Вы тут

Сягаючы ў будучыню


Алішэр Наваі, у гонар якога днямі ладзіцца чарговая міжнародная навукова-практычная канферэнцыя ў сталіцы Узбекістана — Ташкенце, — з кагорты паэтаў, што рашуча ламалі сцены непаразумення паміж сацыяльнымі класамі і народамі. Зважаючы на традыцыі гуманізму, а прасцей кажучы — на традыцыі духоўнага цяпла і добрасуседства ў стасунках паміж плямёнамі і сем'ямі, класік узбекскай літаратуры імкнуўся зазірнуць у будучыню. Сваімі творчымі адкрыццямі і сваімі дзеямі (Алішэр Наваі займаў высокія пасады як чыноўнік) паэт, філосаф, асветнік, вялікі мастак слова даводзіў да людзей уласнае памкненне зрабіць святло і дабрыню, шчырасць і сумленнасць галоўным грунтам у развіцці чалавецтва.


Алішэр Наваі, творчасць якога сягае да нас з пятнаццатага стагоддзя, і праз многія часіны займае сваё пачэснае месца ў гісторыі ўзбекскай літаратуры, узбекскай культуры і асветніцтва. Яго паэтычныя радкі — а лік іх ідзе на дзясяткі тысяч — і зараз хвалююць паэтаў, перакладчыкаў. Творчасць Алішэра Наваі пастаянна вывучаецца. Мастакі слова не толькі ў краінах Усходу, але і ва ўсім свеце разглядаюць паэзію легендарнага Наваі як крыніцу, як школу творчага мыслення.

Нездарма вершы, рубаі і газелі, паэмы Алішэра Наваі гучаць на дзясятках моў народаў свету. Вялікі паэт Усходу стаіць упоравень з Купалам, Коласам, Максімам Багдановічам. Спрычыніліся як перакладчыкі да паэзіі легендарнага творцы многія сучасныя беларускія літаратары. Сёння мы прапануем увазе чытача слова Алішэра Наваі ў перакладах Казіміра Камейшы. А яшчэ раней пераўвасобіў паэзію ўзбекскага шахіра Васіль Жуковіч: кніга А. Наваі «Лірыка» пабачыла свет у выдавецтве «Мастацкая літаратура» ў 1993 годзе. Сярод перакладчыкаў Алішэра Наваі — і выдатны беларускі паэт Яўген Міклашэўскі.

Праз некаторы час у Ташкенце, іншых гарадах гэтай цэнтральнаазіяцкай краіны пройдуць Дні Беларусі ва Узбекістане. Несумненна, адгукнуцца на гэтую падзею і пісьменнікі. Паэтам, празаікам ёсць што ўспомніць, прыгадаць. У Беларусі і Узбекістана за XX стагоддзе склаліся добрыя творчыя адносіны. Яшчэ ў 1930-я гады ўзбекскі чытач адкрыў для сябе Янку Купалу. У час Вялікай Айчыннай вайны ў Ташкенце жыў Якуб Колас, які многія свае вершаваныя творы прысвяціў узбекскаму народу. З Беларуссю цесна звязана славутая ўзбекская паэтэса Зульфія. Прыкладаў літаратурнай дружбы можна згадаць даволі шмат. І сённяшняя публікацыя перакладаў з паэзіі Алішэра Наваі — яшчэ адзін радок у гэтай магутнай рацэ творчага сяброўства.

Мікола Раўнапольскі

АЛІШЭР НАВАІ

ГАЗЕЛІ

* * *

Аздобіш ты свой убор чырвоным, жоўтым,

зялёным —

І полымя спаліць мяне —

чырвоным, жоўтым, зялёным!

У пустцы кахання майго хай светла зардзее

твой твар

І тут жа аслепіць прастор — чырвоным, жоўтым,

зялёным.

У садзе тваёй красы і сам я душой расквітнею,

І вытчацца дзіўны узор — чырвоным, жоўтым,

зялёным.

У марах маіх пра цябе яснее, мілее твой твар,

І мне засцілае пагляд — чырвоным, жоўтым,

зялёным.

Рубінавае віно гарыць вінаграднаю гронкай,

Зялёная гронка гарыць — чырвоным, жоўтым,

зялёным.

Дзе беднасць — стракатасці шмат,

і кожны бядак свой халат

Спрабуе ўпрыгожыць даўно —

чырвоным, жоўтым, зялёным.

Навошта табе, Наваі, кілім упрыгожваць так ярка:

То ж вершы твае стракацяць —

чырвоным, жоўтым, зялёным!

* * *

Салаўя пазбаўце ружы — ён не запяе;

Не дагодзіш папугаю — той здзіўляць перастае.

Я адрынуты табою. Болем паліць

кожны ўздых.

Уздыхаю і баюся: мне паветра не стае.

Што не плачуць мае вочы, ты не папракай мяне:

Даўні жаль, што цісне сэрца,

слёз на гэта не дае.

Дзень і ноч малю алаха, каб пачуў мяне.

Хай усё бярэ, што хоча. Вусны хай аддасць твае.

Німбам над тваёй усмешкай ноччу

ўспыхваў матылёк.

Знік ён, воск майго нявер'я паступова адтае.

Наваі ў расстанні нашым птахам безгалосым быў.

Не карай раба маўчаннем, бо душа пяе!

РУБАІ

* * *

Сто мукаў сэрцу кінула расстанне,

Душу разбіла, як страла, расстанне.

Спаліла сэрца мне датла расстанне,

І попел ветрам замяло расстанне.

* * *

Калі, парваўшы путы, я вырваўся з пакут,

Я думаў: мой спакой і воля тут.

Ды пакахаў цябе — зноў трапіў у хамут.

Так звер — рване аркан, а — шыю сцісне жгут.

* * *

Хто йдзе з народам — сапраўды хадок.

Ідзі з людзьмі і праўдай крок у крок.

Як шчыра папракнуць — прымі папрок.

А хваліць хлус — каб з тропу збіць знарок.

* * *

Чытаю ліст твой за радком радок,

Я вывучыў яго ўжо назубок.

Я ў мора слёз адразу з ім паплыў,

Нібы апалы у ваду лісток.

Пераклад Казіміра Камейшы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».