Вы тут

Аграрыі плануюць сабраць каля 7 млн тон збожжа


У паўднёвых раёнах хутка будуць завяршаць уборку, а ў паўночных толькі пачалі.

Каля 7 млн тон збожжа плануюць сабраць з палёў беларускія аграрыі. Пра гэта паведаміў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення — начальнік упраўлення раслінаводства Мінсельгасхарча Васіль ЯДЛОЎСКІ.


Па яго словах, у свірнавай вазе сёлета чакаецца, што аграрыі збяруць каля 7 млн тон збожжа разам з кукурузай. Пры гэтым на харчовыя мэты ў краіне трэба толькі 850 тысяч тон збожжавых і зернебабовых культур. Асноўны аб'ём збожжа ў 5 млн тон пойдзе на фуражныя мэты.

Па ацэнцы спецыялістаў, бягучая ўборачная кампанія характарызуецца апераджальным развіццём сельгаскультур на фоне высокіх тэмператур.

Таму да ўборкі збожжавых прыйшлося прыступіць раней.

«Сельгаскультуры ў перыяд росту адчувалі востры недахоп вільгаці, з-за чаго не набіралі планаваную масу і ўраджайнасць. Таму ў нас назіраецца некаторы недабор збожжа. Але прагназуемы ўраджай забяспечыць выкананне дзяржзаказу, патрэбнасці ў харчовым збожжы, патрэбы перапрацоўшчыкаў і жывёлагадоўлі», — запэўніў Васіль Ядлоўскі.

У сваю чаргу намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Мінскага аблвыканкама Сяргей ПРЫМАЧЭНКА адзначыў, што ў сталічным раёне ўжо ўбралі збожжавыя больш чым на 50 % плошчаў.

«У дзень мы ўбіраем больш за 5 % плошчаў. На сёння ў Мінскай вобласці намалочана 778 тысяч тон збожжавых. У найбліжэйшы час атрымаем першы мільён тон. На жаль, з-за ўмоў надвор'я ўраджай будзе меншы за леташні. Наша задача — атрымаць не менш за 2 млн тон збожжа разам з кукурузай», — паведаміў Сяргей Прымачэнка.

Разам з тым зараз тэрытарыяльна ўборка ўраджаю кардынальна адрозніваецца. Аграрыям даводзіцца падладжвацца пад змены ўмоў надвор'я. Так у паўднёвых раёнах Міншчыны ўжо ўбралі ад 60 % да 80 % плошчаў збожжавых: у Салігорскім — амаль 75 %, у Нясвіжскім — 82 %, у Старадарожскім і ў Любанскім — больш за 80 %. У сваю чаргу ў паўночных раёнах толькі пераходзяць да актыўнай стадыі ўборкі: у Барысаўскім убралі 22 % плошчаў збожжавых, у Мядзельскім — 24 %.

Таксама вядома, што з паўднёвых раёнаў плануецца накіраваць на дапамогу паўночным больш за 60 камбайнаў. Пры неабходнасці будзе накіравана яшчэ каля 100 камбайнаў.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.