Вы тут

Што будзе з курсам і стаўкай рэфінансавання?


У Нацбанку зрабілі справаздачу аб выніках рэалізацыі грашова-крэдытнай палітыкі.

Рэальны курс беларускага рубля наблізіўся да раўнаважных значэнняў у другім квартале. Такая інфармацыя змяшчаецца ў дакладзе намесніка старшыні праўлення Нацыянальнага банка Сяргея Калечыца для пашыранага пасяджэння праўлення, дзе падводзіліся вынікі рэалізацыі грашова-крэдытнай палітыкі за першае паўгоддзе. Акрамя таго, у дакладзе адзначана, што ў перспектыве стаўка рэфінансавання можа быць зніжана да канца 2019 года да 9-9,5 % гадавых.


Застанецца ў раўнавазе

У дакладзе адзначана, што набліжэнне рэальнага курса рубля да сваіх раўнаважных значэнняў станоўча ўплывае на інфляцыйныя працэсы. Гэта знізіла ціск з боку коштаў на імпартаваныя тавары. З іншага боку, такая дынаміка намінальнага абменнага курса будзе спрыяць павышэнню знешняй устойлівасці эканомікі.

Чакаецца, што ў другой палове 2018 года рэальны курс беларускага рубля працягне знаходзіцца блізка ад свайго раўнаважнага ўзроўню. Улічваючы перавагі плаваючага абменнага курса, Нацыянальны банк мае намер захаваць існуючыя падыходы да рэалізацыі курсавой палітыкі.

Даларызацыя прыносіць краіне страты ў 2-3 % ВУП

У дакладзе таксама сказана, што агульны разліковы памер страт краіны ад даларызацыі ў суме можна ацаніць прыкладна ў 2-3 % ВУП штогод. Страты краіны ад гэтага працэсу сканцэнтраваны перш за ўсё ў галіне курсавых і інфляцыйных рызык.

З улікам значных сум запазычанасці па валютных крэдытах беларускія прадпрыемствы і бюджэт могуць несці значныя фінансавыя страты. Пры зніжэнні курса беларускага рубля да долара на 1 % страты прадпрыемстваў ад пераацэнкі валютнай крэдытнай запазычанасці беларускім банкам складуць BYN230 млн, страты бюджэту ад пераацэнкі знешняга доўгу — BYN330 млн. Даларызацыя ўплывае і на тэмп інфляцыі, паколькі замежная валюта ўдзельнічае ў працэсе абароту.

Стаўка рэфінансавання ў 9 % да 2019 года?

У прагназаваных макраэканамічных умовах ацэньваецца, што стаўка рэфінансавання можа быць зніжана да канца 2019 года да 9-9,5 % гадавых. Зараз ва ўрадзе і Нацбанку ідзе актыўная работа над прагнозам развіцця эканомікі і грашова-крэдытнай сферы ў 2019 годзе.

Асноўнай мэтай грашова-крэдытнай палітыкі ў наступным годзе стане абмежаванне інфляцыі, вымеранай індэксам спажывецкіх цэн, у межах 5 % (снежань 2019 года да снежня 2018-га). Нацыянальны банк працягне выкарыстоўваць існуючую манетарную палітыку. Важнай задачай застаецца нарошчванне золатавалютных рэзерваў краіны да ўзроўню не меншага за 7,1 млрд долараў.

Крэдытны бум яшчэ не спаў

Паводле статыстыкі, якую напярэдадні апублікаваў Нацбанк, па стане на 1 ліпеня запазычанасць фізічных асоб перад банкамі краіны па пазыковых сродках склала 10 мільярдаў 162,5 мільёна рублёў. Для параўнання: год таму гэты паказчык быў на ўзроўні 7 мільярдаў 694,5 мільёна. За чэрвень сума набраных крэдытаў павялічылася на 172,5 мільёна рублёў.

Пры гэтым тэрміновыя рублёвыя ўклады насельніцтва ў першым паўгоддзі выраслі на 12,3 %. Паводле інфармацыі, якая змяшчаецца ў дакладзе Сяргея Калечыца, да канца гэтага года Нацыянальны банк будзе імкнуцца захаваць нейтральнасць манетарных умоў, гэта абазначае мінімізацыю магчымых рызык

Доля безадзыўных укладаў у агульным аб'ёме ўкладаў насельніцтва ў нацыянальнай валюце павялічылася з 52,4 % у снежні 2017 года да 68,8 % у чэрвені 2018 года. Доля доўгатэрміновых укладаў у агульным аб'ёме безадзыўных укладаў насельніцтва вырасла нязначна: з 67,8 % у снежні 2017 года да 67,9 % у чэрвені сёлета.

Крэдытаванне па новых правілах

Банкі краіны не змогуць у аднабаковым парадку павялічваць працэнты па крэдытах. Пра гэта сказана ў законе «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Банкаўскі кодэкс», які афіцыйна апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

У законе замацоўваюцца два падыходы да вызначэння памеру платы за карыстанне крэдытам: у абсалютным лічбавым выражэнні (фіксаваная гадавая працэнтная стаўка) і зыходзячы з разліковай велічыні, прывязанай да базавага паказчыка (зменная гадавая працэнтная стаўка).

Пры гэтым крэдытадавальнік не мае права ў аднабаковым парадку павялічыць памер працэнтаў за карыстанне крэдытам. Умовы крэдытнага дагавора, якія дазваляюць гэта зрабіць, лічацца нікчэмнымі, паколькі абмяжоўваюць правы крэдытаатрымальнікаў.

Акрамя таго, у жыхароў краіны з'явілася магчымасць датэрмінова поўнасцю або часткова пагашаць спажывецкія крэдыты з выплатай працэнтаў за тэрмін карыстання крэдытам без апавяшчэння банка. Пры гэтым спагнанне няўстойкі, штрафу, пені і іншых штрафных санкцый за датэрміновае вяртанне не дапускаецца.

Банкі таксама абавязалі бясплатна даваць пісьмовую інфармацыю аб кошце дадатковых платных паслуг. З фізічных асоб не павінна спаганяцца плата за інфармацыю пра ўмовы крэдытавання і разгляд заявы аб атрыманні крэдыту і іншых дакументаў, неабходных для гэтага, за адкрыццё банкаўскага рахунку і залічэнне на яго сум крэдыту, калі ўмовамі крэдытнага дагавора прадугледжана адкрыццё рахунку.

Як мінімум адзін з варыянтаў вяртання фізічнай асобай крэдыту з усіх прадугледжаных у крэдытным дагаворы павінен быць бясплатным. Палажэнні, якія датычацца крэдытавання фізічных асоб, уступілі ў сілу пасля 28 ліпеня.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.