Вы тут

Навум Гальпяровіч назваў сваю новую кнігу «На скрыжаванні сноў»


Нашы сны, нібы доўгачаканыя або ўзніклыя раптоўна дарогі, пакідаюць пра сябе ўспаміны. А калі гэтых дарог у жыцці было столькі, што ўсіх не пералічыць, — успаміны перш за ўсё вядуць да пачатку самай першай дарогі — да нашай малой радзімы.


Навум Гальпяровіч у час прэзентацыі сваёй новай кнігі ў мінскім Літаратурным музеі Максіма Багдановіча.

Можна прыехаць здалёку да той хаты, дзе ты калісьці нарадзіўся. Можна ўбачыць і пазнаць сябра, якога шмат дзесяцігоддзяў не сустракаў. Нават можна ўспомніць, дзе пад бетонам сучаснай аўтастрады некалі бегла, хавалася ў траве твая першая сцежка...

Але часам толькі ў снах даступна перанесціся ў тое мінулае. Зноў пачуць далёкія галасы, наталіцца незабыўным водарам бэзу каля бацькоўскай хаты, убачыць на яе ганку дарагога табе чалавека.

Менавіта з-за гэтага (на маю думку) вядомы паэт, публіцыст Навум Гальпяровіч назваў сваю новую кнігу «На скрыжаванні сноў». У навелах і эсэ ён запрашае чытача разам прайсці дарогамі свайго юнацтва, пазнаёміцца з сябрамі, суседзямі, паглядзець на яго малую радзіму — тагачасны Полацк. Даверліва аўтар перадае чытачу свае ўражанні, расказвае пра першы жыццёвы досвед. Перакідваючы масткі ўспамінаў праз гады, са шчырай пачуццёвасцю разважае над маральнымі праблемамі жыцця. Убачанае ў Беларусі і на розных шыротах планеты перадае з дакладнасцю мастака-жывапісца.

Днямі, выступаючы перад аматарамі паэзіі ў Вязынцы, Навум Гальпяровіч сказаў сваім паклоннікам, што яго ўсё больш прыцягвае праца над прозай. Пацвярджэнне гэтаму — кніга навел і эсэ «На скрыжаванні сноў». Аўтар звыш дзесяці паэтычных зборнікаў сабраў для сваёй новай кнігі прозу, адметную лірычнасцю вобразаў і багаццем моўнай палітры.

Яўген ПЯСЕЦКІ

(Зборнік «На скрыжаванні сноў» выйшаў у Мінску ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» па заказе і пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.)

Загаловак у газеце: На скрыжаваннях успамінаў

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.