Вы тут

Заснавальнікі брэнда Lіmіtеdmіnsk: Дыхаем адной тэмай


Тры гады таму муж і жонка Аляксандр Баршчоў і Наталля Жук вырашылі, што хопіць працаваць на іншых і запусцілі ўласны брэнд Lіmіtеdmіnsk, які зараз вельмі папулярны ў моладзі. Крыніцай натхнення выбралі родную Беларусь. Так з'явіліся рэчы з вышыўкай у выглядзе саламянага зубра, бульбы з каларадскім жуком і надпісам-жартам «кароткачасовы дождж амаль без перапынку». «У нас столькі ідэй — не паспяваем усе рэалізаваць», — прызнаецца Наталля. З ёй мы пагутарылі пра тое, чым прыйшлося ахвяраваць дзеля свайго бізнесу, чаму дызайнеру важна глядзець паказы вядучых модных дамоў і што рабіць, калі няма натхнення.


Калекцыі распрацоўвае сямейны тандэм.

— Калі былі школьніцай, кім марылі стаць?

— З малога ўзросту казала маці, што хачу быць дызайнерам адзення. Я хадзіла на маляванне, мне вельмі падабалася. Бацькі не пярэчылі майму выбару. Хоць з модай з іх ніхто не звязаны: тата быў прадпрымальнікам, а мама — выкладчык матэматыкі і загадчык вучэбнай часткі сярэдняй школы.

Калі вучылася ў Інстытуце сучасных ведаў імя Шырокага, удзельнічала ў конкурсе «Млын моды». Паказвала свае калекцыі ў Швецыі, Літве, Латвіі, Швейцарыі. Пасля вучобы мяне запрашаў працаваць Цэнтр моды ў Мінску. Але там на той момант быў настолькі маленькі заробак, што яго хапіла б толькі на аплату здымнай кватэры (я сама з маленькага гарадка Івацэвічы). Таму вырашыла паехаць у Брэст, дзе шмат швейных прадпрыемстваў. І не пашкадавала: там фабрыкі развіваюцца хутчэй, чым у сталіцы.

Саша праходзіў практыку ў Івана Айплатава і потым супрацоўнічаў з ім. А пасля быў кіраўніком мастацкай групы на трыкатажнай фірме.

— Чаму вас навучыла работа на вытворчасці?

— Калі пачынаеш працаваць, разумееш, што ўсё не так, як сабе ўяўляў. Думала, буду прыходзіць на восем гадзін і ціха сабе маляваць. Насамрэч мастак на любым прадпрыемстве працуе 12 гадзін у дзень, бо ідэі ўзнікаюць пастаянна. Плюс на цябе кладзецца адказнасць перад усёй кампаніяй: ты павінен прадумаць калекцыю, выбраць тканіну, прапанаваць тое, што будзе прадавацца. Такія нервы! Але цікава. Гэты вопыт дапамагае ўсвядоміць, ці тым ты займаешся, паглядзець на індустрыю знутры, даведацца пра сістэму арганізацыі прадпрыемства. Разумееш, што без каманды нічога не атрымаецца — сам усё не зробіш.

— Складана было запусціць уласны брэнд?

— Не тое слова. Калі пачыналі, было страшна, бо гэта скачок у невядомасць: атрымаецца ці не? Я разумела, што трэба будзе працаваць 24 гадзіны ў суткі без выхадных. Не толькі сядзець за машынкай — шукаць пакупнікоў, расказваць ім пра сваю прадукцыю. Спачатку я яшчэ шыла на заказ, але вырашыла адмовіцца ад гэтага, бо ў тых рэчах не было маёй ідэі — ты проста выконваеш пажаданні кліента. У выніку мы зрабілі невялікую калекцыю, зладзілі ёй прафесійную фотаздымку і выставіліся на маркеце (кірмашы дызайнераў. — Аўт.).

Тры гады мы нікуды не выязджалі, ва ўсім сабе адмаўлялі — усё ўкладалі ў справу. Але ведалі, на што ідзём. Ты павінен умець спраўляцца з праблемамі і, каб нечага дасягнуць, не сядзець і плакаць, а ісці наперад. Для нас самым складаным аказалася бухгалтэрыя — мы вырашылі, што лепш наняць прафесіянала, які будзе ёй займацца.

— Тое, што вы муж і жонка, дапамагае ў рабоце?

— Вельмі. Мы задаволены, што так здарылася. Мы «дыхаем» адной тэмай. Я не ўяўляю, каб у мяне муж быў нейкай іншай спецыяльнасці — наўрад ці ён бы так мяне разумеў. Сказаў бы: кідай гэта ўсё, ідзі на нармальную работу ці займайся домам. А так, калі нешта не атрымліваецца, мы пасмяёмся і супакоім адно аднаго: яшчэ заробім...

У нас падзел абавязкаў. Я адказваю за фасон і пасадку, Саша — за дэкор. Плюс муж займаецца дакументамі. Але тканіны выбіраем разам — у нас такія спрэчкі разгараюцца!

Адзін дзень у тыдзень — нядзелю — стараемся прысвяціць сабе. Ходзім у кіно, шпацыруем па парку, на веласіпедах катаемся, наведваем выстаўкі. Але ўсё роўна адкрываеш сацыяльныя сеткі і адказваеш на пытанні пакупнікоў: людзі чакаць не будуць.

— Якія з вашых рэчаў сталі самымі папулярнымі?

— Світшоты і сукенкі з саламяным конікам. Гэта вышыўка — народная любоў. Некаторыя купляюць і кажуць, што гэта траянскі конь (усміхаецца).

— А як нарадзілася ваша калекцыя #Sуnорtіk, прысвечаная беларускаму надвор'ю?

— Падчас тыдня моды мы паўдзельнічалі ў інсталяцыі, каб заявіць пра сябе, і выйгралі там грант ад кампаніі LG — тры тысячы долараў. Усе яны адразу пайшлі на тканіну: па ўмовах конкурсу мы павінны былі зрабіць калекцыю. Памятаю, у прэс-рэлізе былі радкі пра тое, што ранкам мы глядзім надвор'е і робім выснову, што сёння надзенем. Саша сказаў: «Вось гэта тэма». Пакупнікам калекцыя таксама спадабалася. Людзі вельмі палюбілі куртку з картай атмасферных франтоў.

— Як часта абнаўляеце калекцыю?

— Цалкам — раз на паўгода. Плюс у прамежках выпускаем нейкія навінкі. Наогул фабрыкі рыхтуюць новыя калекцыі чатыры разы на год, але для гэтага патрэбны вялікі штат, які будзе адшываць усю лінейку адзення — курткі, штаны, блузкі. У нас такой задачы не стаіць: мы маленькая студыя і займаем сваю нішу.

— Аналізавалі, хто вашы пакупнікі?

— Гэта моладзь ад 25 гадоў. Але цікавяцца рэчамі і людзі ва ўзросце. На адным з маркетаў да нас падышла бабуля гадоў 80-ці. Прымерыла дажджавік і сказала: «Бяру». Спакойна аддала за яго 200 рублёў.

Раней мы рабілі і мужчынскія рэчы, але зразумелі, што трэба звузіць кірунак, бо не паспяваем адшываць і тое, і тое. Пакінулі толькі майку і світшот. Дый хлопцы, як правіла, не абнаўляць гардэроб так часта, як дзяўчаты.

— Вы сочыце за сусветнымі подыумамі?

— Абавязкова. Важна быць у трэндзе, бо можна захраснуць у сваім сусвеце, а ўсе пойдуць наперад. Для дызайнера дзіўна не глядзець паказы. Мы сочым за ўсімі брэндамі, бо галоўныя мастакі часта пераходзяць з аднаго моднага дома ў другі і за сабой перацягваюць стыль — за гэтым цікава назіраць.

Усе фабрыкі купляюць вялікія кнігі з трэндамі наступных сезонаў. Каталог дарагі, пад тысячу долараў, але інфармацыя ў ім каштоўная. Мы таксама стараемся абзаводзіцца трэндамі — у нас ужо ёсць тэндэнцыі на 2020 год.

— Ці бывае, што няма натхнення?

— Такое здараецца, калі вельмі стамляемся ад працы. Таму стараемся адключацца. Я прыходжу дадому і не думаю пра работу. З васьмі-дзевяці вечара не заходжу ў інтэрнэт — збіраю пазлы, чытаю, гуляю з катом, хаджу да сяброў у госці. Вось Саша не можа адключыцца — ён вельмі ідэйны.

— Мінчан можна назваць моднікамі?

— Так. За апошнія тры-чатыры гады гараджане вельмі змяніліся. Можа, на гэта паўплывала адкрыццё новых крамаў — яны прывезлі моду. І гэта здорава. Знешні выгляд — таксама важны аспект. Ад гэтага залежыць і твой настрой, і як дзень пройдзе, і як акружэнне цябе ўспрыме. Што б ні казалі, а людзі заўсёды глядзяць на тое, у што ты апрануты.

— Напэўна, у дызайнера не бывае праблемы з выбарам убораў?

— Не. Прыходжу ў студыю і кажу: мая шафа (смяецца). Я нашу адзенне толькі нашага брэнда. Ужо тры гады не набываю рэчаў — нават зімовы пухавік. Мы неяк шылі іх, адзін быў няўдалы — я яго сабе і пакінула.

— Каго хацелі б апрануць?

— Збіраліся гісторыку моды Аляксандру Васільеву дажджавік падарыць, калі ён на адкрыццё сваёй выстаўкі ў Мінск прыязджаў, але не паспелі... Наогул ёсць такі чалавек, якога хацелі б апрануць, — вельмі вядомы, жыве недалёка. Але пакіну імя ў сакрэце. Ён атрымае падарунак ад нас у верасні, няхай гэта будзе для яго сюрпрызам.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Фота з архіва дызайнераў

Загаловак у газеце: Наталля Жук: «Дыхаем» з мужам адной тэмай»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».