Вы тут

Спякота: каму пагражае інфаркт?


10 прыкмет таго, што ваша сэрца ў небяспецы.

Метэаролагі ўжо збіліся з ліку, рэгіструючы новыя і новыя тэмпературныя рэкорды гэтага лета. Спякота пакуль не збіраецца пакідаць тэрыторыю Беларусі, і, хутчэй за ўсё, яшчэ не раз у жніўні тэрмометры будуць паказваць 29—31 градус днём і 19—20 градусаў уначы.


Экстрэмальная спякота — гэта найперш нагрузка на сэрца, і чым даўжэй надвор'е будзе дэманстраваць падобныя «трапічныя» выкрутасы, тым мацней гэта адаб'ецца на нашым «палымяным маторы». Прычын гэтаму некалькі.

  • Любы арганізм рэагуе на спякоту расшырэннем сасудаў і, адпаведна, крывяны ціск падае. Каб захаваць пры гэтым нармальны краваток, сэрцу даводзіцца працаваць ва ўзмоцненым рэжыме, практычна на мяжы сваіх магчымасцяў.
  • У спякоту цела губляе шмат вадкасці, а разам з ёй і мінеральных соляў. Тым часам калій і магній, напрыклад, неабходныя для падтрымання сардэчнага рытму, і пры сур'ёзным парушэнні водна-солевага балансу ў арганізме сэрца чалавека можа проста спыніцца.
  • Наступствам абязводжвання таксама становіцца згушчэнне крыві. Яно значна павялічвае рызыку ўтварэння тромбаў, а значыць, і ўзнікнення ўсіх звязаных з гэтым праблем. Узрастае рызыка інфарктаў, інсультаў, лёгачнай эмбаліі і іншага.

Рэакцыяй нашай сардэчна-сасудзістай сістэмы на спякоту ў асноўным і тлумачацца дрэннае самаадчуванне, задышка і пастаянная стомленасць. Зрэшты, такімі «лёгкімі» наступствамі могуць абысціся толькі адносна здаровыя людзі. А вось тым, у каго ўжо ёсць праблемы з сэрцам ці схільныя да іх станы, можа пагражаць як мінімум абвастрэнне захворвання, як максімум — інфаркт з усімі наступствамі. І нават калі раней праблем з «галоўнай помпай» у вас не было, шэраг фактараў у спалучэнні з капрызамі надвор'я могуць справакаваць бяду. Згодна з інфармацыяй Амерыканскай кардыялагічнай асацыяцыі, такіх фактараў 10.

1. Узрост. У агульнай колькасці пацыентаў, якія памерлі ад тых ці іншых сардэчных хвароб, 83 % складаюць людзі, старэйшыя за 65 гадоў. Зрэшты, урачы кажуць, што ў апошнія гады той жа інфаркт істотна «памаладзеў». Усё часцей сустракаюцца падобныя праблемы ў мужчын каля 35—40. Для жанчын гэты парог крыху вышэйшы, але ён таксама паступова апускаецца.

2. Пол. У мужчын сардэчна-сасудзістыя хваробы не толькі пачынаюцца раней, але і заканчваюцца горш. У структуры смяротнасці ад інфарктаў прадстаўнікі дужага полу складаюць большасць — магчыма, з-за шкодных звычак і недастатковай увагі да свайго здароўя.

Некаторыя ўрачы таксама звязваюць гэтую залежнасць з уплывам пэўных палавых гармонаў на арганізм. Гэту тэорыю пацвярджае той факт, што ў жанчын рызыка інфаркту прыкметна ўзрастае пасля наступлення менапаўзы, гэта значыць пасля сур'ёзных гарманальных змен. Аднак першынство ў сумнай статыстыцы ўсё роўна належыць дужаму полу.

3. Сямейны анамнез. Лічыце, што ў вас з'явілася лішняя нагода пацікавіцца здароўем сваіх блізкіх. Калі ў кагосьці з іх ёсць сардэчна-сасудзістыя хваробы, вы таксама знаходзіцеся ў групе рызыкі.

4. Ра́са. Гэты пункт, напэўна, не павінен выклікаць занепакоенасць у большасці жыхароў нашай краіны. Згодна з міжнароднай статыстыкай, сардэчна-сасудзістыя хваробы найчасцей характэрныя для выхадцаў з Афрыкі, Азіі і Лацінскай Амерыкі.

5. Курэнне. Гэта шкодная звычка негатыўна ўплывае на склад крыві, перашкаджае яе насычэнню кіслародам, павышае ўзровень халестэрыну і правакуе тромбаўтварэнне. У выніку рызыка якіх-небудзь праблем з сардэчна-сасудзістай сістэмай узрастае ў 2—4 разы ў залежнасці ад тэрміну курэння і наяўнасці спадарожных захворванняў.

6. Узровень халестэрыну. «Страшылкі» пра халестэрынавыя бляшкі зараз вядомыя, напэўна, усім. Чым больш у вашай крыві «дрэннага» халестэрыну, тым большая рызыка закупорвання сасудаў і, адпаведна, інфаркту. Акрамя ўжо названага курэння, павышэнню ўзроўню халестэрыну садзейнічаюць гіпадынамія (адсутнасць фізічнай актыўнасці) і няправільнае харчаванне з вялікай колькасцю жывёльных тлушчаў.

7. Крывяны ціск. Усе гіпертонікі ведаюць пра патэнцыйную небяспеку такога стану, але далёка не кожны падазрае, што ён гіпертонік. Калі вы ніколі не клапаціліся аб узроўні свайго ціску, зараз час пра гэта задумацца, бо гіпертанія павышае нагрузку на сэрца, патанчае і аслабляе крывяныя сасуды і можа выклікаць інфаркты, інсульты і адмову нырак.

8. Сядзячы лад жыцця. Павышае рызыку ішэмічнай хваробы сэрца, а таксама правакуе іншыя захворванні, якія адбіваюцца на стане сардэчна-сасудзістай сістэмы. Як паказалі даследаванні брытанскіх кардыёлагаў, усяго 20 хвілін фізічнай актыўнасці ў суткі зніжаюць шанцы зарабіць інфаркт на 25—30 %.

9. Лішняя вага. Асабліва небяспечныя лішнія тлушчавыя адклады ў раёне таліі і жывата. Людзі, якія валодаюць такім «грузам», больш схільныя да сардэчна-сасудзістых захворванняў з лятальным канцом нават пры адсутнасці іншых фактараў рызыкі. Прычым страта вагі мае тэрапеўтычны эфект: кожны скінуты з таліі сантыметр змяншае шанцы на раннюю смерць на 6-7 %.

10. Дыябет. Самай частай прычынай смерці дыябетыкаў з'яўляюцца тыя ці іншыя праблемы з сэрцам ці сасудамі (паводле статыстыкі, гэта каля 75 % выпадкаў).


Як паводзіць сябе ў спякоту, калі ёсць праблемы з сэрцам

Калі вы ўваходзіце ў групу рызыкі, прытрымлівайцеся некалькіх простых правілаў бяспекі ў спякоту.

  • Менш працуйце. Усю больш-менш сур'ёзную фізічную актыўнасць варта па магчымасці адкласці. Не цягніце цяжкія сумкі, не рабіце доўгіх прагулак па спякоце і, канешне, пакіньце ў спакоі дачныя градкі. Апошнія, дарэчы, найбольш небяспечныя: калі вы згінаецеся, то і без таго аслаблены адток крыві ад галавы падае — і вы можаце страціць прытомнасць проста ў агародзе.
  • Бойцеся халоднай вады. Гэта датычыцца і гарадскіх вадаёмаў, і звычайнага душа, і фантанаў, і іншых. Пры рэзкім перападзе тэмператур расшыраныя крывяносныя сасуды звужаюцца, фактычна адбываецца іх спазм, а гэта можа выклікаць прыступ стэнакардыі і нават інфаркт.
  • Не знаходзьцеся на сонцы даўжэй за 15—20 хвілін запар. Калі адчуваеце задышку і частае сэрцабіццё, схавайцеся ў цень ці прахалоднае памяшканне.
  • Піце мінеральную ваду. Яна дапаможа арганізму эфектыўна ахалоджвацца праз потааддзяленне і ў той жа час падтрымае нармальны водна-салявы баланс у целе.
  • Не наядайцеся. Ежа, якая цяжка ператраўліваецца, накшталт мяса і тлустай выпечкі, узмацняе нагрузку на страўнікава-кішачны тракт і крывяносную сістэму. Лепш больш ужываць водазмяшчальнай агародніны і фруктаў. Асабліва добрыя ў гэтым плане кавуны, капуста і агуркі.

Але­на КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».