Вы тут

Толькі салігорскі «Шахцёр» не змог працягнуць выступленне ў топ-турніры


У чацвер адразу тры клубы нашай краіны біліся за выхад у наступны этап Лігі Еўропы. Футбалісты мінскага «Дынама», двойчы перамогшы славацкую «Дунайску Стрэду», выканалі сваю задачу і прайшлі ў 3-ці кваліфікацыйны раўнд.


Нагадаем, у гасцях тыдзень таму мінчане перамаглі з лікам 3:1, а на сваім полі згулялі яшчэ больш упэўнена. Ураш Нікаліч (дубль), Уладзімір Хвашчынскі і Піліп Іваноў сваімі галамі вырашылі зыход паядынку — 4:1. У наступным раўндзе каманду Сяргея Гурэнкі чакае куды больш моцны і вядомы сапернік — расійскі «Зеніт». Дарэчы, за гульнёй у Мінску ўжо назіраў адзін з прадстаўнікоў трэнерскага штаба піцерскага клуба Анатоль Цімашчук.

Брэсцкае «Дынама» ў Афінах сустрэлася з грэчаскім «Атрамітасам», паядынак атрымаўся даволі драматычны. На працягу ўсяго матча ўладальнікі Кубка Беларусі прайгравалі гаспадарам і толькі на 5-й кампенсаванай хвіліне другога тайма Павел Няхайчык зрабіў лік 1:1. Нагадаем, у першай гульні на сваім полі брастаўчане выйгралі з мінімальнай перавагай 4:3, таму праходзяць далей. Чарговым сапернікам каманды Аляксея Шпілеўскага будзе кіпрскі «Апалон» з Лімасола.

Яшчэ адзін прадстаўнік Беларусі салігорскі «Шахцёр» у Познані сустракаўся з мясцовым «Лехам». Гаспадары адкрылі лік на 15-й хвіліне гульні. У другім тайме Дзяніс Лапцеў аднавіў раўнавагу, і асноўны час завяршыўся ўнічыю 1:1, дарэчы, гэтак жа, як і ў першай гульні ў Салігорску. На старце дадатковага часу Крысціян Гютк'ер другі раз патрапіў у вароты Андрэя Клімовіча, а за дзве хвіліны да фінальнага свістка ён жа аформіў хет-трык — 3:1.

Матчы 3-га кваліфікацыйнага круга пройдуць 9 і 16 жніўня.

Нагадаем, раней футбалісты барысаўскага БАТЭ прабіліся ў 3-ці кваліфікацыйны раўнд Лігі чэмпіёнаў, адолеўшы па суме дзвюх сустрэч фінскі ХІК. У Хельсінкі чэмпіёны Беларусі выйгралі з лікам 2:1, а ў Барысаве згулялі ўнічыю 0:0. У 3-м крузе кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў футбалісты БАТЭ сустрэнуцца з «Карабахам» з Азербайджана.

Такім чынам, тры з чатырох беларускіх клубаў працягваюць удзел у футбольных топ-турнірах.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Тры з чатырох

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».