Вы тут

На «Лініі Сталіна» ўвекавечылі памяць чыгуначнікаў


У гісторыка-культурным комплексе «Лінія Сталіна» адкрылася экспазіцыя, прысвечаная працоўнаму і ратнаму подзвігу воінаў-чыгуначнікаў.


У цырымоніі прынялі ўдзел міністр абароны Андрэй Раўкоў, міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч, начальнік Беларускай чыгункі Уладзімір Марозаў.

Гістарычная чыгуначная экспазіцыя на тэрыторыі гісторыка-культурнага комплекса «Лінія Сталіна» была створана па ініцыятыве дабрачыннага фонду «Памяць Афгана» Беларускай чыгункай сумесна з Міністэрствам абароны і холдынгам «Белаўтадар».

...Ліпень 1941 года. Чыгуначная станцыя Савецкая. Спякота. Здаецца, звычайны летні дзень, але менавіта тады жыхары гэтых мясцін упершыню пазналі вайну. Рэканструкцыю падзей пачатку Вялікай Айчыннай вайны правялі ў гісторыка-культурным комплексе. Галоўным аб'ектам стаў адноўлены браняпоезд, які дадаў карціне большай рэалістычнасці.

Як заўважыў Уладзімір Марозаў, начальнік Беларускай чыгункі, новая экспазіцыя — гэта не проста месца для знаёмства з падзеямі мінулага, а помнік для цэлага пакалення ветэранаў: «Наша чыгунка развівае не толькі эканоміку краіны, але і яе абараназдольнасць. Работнікі чыгункі, як ніхто іншы, у гады ліхалецця знаходзіліся не толькі на працоўнай, але і на баявой вахце. Мы можам гэтым ганарыцца!»

Аляксандр Мятла, воін-інтэрнацыяналіст, палкоўнік у адстаўцы, расказаў пра ідэю стварэння экспазіцыі: «Наша задача ў тым, каб увекавечыць памяць чыгуначнікаў на «Лініі Сталіна». Была праведзена вялікая работа, у якой прымалі ўдзел чыгуначнікі і рэстаўратары. Гады праходзяць, але памяць аб подзвігах чыгуначнікаў павінна захоўвацца. Няхай гэты помнік-браняпоезд стаіць на запасным шляху, як у нас, і ніколі не спатрэбіцца больш у баявых абставінах».

Экспазіцыя ўяўляе сабой тыповую чыгунку даваеннага перыяду: савецкі вакзал, чыгуначныя пуці са стрэлкавым пераводам, чыгуначны мост, піларама, дрывотня і іншыя аб'екты інфраструктуры. Але галоўным з'яўляецца браняпоезд перыяду Вялікай Айчыннай вайны, складзены з паравоза, двух броневагонаў і баявой платформы з зенітнай гарматай. На такія паязды былі ўскладзены важныя функцыі. Пра гэта ўспомніў і ветэран Вялікай Айчыннай вайны Сямён Еўдакімавіч Берастнёў: «Я быў камандзірам стралковага ўзвода на Паўночна-Заходнім фронце. Памятаю і магу сцвярджаць, што чыгунка была родным братам Чырвонай Арміі: усе чакалі, пакуль цягнік прывязе патроны, снарады і ежу...»

Сімвалічна і тое, што недалёка ад «Лініі Сталіна» ў ліпені 1941-га браняпоезд НКУС № 73 уступіў у бой з нямецкай мотапяхотай і танкамі 20-й дывізіі ў ходзе абароны Заслаўя.

Маргарыта ГАЙДАРЖЫ

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: «Чыгунка — брат Чырвонай Арміі»

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.