Гістарычны жанр у беларускай літаратуры новым і слаба распрацаваным не назавеш. Уладзімір Караткевіч, Кастусь Тарасаў, Уладзімір Арлоў, Анатоль Бутэвіч, Леанід Дайнека, Адам Мальдзіс, Кастусь Цвірка, Людміла Рублеўская і многія іншыя зрабілі вельмі шмат для ўмацавання гістарычнай памяці беларусаў. Дзякуючы ім многія эпохі, постаці, падзеі перасталі быць абстракцыяй і «ажылі» на старонках твораў. Таму з’яўленне новага гістарычнага рамана не можа лічыцца выключнай падзеяй для нашай літаратуры, але і ардынарнай, штодзённай з’явай таксама не назавеш.
Раман Яўгена Зубовіча «Беларускі палкоўнік. Кніга 1» (Мінск, Пазітыў-цэнтр, 2018), які сёлета пабачыў свет, прысвечаны найбольш складанаму часу ў гісторыі нашай краіны. Гэта сярэдзіна XVII ст., якое ўвайшло ў памяць нашых продкаў як «крывавае» з-за бясконцых войнаў. Акрамя таго, гэта час пашырэння расколу ў грамадстве Вялікага Княства Літоўскага. Грамадзянскі раскол і канфрантацыя ў нашай даўняй дзяржаве былі выкліканы Контррэфармацыяй і стратай «палітычным народам» (шляхтай) ранейшых арыенціраў «агульнага дабра», верацярпімасці і вяршэнства закона, якія пашыраліся на хвалі Рэнесансу і Рэфармацыі стагоддзем раней. Заняпад хрысціянскай маралі праявіўся і ў тым, што многія землеўласнікі, страціўшы спагаду да сваіх падданых, узмацнілі прыгнёт. Частка прыгонных бегла на поўдзень і далучалася да казацкай вольніцы...
Магчыма, з прычыны складанасці гэтага перыяду ў нашай літаратуры існуе не так ужо і шмат мастацкіх твораў пра герояў XVII ст. Тым большую каштоўнасць мае «Беларускі палкоўнік».
У цэнтры першай часткі рамана — асоба магілёўскага шляхціца Канстанціна Паклонскага. Паклонскі — рэальная гістарычная постаць. У віхуры палітычных падзей 1654 г. ён атрымаў ад расійскага цара Аляксея Міхайлавіча званне «беларускага палкоўніка» і права набіраць войска на Магілёўшчыне. Асаблівую цікавасць раману надае якраз вастрыня і пераменлівасць тагачасных палітычных падзей, што дазволіла пісьменніку паказаць розныя рысы характару сваіх герояў.
Героі кнігі — людзі разнастайныя, са сваім розумам, ахвярнасцю і амбіцыямі, грахамі і праведнасцю.
Галоўны герой рамана пазбаўлены кніжнай зададзенасці, якая часам сустракаецца ў беларускай гістарычнай прозе. Дзеянні Паклонскага прадбачыць цяжка. У адной сітуацыі ён рызыкуе сваім жыццём і місіяй, каб абараніць гонар звычайнай магілёўскай гандляркі, а ў іншай — забівае бяззбройнага палоннага, які сказаў яму праўду. «Беларускі палкоўнік» можа доўга прадумваць план узяцця горада ці мястэчка, а можа, пад уплывам асабістых эмоцый, кінуцца з купкай адданых жаўнераў на бессэнсоўны штурм Магілёва.
Цікавы і даволі рэдкі для нашай літаратуры вобраз пратэстанцкага пастара. Магілёўскага евангельскага святара мы бачым у адзін з самых драматычных момантаў, калі яго жыццю пагражае небяспека. Ва ўсіх бедах, якія абрынуліся на магілёўскіх пратэстантаў, вінаваты Паклонскі, але, нягледзячы на гэта, пастар да яго ставіцца роўна і нават дорыць уласную Біблію, паказваючы такім чынам, што нельга ніколі ставіць крыж на чалавеку, нават калі ён памыляецца і робіць зло.
Вера пастара і вера Стасі Зяновіч, якую кахае Паклонскі, падобныя і розныя. Пастар, першы раз бачачы Паклонскага, дае яму шанц, нават калі той на кепскай дарозе. Стася ж кажа, што можа змяніць сваё стаўленне да «беларускага палкоўніка» толькі тады, калі ён пакаецца і пачне адкупляць свае грахі.
Вобраз маскоўскага ваяводы Міхайлы Ваейкава, прыстаўленага сачыць за Паклонскім, адразу не выклікае антыпатый ці сімпатый. Аўтар дае магчымасць чытачу самому разабрацца ў гэтым чалавеку, убачыць яго моцныя і слабыя бакі, ацаніць учынкі, і, галоўнае, мэту яго з’яўлення ў жыцці Паклонскага.
Яўген Зубовіч падае вельмі канкрэтныя геаграфічныя і храналагічныя каардынаты падзей, тым самым падкрэсліваючы іх гістарычную праўдзівасць. Кніга з’яўляецца своеасаблівай энцыклапедыяй таго часу, вельмі добра паказвае штодзённае жыццё. Аўтар напоўніў твор апісаннямі вопраткі, страў, умацаванняў, зброі і вайсковага рыштунку, тагачасных промыслаў, тавараў і інш. Асаблівы моўны каларыт тэксту надае частае ўжыванне дзядзькам «беларускага палкоўніка» Міхалам Рудніцкім (тут назіраецца тыпалагічнае падабенства з Ануфрыем Заглобам з трылогіі Генрыка Сянкевіча) розных прымавак і жартаў. Аўтар пераносіць чытача то ў сталіцу Багдана Хмяльніцкага Чыгірын, то ў стан Аляксея Міхайлавіча пад Смаленскам, дзе адбываецца сустрэча Паклонскага з царом, то ў сядзібу магілёўскага дзяржаўцы Пятроўскага.
Юрась БАЧЫШЧА, кандыдат гістарычных навук
Мноства пытанняў паўстае перад кожным маладым педагогам.
Усё, што важна ведаць перад сезонам вірусных інфекцый, расказалі спецыялісты.
Хто здолее змяніць гісторыю ці змяніцца пад яе ўплывам?