Вы тут

З рэдакцыйнай пошты


Лісты ад чытачоў газеты «Звязда».


У нас былі дэсантнікі

Трэці год запар у дзень паветрана-дэсантных войскаў у дзіцячы сацыяльны прытулак Смаргонскага сацыяльна-педагагічнага цэнтра з сем'ямі завітваюць госці ў паласатых цяльняшках і блакітных берэтах.

Нашы выхаванцы вершамі павіншавалі іх са святам, уручылі паштоўку, зробленую сваімі рукамі. Потым за круглым сталом разам частаваліся рознымі прысмакамі, прымалі падарункі, мераліся спрытам і сіламі, то-бок вызначалі, хто хутчэй збярэцца па трывозе, прабяжыць з мячом, пацэліць гузікам у тазік, больш разоў адціснецца ад падлогі... Шмат было цікавых заданняў, але ў выніку ва ўсіх спаборніцтвах перамагла дружба паміж дарослымі і дзецьмі, тымі, хто мае патрэбу ў падтрымцы, і тымі, хто можа дапамагчы.

Калектыву нашага цэнтра прыемна ўсведамляць, што ў горадзе замацоўваецца новая традыцыя святкавання дня паветрана-дэсантных войскаў, што ў нашым раёне столькі сапраўдных мужчын, гатовых прыйсці на выручку. А таму шчыры дзякуй усім, хто прымаў удзел у падрыхтоўцы свята, хто прыйшоў да нашых выхаванцаў, а найбольшы — Дзмітрыю Федарынчыку.

Ларыса Татарынава, дырэктар Смаргонскага сацыяльна-педагагічнага цэнтра


На курорт у... сталіцу

Што рабіць у горадзе ў летнюю спёку? Куды хавацца? Няма лепшага варыянта, як пайсці ў басейн ці аквапарк. Яшчэ нядаўна, здаецца, мінчане аб гэтым толькі марылі альбо выязджалі за мяжу, напрыклад у Вільню. Цяпер жа... Дзякуй гарадскім уладам, праекціроўшчыкам, будаўнікам. Аквапаркаў у сталіцы ўжо тры. Два з іх — «Лебядзіны» і «Фрыстайл» — мы з сынам асвоілі даўно, бо яны знаходзяцца ў будынках і іх можна наведваць круглы год, а вось трэці...

Фота: belmir.by

Першае ўражанне ад аквапарка «Дрымлэнд» — нібы трапіў на трапічны востраў. Кафэ ў выглядзе бунгала, пальмы. На вялікай плошчы горкі і два басейны. Адзін — раздолле для дзетак: з прыгожым караблікам, белай ракавінкай, зялёнай жабкай і воднымі горкамі. Вады — дзе па калена, дзе па пояс, вакол мяккае штучнае пакрыццё, безліч белых шэзлонгаў, мосцікі, пад якімі так лёгка плывецца па «лянівай рацэ» на надзіманых кругах (можна адразу ўдваіх).

Вядома ж, прыцягвае позірк і такі незвычайны ўваход — у выглядзе непрыступнай замкавай сцяны з зубцамі.

...Так здарылася, што каля яе, на ўваходзе, і нас, і іншых наведвальнікаў сапраўды прыпынілі. Ахоўнікі праверылі сумкі і не прапусцілі з ежай. У мяне ды іншых бацькоў з дзецьмі гэта выклікала хвалю абурэння: «Як жа так?». Але ў адміністрацыі растлумачылі, што ўсё нездарма: за цэлы дзень на сонцы могуць сапсавацца (халадзільнікаў пакуль няма) любыя прадукты. Вось таму і прыняты строгія правілы. Тым больш што перакусіць ды спатоліць смагу можна ў мясцовых барах ці кавярні...

Гэта, дарэчы, мы таксама зрабілі, але пазней. Спачатку акунуліся з сынам у неверагодную летнюю цеплыню і казачную прыгажосць. Удосталь наплаваліся і нават загарэлі. Ну чым не курорт, пабываць на якім, безумоўна ж, трэба!

Святлана Тоўсцік, г. Мінск


Адрас гора і болю

Некалі ў мястэчку Глуск жыло больш за тры тысячы яўрэяў, 70 % насельніцтва. А грымнула вайна — і людзей гэтай нацыянальнасці быццам тут і не было...

Немцы, акупаваўшы Глуск, адразу ўсталявалі свае парадкі: усе яўрэі, у прыватнасці, сталі насіць жоўтыя зоркі, а на пачатку снежня 1941-га іх сабралі на пляцы ў цэнтры мястэчка і пагналі на Мыслачанскую гару, дзе палонныя ўжо выкапалі траншэі.

Расстрэлы працягваліся тры дні. У жывых засталіся тыя, каму дапамог шчаслівы выпадак, а галоўнае — людзі, якія, рызыкуючы сваім жыццём ды жыццямі родных, ратавалі іншых. Званне «Праведнік народаў свету» прысвоена і жыхарам Глушчыны.

Надзея Архіпцава з хворым мужам і чатырма дзецьмі жыла ў мястэчку і, калі адзінаццацігадовая Вольга Шульман, уцёкшы ад расправы над яўрэямі, пастукала да іх у дзверы, не пабаялася адчыніць: нягледзячы на бядотнае становішча сям'і, прыняла дзяўчынку ў сваёй хаце. Дачка Надзеі Люба, школьная сяброўка Вольгі, клапацілася пра сяброўку, нават спала з ёй у патаемным месцы.

Летам 1943 года немцы пачасцілі пошукі яўрэяў, і тады Архіпцавы пасялілі Вольгу ў сям'і сваіх родзічаў, адкуль дзяўчынка ўцякла ў лес. Там яна сустрэла Вольгу Беліцкую, якая, пакуль не спыніліся пошукі яўрэяў, хавала яе ў сваёй хаце і пасля, калі дзяўчынка вярнулася назад у сям'ю Архіпцавых, клапацілася пра яе — наведвала, прыносіла ежу — аж да вызвалення Глуска...

У канцы жніўня 1941 года фашысты расстралялі яўрэяў Гарадка — вёскі, што за 17 кіламетраў ад мястэчка. Абрам Аронавіч Хархурын з сынам Мішам былі тады ў Глуску, дзе жыла іх дачка і сястра Маня. Калі ж і там усім яўрэям загадалі сабрацца на пляцы перад нямецкай камендатурай, Хархурыны зразумелі, што зваротнай дарогі ўжо не будзе. Уначы яны вярнуліся ў сваю вёску, пайшлі ў партызаны. І толькі самага малодшага, Мішу, якому ішоў дзявяты год, пакінулі за два кіламетры ад Гарадка, у сям'і Анісіма і Ганны Краснеўскіх. З іх сынам Мікалаем Міша вучыўся ў адным класе, яны сядзелі за адной партай.

Некалькі месяцаў, пакуль не забралі ў партызанскі атрад, дзе ваявалі бацька і браты, Краснеўскія хавалі хлопчыка: днём у адрыне, ноччу пад ложкам у хаце.

...Калі пачалася вайна, асобныя з яўрэяў Глушчыны паспелі з'ехаць. Спрабавала гэта зрабіць і сям'я Рубінсон, але ў іх не атрымалася.

У тую раніцу, калі ўсім яўрэям загадалі з рэчамі і дакументамі з'явіцца на пляцы, Мендэль паспрабаваў выйсці з Глуска, але быў схоплены мясцовымі паліцаямі. Яго маці, брата і сястру расстралялі. Мендэль схаваўся ў свінарніку, які належаў сям'і Бабак.
У ім жа хаваліся Эма Меклер і яе маці. Пазней гаспадыня Марыя Бабак перавяла ўцекачоў у пограб, дзе ўжо былі Хая Кацман з трыма сынамі і Копул Голуб.

Пасля таго як ачапленне знялі, яўрэям дапамаглі перабрацца цераз раку Пціч. Мендэль, Эма і яе маці дабраліся да партызанскай зоны ў Кастрычніцкім раёне Гомельскай вобласці.

...На Мыслачанскай гары, на месцы расстрэлу яўрэяў доўгі час стаяў помнік, які ўстанавілі сваякі тых, хто тут загінуў. Гэта была металічная піраміда з надпісам: «Вечная памяць грамадзянам (яўрэйскай нацыянальнасці), савецкім ваеннапалонным і партызанам, па-зверску закатаваным нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў 1941—1944 гадах».

Напярэдадні 65-годдзя Перамогі там жа быў адкрыты новы помнік: на шасці калонах — фрагменты даваеннай сямейнай фатаграфіі. Калоны разрываюць яе на часткі. Там жа надпіс: «Мыслачанская гара — адрас гора і болю. Месца масавага знішчэння трох тысяч глускіх яўрэяў»...

Аўтары помніка — архітэктар, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Галіна Левіна і скульптар Максім Петруль. Сур'ёзную дапамогу ў яго ўстаноўцы аказала раённае кіраўніцтва, дзейны ўдзел прынялі нашчадкі — унук праведніцы народаў свету Марыі Бабак Іван і піцерскі мастак Зміцер Кустановіч, прадзед якога быў расстраляны на Мыслачанскай гары.

На адкрыццё помніка прыехалі і два чалавекі, якія цудам уратаваліся падчас снежаньскага расстрэлу — Мендэль Рубінсон і Міхась Абрамавіч Хархурын.

Валерый Васілеўскі, г. п. Глуск


У пошуках камфорту

Некалі вёска Брадзяцін была шматлюднай і гудзела-звінела дзіцячымі галасамі. Цяпер у ёй 108 дамоў, 42 з якіх выкарыстоўваюцца як дачы. Нехта скажа: «Неперспектыўная, дажывае свой век». Старшыня Гвозніцкага сельскага Савета Аляксей Дзямінскі з гэтай высновай не пагаджаецца.

— Раней многія жыхары вёсак імкнуліся пераехаць у горад, — гаворыць Аляксей Сяргеевіч. — У апошні час у вёсцы Брадзяцін назіраецца адваротнае: асобныя гараджане пераязджаюць сюды на так званае ПМЖ — пастаяннае месца жыхарства. Толькі сёлета тут з'явілася дзве новыя сям'і, акрамя таго, зарэгістравана пяць арандатараў. Сярод іх — Уладзімір Емяльянчык...

Чым жа прывабіла яго гэта невялікая вёсачка?

— Адчуўшы цікавасць да зямлі і жаданне паспрабаваць свае сілы, — расказвае Уладзімір Аляксандравіч, — мы прыехалі сюды з жонкай, і спачатку нават засумняваліся, ці можна тут нешта зрабіць. Але ж не адступіліся... Цяпер на 40 сотках ужо збіраем ураджай буякоў. Да таго ж прыгажосць тут проста неверагодная! Побач лес з ягадамі-грыбамі — і цішыня, якой так не хапае ў горадзе... Тут я зразумеў, што такое душэўны камфорт.

Пакуль у сям'і Емяльянчыкаў няма належных умоў для жыцця. Але яны, як выглядае, абавязкова будуць. І не горшыя, чым у горадзе. Усё неабходнае сужэнцы робяць самі. У планах — абсадзіць сваю зямлю зялёнай агароджай, паставіць некалькі вулляў, пакаштаваць свайго вінаграду, давесці да ладу сялібу...

Яны, вось такія, прыгожыя і дагледжаныя, у гэтай вёсцы, вядома ж, ёсць.
Неўзабаве, магчыма, стане такой і сядзіба Уладзіміра Емяльянчыка.

Мікалай НАВУМЧЫК, г. Маларыта


Птушкі як людзі

Тое, што птушкі — істоты разумныя, ведаюць многія. А вось тое, што з нас, людзей, яны могуць «пасмяяцца» ды яшчэ і адпомсціць...

Фота: fishki.net

Неяк, працуючы ў гародзе, я заўважыла, што з халата вырваўся гузік — трэба сказаць, прыгожы, бліскучы... Кішэні, каб схаваць яго, у адзежы не было. Прыйшлося пакласці на краёк цяпліцы.

Адышлася ад яе, здаецца, на хвілінку — гузік знік. І на зямлі, паглядзела, няма (думала, зваліўся). Прыйшлося задраць галаву ўверх, бо на ігрушы ў гэты час застракатала сарока. Яна смяялася з мяне, разявы...

А сяброўка неяк паганяла варону (тая лезла да малых куранят). Дык пасля цэлы год мучылася з бялізнай: памые, павесіць на прасушку, а здымае з плямамі — варона «памеціла»...

Альбо вось яшчэ выпадак. На скурзаводзе ў Гатаве (гэта непадалёк ад Мінска) знішчалі гнёзды бакланаў. Дык баронячы іх, птушкі не проста цалялі ў «знішчальнікаў» (у тым ліку камянямі, якія падымалі з зямлі), — кідаліся на іх самі. Гэта была сапраўдная вайна.

Помсціць умеюць і галкі. Неяк па дарозе на работу мае знаёмыя адбілі ў іх ледзь жывога пародзістага ката. Калі вярталіся дамоў, хмара птушак наляцела ўжо на іх... У наступныя дні карціна паўтарылася — нават пераапрананне не дапамагло!

Я гэта да таго, што птушка, як здаецца, маленькая істота, а за сябе, калі трэба, пастаяць можа. Амаль як чалавек.

Галіна Нічыпаровіч, в. Магільна, Уздзенскі раён

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.