'емнай часткай жыцця вяскоўцаў, надзейным сродкам выжывання палешукоў ва ўсе часы. Сёння таксама. За чарніцы ў гэтым годзе давалі даволі вялікія грошы — чатыры пяцьдзясят за кіло. Як толькі пайшлі першыя ягады, дарослае насельніцтва па традыцыі падалося ў лясы сярод балот. У жніўні — невялікая перадышка перад іншым ягадным бумам: журавіны яшчэ не паспелі. Больш спрытныя збіральнікі ў гэты час ходзяць па балоце, выглядваюць самыя ўраджайныя мясціны, плаваюць нават за Засамінае возера. Журавіны для альманцаў — сапраўдны кландайк. Таму ў светлы час сутак у вёсцы можна ўбачыць толькі пенсіянераў і дзяцей — як мясцовых, так і прыезджых.

 

Некалі меліяратары адваявалі ў балота вялікую плошчу і за Альманамі ва ўрочышчы Гачы з'явілася шчодрае хлебнае поле. На гэтым жніве працаваў і кіроўца МАЗа Рыгор Аглашэвіч — адзін з найлепшых кіроўцаў КСУП «Струга», якога я «заспеў» у кузаве з намалочаным трыцікале. На полі сустрэў галоўнага агранома гаспадаркі Марыю Завялаву з яе двайнятамі (на фота). Сынок Саша і дачушка Ксенія так хацелі ўбачыць матулю, што прыбеглі за ваколіцу на «маміна» поле.

Цяпер у вёсцы пражывае 150 сем'яў, у якіх гадуюцца 287 дзяцей. За апошні год у сталіцы Альманскіх балот нарадзілася 7 дзяцей. А ў 1971 годзе ў Альманах з'явіліся на свет семдзесят (!!!) немаўлят. Але гэта быў пік нараджальнасці... У няспешнай экскурсіі па альманскіх вуліцах гэтым разам мне сустрэліся людзі з пазітыўнымі і настраёвымі тварамі.

Анатоль КЛЯШЧУК, фота аўтара

Столінскі раён

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.