Вы тут

На браслаўскім пляжы прайшоў музычны фестываль


Палётаць на паветраным шары, паласавацца нетрадыцыйнай ежай, сваімі вачыма пабачыць Мальбэка і Сюзану — усё гэта і не толькі можна было зрабіць у Браславе 3-4 жніўня. Маляўнічы горад шосты раз прывітаў гасцей на галоўным музычным фестывалі краіны.


Браслаў славіцца сваімі краявідамі: горад месціцца на беразе возера Дрывяты, што ўваходзіць у знакамітую сістэму Браслаўскіх азёр. Штогод ён збірае турыстаў з розных куткоў Беларусі і замежжа. А апошнім часам Браслаў карыстаецца яшчэ большай папулярнасцю. У дні фестывалю нават дарожны рух перакрыты з-за наплыву людзей, гасцініцы перапоўнены, а свабодныя пакоі ў дамах мясцовых жыхароў здаюцца прыезджым.

Мы размясціліся ў дзеда Віктара (як ён сам прадставіўся). У параўнанні са сталічнымі цэнамі на здымнае жыллё ён амаль што нічога з нас не ўзяў: «Не магу я карыстацца гэтым. Ёсць дзе спыніцца, і добра!» Хата знаходзіцца за дзесяць хвілін ад галоўнай сцэны, таму ўжо каторы год жнівеньскімі начамі ён і яго сям'я засынаюць пад гучную музыку, выбухі салютаў і гучныя размовы пад вокнамі. «Падчас фестывалю горад ажывае, — расказаў дзед Віктар. — Насельніцтва ў нас невялікае (каля 10 тысяч — Аўт.), таму гэта добра адчуваецца».

І сапраўды, білетаў сёлета прададзена каля 23 тысяч. Гэта значыць, што людзей у Браславе на некалькі дзён стала ўдвая больш. Зараз нават цяжка ўявіць, што першапачаткова найбуйнейшы музычны фестываль краіны планаваўся як звычайнае спартыўнае свята на стадыёне. Арганізатары мерапрыемства, мясцовыя браты Алег і Яўген Лабуці, за некалькі гадоў паднялі яго з гарадскога на рэспубліканскі ўзровень.

Сёння ў Браслаў з'язджаюцца з усіх куткоў краіны. Некаторыя мінчане нават прамянялі на яго знакаміты «Рок за Баброў», які праходзіць у той жа час у сталіцы. «Прыязджаю на фестываль ужо другі раз, — расказала студэнтка сталічнага каледжа Ірына Слінько, — Летась спадабалася выступленне беларускай спявачкі Іоwа, а сёлета больш за ўсіх запомніўся прадстаўнік нашай краіны на «Еўрабачанні» — Аlеksееv. Напэўна, фестываль стане для мяне традыцыяй, бо атмасфера сапраўды ўражвае! І зусім нічога, што дзеля гэтага трэба пераадолець тры гадзіны дарогі».

Не праігнаравалі мерапрыемства і курсанты Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь — Антон Гарбатко і Улад Вішнеўскі вырашылі правесці першыя дні свайго летняга адпачынку менавіта ў Браславе. «За год вучобы і службы сапраўды стаміліся, — падзяліўся Антон. — А тут і паплаваць можна, і патанцаваць». А Улад дадаў, што планавалі паездку цэлы год і цалкам задаволеныя. «Асабліва парадавала выступленне Мальбэка і Сюзаны, мы з маёй дзяўчынай іх вельмі любім».

Акрамя эпатажных украінскіх спевакоў, на сцэне фестывалю з'яўляліся і беларускія гурты Nіzkіz і Nutеkі, былы саліст гурта «Смысловые галлюцинации» Сяргей Бабунец, Іван Дорн, Б'янка, Арцём Півавараў і іншыя. Усе артысты вызначаліся сваім стылем, манерай стасункаў з публікай, своеасаблівымі «фішкамі». Б'янка, напрыклад, уразіла гасцей веданнем беларускай мовы, а ўкраінец Аlеksееv на ўвесь голас прызнаўся ў любові да нашай краіны.

Па-за сцэнай таксама было на што паглядзець. Налічвалася шмат фуд-кортаў і забаўляльных пляцовак. Так, напрыклад, можна было набіць часовую татуіроўку, скокнуць з вышыні на батут, пастраляць у ціры, сфатаграфавацца і тут жа бясплатна атрымаць раздрукаваныя фотаздымкі. Адной з самых цікавых была прапанова паглядзець на Браслаў з вышыні птушынага палёту. Гэта можна было зрабіць двума спосабамі: на верталёце і на паветраным шары. Апошні значна выйграваў у цане, але прайграваў у якасці: падымаўся на вышыню 10 метраў і трымаўся там некалькі хвілін. У той час як верталёт каля дзесяці хвілін кружыў над возерам і горадам, рабіў перавароты і дарыў пачуццё бязважкасці. «Гэта немагчыма з чымсьці параўнаць, — падзялілася ўражаннямі Каця, якая ўпершыню каталася на верталёце. — Рукі і ногі дрыжаць, але я адчуваю сябе шчаслівай!»

Шчаслівымі адчувалі сябе і наведвальнікі фестывалю, якія жылі каля пляжа ў палатках. Яны ўтваралі сабой цэлую вёску, дзе таксама было весела і шумна. На кожным кроку іграла музыка, чулася гітара, адчуваўся пах шашлыкоў. «Не пашкадавалі, што набылі білет менавіта з уключэннем кемпінга, — расказаў Арцём, які адпачываў тут разам з сябрамі. — Так яшчэ больш зліваешся з прыродай».

Двухдзённы фестываль прайшоў у «атмасферы свабоды, любові і шчасця». Менавіта так кажуць яго прыхільнікі. Застаецца толькі пракручваць у памяці ўсе моманты і чакаць наступнага года. Мабыць, колькасць наведвальнікаў павялічыцца да 50 тысяч?

Маргарыта ГАЙДАРЖЫ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.