Вы тут

«Мая школа» — дабрачынны валанцёрскі праект БДУ


Бяром некалькі студэнтаў, прыбаўляем шчырае жаданне дапамагчы іншым, памнажаем на ініцыятыву і добры настрой і атрымліваем сотні дзіцячых усмешак! Вось такую незвычайную матэматыку можна вывучыць у «Маёй школе» — дабрачынным валанцёрскім праекце БДУ.


За гэ­тым за­ня­ткам і па­ду­рэць мож­на!

Ідэя яго стварэння з'явілася ў 2012 годзе ў Ксеніі Воўк, цяпер ужо выпускніцы факультэта міжнародных адносін БДУ. Валанцёры працуюць у розных кірунках: дапамагаюць выхаванцам дзіцячых дамоў выканаць дамашнія заданні і навярстаць школьную праграму, далучаюць дзетак да спорту і арганізоўваюць матчы па футболе, праводзяць для малых забаўляльныя мерапрыемствы з гульнямі, тэатральнымі пастаноўкамі і падарункамі.

Сёння ў скарбонцы «Маёй школы» ўжо некалькі буйных акцый. Напрыклад, у 2015 годзе валанцёры арганізавалі фотапраект «Сонечная прафесія», які быў накіраваны на падтрымку дзяцей з сіндромам Даўна. Кожнае «сонечнае» дзіця расказала, кім хоча стаць, калі вырасце, а затым яго фатаграфавалі ў вобразе будучай прафесіі: маленькія футбалісты, пчаляры, мастакі — каго дзеці толькі не выбіралі! Прэзентацыя здымкаў адбылася ў Міжнародны дзень чалавека з сіндромам Даўна.

Яшчэ адзін незвычайны праект пад назвай «Бумеранг дабра» студэнты ажыццявілі вясной мінулага года. Некалькі тыдняў валанцёры наведвалі дзіцячыя дамы Мінска і праводзілі майстар-класы па вырабе брошак у выглядзе жывёл. Дзве брошкі дзеці пакідалі сабе, а іншыя дзве адпраўляліся ў гандлёвы цэнтр «Gallerіa Mіnsk». У ім можна было купіць корм і медыкаменты, неабходныя прытулкам для жывёл, і аддаць іх валанцёрам. У падарунак неабыякавыя людзі атрымлівалі самаробныя брошкі і паштоўкі з падзякай ад дзетак.

Сёння кіраўнік праекта «Мая школа» — Караліна Чарнашэй, сёлетняя выпускніца факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ. «Быць валанцёрам — не так проста, — прызнаецца дзяўчына. — Недастаткова адзін раз наведаць дзіцячы дом і лічыць, што ты зрабіў вялікую справу. Каб падрыхтаваць нейкую акцыю, трэба патраціць шмат часу і сіл: мы праводзім сходы, на якіх абмяркоўваем ідэі для будучага мерапрыемства, думаем над іх увасабленнем, звязваемся са спонсарамі, прыцягваем СМІ. Гэта складаная і сур'ёзная работа».

Май­стар-клас па вы­ра­бе бро­шак у дзі­ця­чым до­ме № 5.

Па словах Караліны, для праекта патрэбны крэатыўныя людзі з вялікім запасам ідэй. Бо цяпер звычайнымі песнямі і казкамі дзяцей не здзівіш. Канешне, важна быць адкрытым, ветлівым, прыязным. Але самая галоўная якасць валанцёра — адказнасць. «Неабходна ўсведамляць усю сур'ёзнасць таго, чым ты займаешся. Дзеці бяруць прыклад амаль з кожнага, хто да іх прыходзіць. А значыць, валанцёр павінен паводзіць сябе правільна. Толькі чалавек, які адказвае за свае ўчынкі, здольны працаваць з дзецьмі», — сцвярджае кіраўнік
праекта.

Дзяўчына таксама паведаміла, што выхаванцы дзіцячых дамоў вельмі не любяць, калі іх шкадуюць, яны крыўдзяцца, хоць і не заўсёды гэта паказваюць. Важна размаўляць з імі, як са звычайнымі дзецьмі і нават як з аднагодкамі, нягледзячы на тое, што яны маленькія. Варта не шкадаваць, а падумаць, як можна дзеткам дапамагчы: пагаварыць, развесяліць, прывезці цацкі або прысмакі.

Работа з дзецьмі прыносіць мора пазітыву і станоўчых эмоцый. А яшчэ ў вас з'явіцца шмат маленькіх шчырых сяброў. Напрыклад, у Караліны ёсць верная сяброўка Марына. Дзяўчаты часта размаўляюць па тэлефоне пра ўсё на свеце, школьніца заўсёды чакае Караліну ў госці.

Сваімі ўражаннямі падзялілася і валанцёр Карына Кантар, выпускніца біялагічнага факультэта БДУ. Дзяўчына дапамагае дзецям выконваць дамашнія заданні: «Летась я займалася з Анечкай, яна вучылася ў пачатковай школе. Калі мы толькі пазнаёміліся, чытаць дзяўчынка не ўмела. Анечка спрабавала схітрыць: прасіла мяне нешта прачытаць і на слых запамінала тэкст, а затым быццам бы чытала яго сама. Канешне, я адразу раскрыла яе сакрэт і змяніла тактыку. Цяпер дзяўчынка выдатна чытае! А фенаменальная памяць таксама спатрэбілася: Анечка вучыць вершы і з задавальненнем мне іх расказвае».

Калі вы цвёрда вырашылі стаць членам дружнай каманды валанцёраў, трэба толькі напісаць Караліне або іншым удзельнікам праекта ў сацыяльных сетках. Запрашаем усіх на ўрокі дабрыні ў «Маёй школе»!

Ганна ЯЎСЕЙЧЫК, студэнтка ІІІ курса факультэта журналістыкі БДУ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Культура

Даніэль Ястрэмскі: Еўрабачанне» — мара, да якой я доўга ішоў

Даніэль Ястрэмскі: Еўрабачанне» — мара, да якой я доўга ішоў

Гэты 14-гадовы мінчанін, бадай, самы вядомы сёння беларускі дзевяцікласнік. Ён ні многа ні мала, а выйграў нацыянальны адбор на дзіцячае «Еўрабачанне».

Грамадства

Як гэта было: шчыры аповед аб усынаўленні

Як гэта было: шчыры аповед аб усынаўленні

Алене хутка будзе 44, яна выкладае ў адным са сталічных універсітэтаў. 

Грамадства

Школа заўтрашняга дня. У трэндзе — медыянавыкі, гейміфікацыя і сторытэлінг

Школа заўтрашняга дня. У трэндзе — медыянавыкі, гейміфікацыя і сторытэлінг

У мінулыя выхадныя сталічны бізнес-клуб «Імагуру» ўжо другі раз прымаў на сваіх плошчах педагагічную неканферэнцыю.